На выхадзе з суда і ізалятара

506
Суд
Фота https://www.google.by

Практычна кожны дзень на мінулым тыдні ў Гродне, як і ў многіх іншых гарадах краіны, не спыняліся суды над удзельнікамі пратэстаў. Штрафы, суткі, нехта ўжо адседзеў – такая асаблівасць нашага рэвалюцыйнага часу. Карэспандэнт “Народнай Волі” паразмаўляў з некаторымі людзьмі на выхадзе з суда і ізалятара часовага ўтрымання.

«Ты прыходзіш, а па табе пытанне ўжо даўно вырашана»

Перад Кастрычніцкім судом Гродна родныя, блізкія, сябры. Стаяць пад дзвярыма з раніцы, ужо хутка абед. Выходзіць малады чалавек – Вадзім Ермашук, паводле адукацыі юрыст. Вельмі ўзрушаны, распавядае, што яго выклікалі праз тэлефон у міліцыю, склалі пратакол на падставе відэазапісу.

Паводле слоў хлопца, міліцыянер падрабіў пратакол на яго. Вадзім хадайнічаў, каб той з’явіўся ў суд, але адмовілі: маўляў, захварэў. Сведчылі міліцыянеры, якіх наогул ніколі не бачыў. Хлопец спадзяваўся, што апраўдаюць альбо папярэдзяць, бо выказваў свой пратэст без сімволікі, мірна, спакойна, першы раз, але – 20 базавых велічынь штрафу.

“Пераканаўся, што наша судовая сістэма не судзіць, а працуе па ўказцы зверху, – канстатуе хлопец. – Ты прыходзіш сюды, а па табе пытанне ўжо даўно вырашана”.

«Мы ўсе гатовы змагацца да перамогі»

Наступным выходзіць Аляксандр. Як высветлілася, былы аднакласнік Вадзіма. Распавядае, што затрымалі 30 жніўня, калі ўжо ўсе разышліся з акцыі. Пагрузілі ў аўтазак і прывезлі ў РАУС. Склалі пратакол і адпусцілі. Сёння прысуд – 10 базавых. На судзе сведак не было. Тое, што быў на акцыі, – не адмаўляў, але віны не прызнаў. Настроены абскарджваць рашэнне суда.

“У нас самы антыгуманны суд у свеце, і я нічога ад яго не чакаў, – прызнаецца хлопец. – У нас зараз адбываецца сапраўднае беззаконне, гэта зразумела кожнаму беларусу. Папраўдзе, думаў, што мне дадуць больш”.

Аляксандр кажа, што гэта яго не напалохала, як і іншых удзельнікаў акцый пратэсту, якіх ужо судзілі па некалькі разоў: “Мы ўсе гатовы змагацца, пакуль не будзе перамогі”.

«Усе гэтыя суды, АМАП і пракуроры таксама баяцца»

Яўгена судзілі за ўдзел у акцыі, якая адбылася 30 жніўня. Сведак у суд не выклікалі, бо ён не адмаўляў, што ўдзельнічаў у акцыі. Проста сказаў у судзе, што выйшаў, каб выказаць нязгоду з фальсіфікацыямі на выбарах і насіллем над мірнымі пратэстоўцамі.

У судзе, дарэчы, пабываў упершыню. Атрымаў 10 базавых велічынь штрафу.

“Гэта нейкая фальшыўка, а не суд, – дзеліцца ўражаннямі хлопец. – Галоўнае, што яны выдатна разумеюць гэта, але нічога не робяць. Ні суддзі, ні АМАП, ні пракуратура, хаця гэта іх самы галоўны абавязак – стаяць на варце законнасці”.

Яўген прызнаецца, што ходзіць на мітынгі, але пры гэтым у яго ёсць пачуццё страху. Проста разумее, што калі не хадзіць, то нічога не зменіцца. Зараз ён упэўніўся, што ўсе гэтыя суды, АМАП і пракуроры таксама баяцца і не выконваюць належным чынам свае абавязкі.

Хлопец кажа, што працягне браць удзел у пратэстах і цяпер, маўляў, у яго ўжо ёсць пэўны досвед.

«Стаім ужо трэція суткі…»

Каля ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Гая пераважна маладыя жанчыны. Аказваецца, чакаюць, калі выпусцяць іх мужоў. Нібыта суды ідуць у памяшканні РАУС, але дакладна пра гэта ніхто не ведае – усе проста чакаюць.

“Мы ўжо трэція суткі прыходзім, – кажа адна з іх. – І кожны дзень абяцаюць, што адпусцяць, але пакуль нічога пра іх не ведаем”.

Да нашай размовы далучаецца маладая жанчына: “Адзін хлопец нядаўна выйшаў, то сказаў, што кормяць нармальна. І гэта пакуль усё, што мы ведаем”.

Цікаўлюся, як ім жывецца без мужоў.

Адна жанчына распавядае, што кожны дзень гатуе катлеты і чакае, што муж вернецца і паесць. Другая дадае, што ў іх сям’і двое дзетак і яны ўвесь час пытаюцца пра тату.

“Шкада, што нельга ні лісты перадаваць, нават запісак, патэлефанаваць, каб даведацца, як яны там, якія ўмовы, ці няма там таго ж каранавіруса, – кажа жанчына. – Мы толькі перадачы прыносім”.

Дзяўчына кажа, што прыйшла сустрэць суседа: у яго нікога з блізкіх няма, і нядаўна ён згубіў працу. Яна збіраецца завезці яго дахаты на таксоўцы, калі выпусцяць.

Усе жанчыны падтрымліваюць сваіх мухоў. Кажуць, што, стоячы перад ізалятам, час ад часу выкрыкваюць “Жыве Беларусь!”.

«Я прызнаў віну, таму мне далі меней…»

З РАУС выходзіць малады хлопец з пакетам у руках і ў чаравіках без шнуркоў. Раздаецца жаночы голас: “Наш!” – і ўсе бягуць да яго.

Хлопец адседзеў амаль трое сутак. Жанчыны наперабой пытаюцца, ці не сустракаў ён там іх мужоў, называюць прозвішчы. Некаторых бачыў, супакойвае той, кажа: маўляў, усё нармальна, сёння многіх выпусцяць.

“Суды ідуць праз скайп, а ў тым скайпе нічога толкам не чуваць, да таго ж ён яшчэ завісае, а таму так доўга, – суцяшае ён жанчын. – Не турбуйцеся, там нас не білі”.

Хлопца забралі з дома, у камп’ютары ён нібыта распаўсюджваў заклікі да таго, каб гродзенцы выходзілі на акцыі пратэсту. Прысудзілі 20 базавых велічынь штрафу.

“Я прызнаў віну, таму мне далі меней”, – кажа ён.

«Я за гэтыя дні зразумела, што такое салідарнасць»

Выходзіць маладая дзяўчына. У руках таксама пакет, красоўкі традыцыйна без шнуркоў.

“Нас узялі, калі мы стаялі ў сцяжцы на Савецкай. Вывалаклі сілай, – распавядае Каця. – У камеры былі чатыры дзяўчыны, усе цудоўныя людзі, нікога з іх ніколі не забуду”.

Кацю аштрафавалі на 20 базавых, яна не пагаджалася з рашэннем суда, бо не прызнавала сябе вінаватай.

“Я выйшла супраць беззаконня і гвалту, – кажа дзяўчына. – Менавіта тут зразумела, што гэта сістэма доўга не ўтрымаецца, бо пабачыла, што нават дзяўчаты не збіраюцца спыняць барацьбу з рэжымам”.

Жанчыны прапануюць ёй грошы на таксоўку, каб даехала дадому. Каця дзякуе і просіць тэлефон, каб дазваніцца да родных. Праз некаторы час за ёй прыязджае сястра. Яны абдымаюцца і плачуць, сястра кажа, што ўся сям’я ёю ганарыцца.

Выходзіць яшчэ адна дзяўчына – Вераніка. Як і ўсе – з пакетам і без шнуркоў. Ёй далі 10 базавых штрафу.

“Суддзя нават пытаўся, што мне даваць – суткі ці штраф, – кажа дзяўчына. – Я сказала, што мне ўсё роўна”.

Вераніка распавядае, што з імі не вельмі добра абыходзіліся супрацоўнікі Ленінскага РАУС пасля затрымання: запалохвалі, брыдкасловілі. Але ў ізалятары часовага ўтрымання ставіліся больш па-чалавечы.

“Канешне, умовы там не курортныя, але гэтага ніхто і не чакаў, – дзеліцца досведам дзяўчына. – Галоўнае, што людзі ў нас моцныя, і ў гэтым у мяне была магчымасць пераканацца”.

Жанчыны наліваюць ёй гарбаты, частуюць печывам, сабралі грошы на таксі. Вераніка аж заплакала.

“Ведаеце, я за гэтыя дні зразумела, што такое салідарнасць”, – праз слёзы кажа яна.

А жанчыны ў сваю чаргу дзякуюць ёй. Нехта кажа: таксоўка ўжо чакае…

Публікацыя з 87 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання