Новыя “пасадкі” за акцыю пратэсту на Мазырскім НПЗ

224
Мазырскі НПЗ. Пікет
Мазырскі НПЗ. Пікет

Чацвёртага лістапада ў Мазырскім раённым судзе разгледзелі яшчэ дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні да супрацоўнікаў нафтаперапрацоўчага завода, якія раніцай 30 кастрычніка зладзілі пікет супраць гвалту і беззаконня.

Суддзя Кніжанок-Максімава пакарала інжынера-праграміста Дзмітрыя Каменскага 5 суткамі адміністрацыйнага арышту, а суддзя Мішчанка адправіла за краты на 7 сутак начальніка аддзела дыспетчарскай службы Рэната Надршына. Абодвух спецыялістаў на падставе міліцэйскіх пратаколаў суддзі прызналі вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства – паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП.

Напярэдадні суддзя Аляксандр Град аштрафаваў на 810 рублёў намесніка начальніка ўстаноўкі Канстанціна Янкіна.

Такім чынам, усе пяцёра ўдзельнікаў пятнічнага пікета супраць гвалту, які быў зладжаны да пачатку працоўнай змены каля галоўнай прахадной НПЗ, пабывалі за кратамі і асуджаны раённым судом.

Нагадаем, што тэхніка ўліку цэха № 12 Таццяну Казловіч суддзя Ярмоленка аштрафавала ў мінулы панядзелак на 810 рублёў, а эканамісту аддзела сацыяльнага развіцця завода Мікалаю Жлобу прысудзіла 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Да таго ж Мікалай ужо звольнены з працы.

Прадстаўнік мазырскага філіяла незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Целяпун зазначае, што ўсе пяць судовых працэсаў, якія адбыліся апошнімі днямі над спецыялістамі нафтаперапрацоўчага завода, выглядаюць загадзя ўзгодненым рытуалам.

“Ні міліцыя, ні суды асабліва не ўнікаюць у юрыдычныя аспекты спраў. Міліцыянеры пішуць у пратаколе, што чалавек выказваў сваё стаўленне да вынікаў выбараў, а ён стаяў з плакатам “Супраць гвалту”. Гэта як мінімум нагода накіраваць справу на дапрацоўку, але суддзя выносіць штраф. Разбіральніцтвы не адлюстроўвалі рэчаіснасці, і гэта паказвае, што законы ў краіне перастаюць дзейнічаць”, – кажа праваабаронца Целяпун.


Няма запісаў для адлюстравання