Чацвёртага лістапада ў Мінску затрымалі больш за 10 музыкантаў

80
Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт на «плошчы Пераменаў»
Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт на «плошчы Пераменаў»

Увечары 4 лістапада ў Мінску затрымалі больш за 10 музыкантаў, паведамляе “Радыё Свабода” са спасылкай на незарэгістраваны праваабарончы цэнтр “Вясна”. Сярод затрыманых калектыў барабаншчыкаў “Патрабуем разысціся”, які даваў дваровыя канцэрты ў розных раёнах Мінска.​

Адначасова ў розных раёнах сталіцы затрымалі яшчэ некалькі музыкантаў, якія давалі дваровыя канцэрты.

Вядома, што сярод затрыманых Антон Карыцкі, Алена Панамарова, Максім Корзун, Аляксандр Гадоўнікаў, М.А. Галянтава, А.В. Бержнікаў, Ціматэ Суладзэ, Іван Мінчанка, Іван Кабашнікаў. Мікіту Камянецкага сілавікі выцягнулі з таксі, калі той з’язджаў з двара ў Малінаўцы, дзе граў канцэрт. Музыканта павезлі ў Маскоўскае РУУС.

Масавыя затрыманні музыкантаў пачаліся ў пачатку лістапада.

Вечарам 3 лістапада каля ГЦ “Рыга” пасля вулічнага канцэрта затрымалі бас-гітарыста соўл-гурта Dee Tree Філіпа Петчанку, гітарыста фолк-гурта Vuraj Івана Арцімовіча, музыканта фолк-гурта Irdorath Андрэя Аляксеенку, а таксама літаратараў Сяргея Мядзведзева і Аляксандра Беліка. Як стала вядома БелаПАН, разам з імі затрымалі двух мясцовых жыхароў. Адміністрацыйныя справы паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) у дачыненні да чатырох з іх разглядаліся ў адным з мінскіх судоў 4 лістапада. Усе пратаколы накіравалі ў міліцыю на дапрацоўку, затрыманыя застаюцца пад вартай.

4 лістапада сілавікі на працоўным месцы затрымалі артыстаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі харавога спевака Дзяніса Іванова і віяланчэліста Аляксандра Сердзюкова.

2 лістапада познім вечарам невядомыя затрымалі выкладчыцу Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Таццяну Галузу. Дырыжора Галіну Казіміроўскую схапілі 29 кастрычніка, пасля трох дзён на Акрэсціна яе аштрафавалі на 810 рублёў.


Няма запісаў для адлюстравання