Сілавікі палююць на дырыжораў. Затрыманая яшчэ адна – Таццяна Галуза

212
Таццяну Галузу затрымалі ў Бараўлянах
Таццяну Галузу затрымалі ў Бараўлянах

Затрыманая Таццяна Галуза, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, паведамляе “Наша Ніва”. Яна харавы дырыжор, вучаніца прафесара Роўды. 

Затрыманне адбылося 3 лістапада каля 23.40 у аг. Лясны, Бараўлянскі сельсавет, каля магазіна “Гіпа” на вул. Аляксандрава. У момант затрымання Таццяна была з мужам. Мужа не ўзялі.

Супрацоўнікі ў цывільным даставілі яе ў Бараўлянскі аддзел міліцыі. Праз паўгадзіны да аддзела прыехаў бус з АМАПам і павёз Таццяну ў невядомым напрамку. На пытанне мужа “Куды вязеце?” не сказалі нічога, зачыніўшы дзверы.

Таццяна – маці дваіх непаўналетніх дзяцей (7 і 11 год).

Раней была затрыманая іншая дырыжор – Галіна Казіміроўская.

Дырыжор Галіна Казіміроўская была затрыманая перад выхаднымі і правяла час да суда пад вартай. Праваабаронцы заўважылі, што так сілавікі часта абыходзяцца з жанчынамі, у якіх непаўналетнія дзеці. Суддзі не маюць права даваць ім "суткі"
Дырыжор Галіна Казіміроўская была затрыманая перад выхаднымі і правяла час да суда пад вартай. Праваабаронцы заўважылі, што так сілавікі часта абыходзяцца з жанчынамі, у якіх непаўналетнія дзеці. Суддзі не маюць права даваць ім “суткі”

Магчыма, затрыманні дырыжораў звязаныя з паляваннем на “лятучыя хары”. Гэтыя фенаменальныя калектывы выконваюць беларускія песні – “Магутны Божа”, “Пагоню”, “Купалінку”, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Разбуры турмы муры” ды іншыя – у самых нечаканых месцах: гандлёвых цэнтрах, Нацыянальнай бібліятэцы.

Лукашэнкаўцы вядуць змаганне з любой некантраляванай публічнай актыўнасцю, у тым ліку і культурнай. Было шмат выпадкаў затрымання аўтараў графіці, плакатаў, а таксама людзей, якія зняліся ў пратэставых відэакліпах.

Усяго за час пратэстаў супраць фальсіфікацый і прыгнёту затрымана больш за 16600 чалавек, заведзена амаль 700 крымінальных спраў. Ніводная краіна Еўропы не ведала такіх маштабных палітычных рэпрэсій за апошнія 40 гадоў.

Выступленні “лятучых хароў” у масках застануцца ў гісторыі культуры Еўропы як унікальны феномен. Дырыжоры таксама кіруюць спевамі ў масках, капюшонах, інкогніта.


Няма запісаў для адлюстравання