Ізраільцяне паскардзіліся свайму прэм’еру, што Ізраіль ігнараваў гвалт супраць сваіх грамадзян у Беларусі

290
Пратэст у Ізраілі супраць рэпрэсій у Беларусі
Пратэст у Ізраілі супраць рэпрэсій у Беларусі

Члены супольнасці «Беларусы ў Ізраілі» звярнуліся да прэмʼер-міністра Біньяміна Нетаньяху. Яны нагадалі свайму прэмʼеру, што рэпрэсіі супраць мірных людзей закранулі ў тым ліку некалькіх грамадзян Ізраіля, а таксама прадстаўнікоў яўрэйскай грамады ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

«Грамадзяне Ізраіля Аляксандр Фруман, Арцём Пронін, Арцём Барысевіч, Ганна Сіроціна, госці ў Мінску, былі затрыманыя міліцыяй, збітыя і правялі некалькі дзён у СІЗА ў нечалавечых умовах. Ізраільскае пасольства ў Мінску не толькі не адразу адгукнулася на іх зварот аб дапамозе, але дагэтуль замоўчвае гэтыя выпадкі, гэтак жа, як і МЗС Ізраіля. Гэта абуральнае ўхіленне МЗС Ізраіля ад найважнейшай яго функцыі – абараняць сваіх грамадзян за мяжой», – гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту нагадваюць, што 21 кастрычніка ў Слуцку былі зняволены і аштрафаваны сем чалавек, якія ўскладалі кветкі да помніка яўрэям, што загінулі ў гета ў часы Халакосту: «Пасольства Ізраіля ў Мінску праігнаравала і гэты абуральны факт!»

16 жніўня ініцыятыўная група супольнасці «Беларусы ў Ізраілі» падала петыцыю ў МЗС Ізраіля з патрабаваннем прызнаць афіцыйныя вынікі выбараў у Беларусі несапраўднымі і асудзіць гвалт супраць мірных грамадзян у краіне. У Ізраілі пражывае каля 120000 выхадцаў з Беларусі, петыцыю падпісалі 5000 з іх. Адказу з Міністэрства замежных спраў група не атрымала.

Аўтары петыцыі прызнаюць, што прэмʼер Нетаньяху шмат робіць для падтрымання іміджу Ізраіля «як адзінай дэмакратыі на Блізкім Усходзе», нагадваюць, як шмат выхадцаў з Ізраіля зрабілі ўклад у станаўленне і развіццё дзяржавы Ізраіль, і заклікаюць Біньяміна Нетаньяху выступіць «супраць гвалту ў Беларусі і падтрымаць лідараў народнага пратэсту на чале са Святланай Ціханоўскай».

Зварот падпісалі ініцыятыўная група супольнасці «Беларусы ў Ізраілі», а таксама грамадскія дзеячы, прадстаўнікі навукі, культуры і спорту – выхадцы з Беларусі, усяго 39 чалавек.


Няма запісаў для адлюстравання