Віталь РЫМАШЭЎСКІ: “Дапамагаем Паўлу і яго сям’і чым можам….”

621
Павел Севярынец
Фото: spektr.by

Павел СЕВЯРЫНЕЦ – вядомы актывіст хрысціянска-дэмакратычнага руху ў Беларусі. Вось ужо каля пяці месяцаў ён знаходзіцца за кратамі.

“Народная Воля” пацікавілася ў аднаго з яго аднадумцаў Віталя РЫМАШЭЎСКАГА, як сябры Паўла па стварэнні партыі БХД падтрымліваюць яго ў гэты надзвычай цяжкі час.

— Скажыце, якія сувязі ў вас зараз існуюць з палітзняволеным?

Усе сувязі — праз адваката і сям’ю. Тое, што Павел піша жонцы, яна затым перадае нам. Бо, напрыклад, мае лісты да яго не даходзяць, і ад яго таксама няма карэспандэнцый. Калі ў лісце маецца нейкая інфармацыя, якая тычыцца нашых партыйных спраў, тояго цэнзура не прапускае.

Але мы дапамагаем Паўлу чым можам. Сярод еўрадэпутатаў знайшлі апякуна Севярынца, таму пытанне яго вызвалення, а таксама вызвалення астатніх беларускіх палітвязняў, і ў Еўрапарламенце, і сярод заходніх палітыкаў пастаянна на слыху. Еўрадэпутаты запісваюць відэазвароты ў падтрымку беларускіх палітвязняў, гэта таксама дае плён. Трэба разумець, што сёння самы вялікі эфект па вызваленні палітвязняў дае міжнародны ціск. Той жа Віталь Шкляраў адразу ж выйшаў на волю пасля таго, як у справу ўмяшалася вышэйшай кіраўніцтва ЗША.

Рабілі ўсё магчымае і дзеля таго, каб Павел Севярынец быў лаўрэатам на прэмію Сахарава, але, на жаль, у качатковым спісе яго не аказалася. Старая беларуская апазіцыйная супольнасць, відаць, успомніла нейкія былыя спрэчкі і сваркі.

Але, паўтаруся, на міжнародным узроўні праводзім шмат работы ў плане вызвалення Паўла Севярынца і не толькі яго. Увогуле, з БХД сёння за кратамі знаходзяцца два чалавекі — Павел і Таццяна Канеўская. Мы, безумоўна, турбуемся іх лёсам, вырашаем пытанні з юрыдычнай падтрымкай і і ўсё астатняе. Гэта ўсё вісіць на нас. Калі знаходзім сродкі, то пэўныя выдаткі кампенсуем.

А вы асабіста колькі лістоў накіравалі ў падтрымку Паўла?

— Сябры БХД рэгулярна дасылаюць Паўлу паштоўкі, мы па ўнутранай камунікацыі заклікаем актывістаў гэта рабіць. Праўда, адказы прыходзіць адзінкам.

Што датычыцца асабіста мяне, то некалькі лістоў даслаў, але праз адваката Паўла даведаўся, што яны не дайшлі. Які сэнс у такім выпадку пісаць, калі карэспандэнцыя не даходзіць? Нейкія працоўныя моманты мы вырашаем з Севярынцам праз адваката.

— У апошнія месяцы не было чуваць, каб актывісты БХД арганізоўвалі пікеты з патрабаваннямі да ўладаў вызваліць Севярынца з-за кратаў…

Нашы актывісты і так удзельнічаюць ва ўсіх акцыях пратэсту, якія праходзяць і ў Мінску, і ў рэгіёнах, таму не бачу вялікай неабходнасці, каб падаваць заяўкі на новыя пікеты. Тым больш, што зараз пікеты і маршы ніхто не замаўляе.

Навошта прасіць дазвол на правядзенне нейкай асобнай акцыі? На ўсіх маршах, у якіх мы прымаем удзел, гучаць патрабаванні вызвалення палітвязняў. У тым ліку, і Паўла Севярынца.

А чаму за ўвесь час, калі Павел знаходзіцца ў ізалятары, не было праведзена ніводнага мітынга? Скажам, дазвол уладаў для таго, каб ён адбыўся на плошчы Багалор, можна было б атрымаць…

Паўтаруся, у сёняшніх варунках асобная акцыя на плошчы Бангалор з дазвола ці без даволу будзе выглядаць, мякка кажучы, дзіўна. Мне здаецца, што пасля выбараў не было ў Мінску ніводнай ініцыятывы, каб нехта звяртаўся ў Мінгарвыканкам па дазвол на правядзенне акцыі. У тым ліку, і таму, што няма ніякага сэнсу ў такіх зваротах.

Мы неяк звярталіся да гарадскіх уладаў з ініцыятвай правесці вялікі мітынг у дазволеных месцах, але забаранілі. А зараз улады дзейнічаюць яшчэ больш жорстка. Таму, натуральна, ніхто нам мітынг не дазволіць.

— Можа быць, ёсць нейкі план супольных дзеянняў па вызваленні Севярынца з іншымі дэмакратычнымі партыямі Беларусі?

— Беларуская хрысціянская дэмакратыя падтрымлівае і ўваходзіць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сіл, таму што зараз — час яднання.

Таму, калі мы кажам пра вызваленне Паўла, то гэта гучыць у кантэксце той працы, якая ідзе па вызваленні ўсіх палітычных зняволеных. Кампанія вызвалення палітвязняў ідзе агулам, а не па канкрэтных асобах, хаця Павел Севярынец — адзін з лідараў дэмакратычных сіл. Мы апякуемся нашымі паплечнікамі асабліва, але ў той жа момант не падзяляем тых, хто знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах на сваіх і чужых.

— А якую падтрымку мае сям’я Паўла ад яго паплечнікаў па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”?

Збіраем для сям’і тое, што можам. Сродкі, можа быць, і не вельмі вялікія, але, калі ёсць магчымасць, то стараемся падтрымаць і жонку Паўла, і яго сына Францішка.

ТЫМ ЧАСАМ

Мы запыталі і ў Вольгі Севярынец, якую дапамогу сям’аказваюць сябры Паўла па стварэнні партыі БХД.

“Так, ёсць пэўная падтрымка ёсць ад паплечнікаў мужа, — кажа Вольга. — Наколькі гэта магчыма, сродкамі дапамагаюць, падымаюць пытанне аб вызваленні Паўла на міжнародным узроўні. Гэта, магчыма, яшчэ больш важная дапамога, чым грошы. Таму сам-насам са сваімі праблемамі мы не засталіся”.

Публікацыя з 87 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання