З кім вы, таварыш Кавальчук?

1784
Сергей Ковальчук
Сергей Ковальчук

Міністэрства спорту і турызму працягвае рэпрэсаваць спартсменаў за іх погляды і выказванні, не зважаючы ні на тытулы, ні на званні.

Пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі славутага трэнера фрыстайлістаў Мікалая Казеку. Звольнілі з нацыянальнай каманды “за прагулы” чэмпіёнку свету Аляксандру Раманоўскую. Камандзіравалі ў вайсковую часць сярэбранага прызёра Алімпіяды Андрэя Краўчанку, і той вымушаны быў адмовіцца ад такой прапановы.

Днямі стала вядома, што дзюдаісты Дзмітрый Шэршань і Аляксандр Вахавяк, якія дасягнулі вялікіх поспехаў на міжнароднай арэне, таксама адлічаны са зборнай і “па настойлівай рэкамендацыі Мінспорту” звольнены з месца праходжання службы.

Дзмітрый Шэршань двойчы станавіўся прызёрам чэмпіянатаў Еўропы, у 2016 годзе прадстаўляў Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Рыа. Аляксандр Вахавяк – прызёр Кубка Еўропы і шэрагу турніраў серыі Гран-пры.

Абодва рыхтаваліся да Алімпійскіх гульняў у Токіа, але “няправільная палітычная арыентацыя”, відаць, перакрэсліла гэтыя планы.

Зрэшты, іншага і чакаць было не варта ад ведамства, якое ўзначальвае не шматразовы алімпійскі чэмпіён ці хаця б вядомы ў спартыўных колах чалавек, а былы супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта Сяргей Кавальчук. Чалавек, які прызвычаіўся найперш выконваць і аддаваць каманды, а ўжо затым думаць пра тое, якія з-за гэтага будуць наступствы і для твайго ведамства, і для беларускага спорту ў цэлым.

Сёння для гэтых чыноўнікаў вальнадумства спартсменаў куды больш небяспечнае, чым адлуп начальства за недабор медалёў. Але ж і начальства з той жа оперы – Нацыянальным алімпійскім камітэтам, як вядома, кіруе Аляксандр Лукашэнка.

Таму ўсіх, хто адкрыта выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, хто выступіў супраць беззаконня, фальсіфікацый і гвалту, вырашылі, як кажа адзін дзеяч, “загнаць пад плінтус”.

Тытулаваная баскетбалістка Алена Леўчанка, якая адсядзела 15 сутак за ўдзел у мірным маршы, распавядала жахі, якія ёй давялося перажыць у ізалятары. І ўчынілі гэтыя жахі для спартсменкі і ўсіх тых, хто быў разам з ёй у камеры, відаць, спецыяльна, каб паказаць, што для іх няма аўтарытэтаў.

“Забралі матрацы, адключылі гарачую ваду, каналізацыю і падсялілі двух чалавек – у камеры на чатырох чалавек нас стала пяцёра, – распавядала Алена. – Не разумелі, як спаць. Сцялілі газеты і вопратку. Я, як самая высокая, спала на лаўцы, нехта – на стале. Хтосьці ўдвух – было вельмі холадна, батарэі не грэлі”.

Той самы міністр Сяргей Кавальчук, які любіць паганяць шары ў більярд, павінен быў першым бегчы з кіем на Акрэсціна і вызваляць спартсменку, якая столькі зрабіла для беларускага спорту і краіны, што некаторым і не снілася (і наўрад ці яны за ўсё жыццё зробяць дзясятую частку таго, што ўжо зрабіла Лена).

Спартыўны міністр павінен быў на ўсіх судовых працэсах абараняць сваіх спартсменаў, стаяць за іх гарой, бо гэта – яго падначаленыя.

Адзін былы кіраўнік галоўнага спартыўнага ведамства краіны неяк шчыра мне прызнаўся, што ўсе спартсмены для яго – як дзеці. У кожнага свой характар, але ўсіх ён быў гатовы выслухаць, зразумець і па магчымасці дапамагчы.

Сёння гэтых самых спартсменаў, злычынства якіх заключаецца толькі ў тым, што яны выступаюць за справядлівасць, не толькі не ратуюць, але і тым самым кіем яшчэ адштурхоўваюць ад берага.

“Вас дзяржава ўсім забяспечавала, грошы плаціла, – прыводзяць аргументы спартыўныя чыноўнікі. – За гэта трэба было маўчаць і не лезці ў СМІ са сваёй пазіцыяй”.

Як быццам гэтыя самыя грошы Кавальчук са сваёй кішэні даставаў і плаціў той жа Сашы Раманоўскай ці Андрэю Краўчанку. Міністэрства спорту – бюджэтная арганізацыя, якая ўтрымліваецца на грошы падаткаплацельшчыкаў. У тым ліку і на грошы тых беларусаў, хто пратэстуе супраць сфальсіфікаваных выбараў. І спартсмены, якія атрымліваць заробкі, маюць іх не за прыгожыя вочкі, а за сваю працу і вынікі.

Зрэшты, сёння час такі, што кожны робіць свой выбар і кожны сам адказвае перад уласным сумленнем.

Ёсць педагогі, якія гарой стаяць за сваіх вучняў, а ёсць настаўнікі, якія выклікаюць на тых самых вучныў АМАП.

Ёсць выкладчыкі, якія да апошняга абараняюць сваіх студэнтаў, але маюцца і такія, хто паказвае ім непрыстойныя жэсты.

Ёсць трэнеры, якія ніколі не здрадзяць сваім выхаванцам, а ёсць міністр, для якіх падначаленыя з “няправільнай” пазіцыяй – адпрацаваны матэрыял. Але ўпэўнены, што і для многіх спартсменаў такі міністр – проста пыл. Заўтра ніхто і не ўспомніць, што ён быў.

Публікацыя з 87 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання