Музыка пратэсту гучыць у нашых сэрцах: Ціханоўская звярнулася да культурнай супольнасці Беларусі

329
Светлана Тихановская
Светлана Тихановская

Святлана Ціханоўская, прэтэндэнт на пост прэзідэнта Беларусі, звярнулася да артыстаў, паэтаў, музыкантаў і мастакоў, якія падтрымліваюць мірны пратэст у нашай краіне.

“Гэта вельмі важна, што супрацоўнікі дзяржаўных культурных устаноў далучаюцца да мірнага пратэсту, што мастакі, музыканты, акцёры і прадстаўнікі бізнесу – музычныя крамы, кнігарні, канцэртныя агенцтвы, школы музыкі і танцаў – падтрымалі тых, хто выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю. <…> Доўгі час культурнае жыццё ў Беларусі падзялялася на “дзяржаўнае” і “незалежнае”, гэтыя бакі не сустракаліся і былі апазіцыяй адзін да аднаго. Цяпер мы – адзіны народ, які шануе сваіх герояў”, – адзначыла Ціханоўская.

Нашы героі – гэта рэжысёры, артысты, музыканты Вялікага тэатра оперы і балета, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Новага драматычнага тэатра, Сучаснага мастацкага тэатра, Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, усе вулічныя артысты і музыканты, якія штодзень выступаюць у дварах з канцэртамі салідарнасці. Яны неверагодна натхняюць беларусаў у час перамен.

“Увогуле лепшае, што зараз можа зрабіць дзяяч культуры, – гэта ўвекавечыць у спектаклях, песнях, карцінах і кліпах тое, што адбываецца на нашай Радзіме”, – заявіла Святлана Ціханоўская і падкрэсліла: кожны дзень рэжым выкрадае людзей, якія проста граюць музыку і спяваюць, каб падтрымаць беларусаў, але гэтую музыку не заглушыш – яна гучыць у нашых сэрцах.

“У мірнага пратэсту ёсць гімны – гэта песні, якія вы выконваеце. У мірнага пратэсту ёсць сімвалы – гэта вулічнае мастацтва, плакаты і муралы, якія вы ствараеце. І галоўнае: у мірнага пратэсту ёсць мэта – пабудаваць новую Беларусь, дзе ёсць свабода творчасці, свабода слова і свабода чалавека”, – рэзюміравала свой зварот Святлана Ціханоўская.


Няма запісаў для адлюстравання