«Не сорамна перад Азотам?» – за такі плакат супрацоўнік Мазырскага НПЗ атрымаў штраф у 405 рублёў

281
Вячаслаў Астанін
Вячаслаў Астанін. Фота https://t.me/belsat/27609

Суддзя Мазырскага раённага суда Аляксандр Град 5 лістапада на падставе пратакола міліцыі аштрафаваў аператара адной з установак нафтаперапрацоўчага завода Вячаслава Астаніна на 405 рублёў. Вячаслаў прызнаны вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства – паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

Аператар адным з першых на НПЗ вырашыў выказаць сваё стаўленне да падзей у Беларусі пасля фальсіфікацыі выбараў і гвалту міліцыі супраць мірных дэманстрантаў.

29 кастрычніка Астанін выйшаў да прахадной прадпрыемства з плакатам «Не сорамна перад Азотам?». Вячаслава забралі ў Мазырскі РАУС, трымалі каля пяці гадзін, апыталі і абавязалі з’явіцца ў аддзел а 18-й гадзіне.

У прызначаны час Вячаслаў прыйшоў у міліцыю з цёплымі рэчамі, ежай ды сродкамі гігіены – падрыхтаваўся да арышту. Аднак мужчыну выдалі копію адміністрацыйнага пратакола з прычыны ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, узялі адбіткі пальцаў і адпусцілі. А сёння пакаралі адносна невялікім адміністрацыйным штрафам. Відаць, таму, што Астанін дужа патрэбны на вытворчасці спецыяліст.

На судзе Астанін адрынуў некаторыя абвінавачванні, якія ўказаў у пратаколе старшы лейтэнант міліцыі Вітчанка. У прыватнасці, наконт заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў.

«Тэкст на плакаце не ўтрымлівае заклікаў да страйкаў і не мае дачынення да выбараў. Я выказаў салідарнасць з працаўнікамі  “Гродна Азоту”, якія выйшлі на акцыю каля свайго прадпрыемства, але іх пад дуламі аўтаматаў заганялі на працу. Фармулёўкі ў міліцэйскім пратаколе надуманыя і не адпавядаюць рэчаіснасці, паколькі адлюстроўваюць меркаванне самога старшага лейтэнанта Вітчанкі», – сказаў нафтаперапрацоўшчык.

Вячаслаў, адзначаюць мазырскія праваабаронцы, часткова пагадзіўся, што праз плакат ён выразіў і грамадска-палітычны настрой у дачыненні да выбараў, бо лічыць 80% падтрымкі дзеючага кіраўніка дзяржавы падманам, які гвалтам спрабуюць навязаць грамадзянам сілавыя структуры. Людзі на пратэстных акцыях выражаюць сваё меркаванне як наконт выбараў, так і адносна катастрафічнай эканамічнай сітуацыі ў краіне.

«Гэта і маё меркаванне, і мяне судзяць за выражэнне майго меркавання і настрою», – адзначыў Астанін.

Прыклад аператара Астаніна 30 кастрычніка падхапілі яшчэ пяцёра нафтаперапрацоўшчыкаў. Але і іх абвінавацілі ва ўдзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве. Двое працаўнікоў завода на днях пакараны штрафамі, трое – адміністрацыйнымі арыштамі.


Няма запісаў для адлюстравання