СК дагэтуль не распачаў крымінальную справу па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага

115
Аляксандр Тарайкоўскі
Аляксандр Тарайкоўскі

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску дагэтуль не распачала крымінальную справу па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ў час пратэстаў каля станцыі метро «Пушкінская» 10 жніўня, паведамляе «Радыё Свабода»

Следчы камітэт афіцыйна яшчэ праводзіць праверку па факце гібелі Тарайкоўскага і 10 лістапада павінен альбо завесці крымінальную справу, альбо адмовіць у ёй.

Адвакат і прадстаўніца бацькі забітага Альвіна Мінгазава распавяла, што ёй складана весці працу па гэтай справе, паколькі афіцыйна яе не прызналі прадстаўніком правоў і законных інтарэсаў пацярпеўшага. Наогул бацька Тарайкоўскага будзе афіцыйна лічыцца пацярпеўшым толькі ў выпадку пачатку крымінальнай вытворчасці.

Паводле слоў Мінгазавай, 6 кастрычніка яны накіравалі ў Следчы камітэт заяву ад бацькі Тарайкоўскага аб завядзенні крымінальнай справы, азнаямленні з судовай медыцынскай экспертызай, далучэнні відэаматэрыялаў. Відэазапісы далучылі, але справу не распачалі, з заключэннем судовай медыцынскай экспертызы блізкіх не азнаёмілі, бо гэта «не прадугледжана крымінальна-працэсуальным кодэксам».

Аднак Мінгазавай удалося правесці ўласнае адвакацкае расследаванне і даведацца пра некаторыя падрабязнасці смерці Тарайкоўскага: «Нам удалося здабыць відэаматэрыялы, якія былі далучаны да справы. Мы знайшлі прамога сведку забойства. Таксама быў зроблены запыт у гарадскую станцыю хуткай медыцынскай дапамогі аб прадастаўленні копіі карты выкліку брыгады хуткай дапамогі і копіі журнала запісу выклікаў. Названыя дакументы прадаставілі бацьку загінуўшага. З іх вынікае характар ранення – кулявое ў грудзі ў вобласць сэрца. Пры гэтым пры аглядзе цела ніякай выхадной адтуліны са спіны сваякі не бачылі».

Альвіна Мінгазава адзначае, што будзе дамагацца аб’ектыўнага і ўсебаковага расследавання смерці Аляксандра і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Следчы камітэт 11 жніўня пачаў праверку па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага і ў яе межах прызначыў судова-медыцынскую экспертызу. Паводле заканадаўства, яна можа трываць цягам трох месяцаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэазапіс, зроблены 10 жніўня 2020 года. На ім знятая смерць у час пратэсту чалавека, якога пазналі як Аляксандра Тарайкоўскага.

На запісе відаць, як ён падае і потым ляжыць без руху, а спецназаўцы ідуць проста на яго. Паводле афіцыйнай версіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.


Няма запісаў для адлюстравання