Марыя Тульжанкова: “Людзям не патрэбны арганізатар, каб выказаць пратэст відавочнаму беззаконню” 

196
Марыя Тульжанкова
Марыя Тульжанкова. Фота: Флагшток

Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту гомельская мастачка і дызайнерка Марыя Тульжанкова выйшла на волю. З ёй пагутарыў журналіст “Народнай Волі”.

–  Пятнаццаць сутак мне адмераў суд, а яшчэ двое я сядзела ў ізалятары да суда. Набралася агулам сямнаццаць. На дадзены момант я падазраваная ў крымінальнай справе па арганізацыі масавых беспарадкаў – паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Копію пратакола мне не выдалі, затое ўзялі ў мяне падпіску пра нявыезд. Наколькі я разумею, у гэтай так званай справе трое падазраваных. Мяркую гэта па  колькасці канфіскаваных носьбітаў інфармацыіі, якія накіраваны на экспертызу.

–  Вядома, што суткі вы адбывалі за ўдзел у недазволеным шэсці 30 жніўня, дзе былі з плакатам “Сашы больш не наліваць!”. А ў чым вас зараз следчыя падазраюць  –  няўжо ў вывадзе на пратэстныя маршы на гомельскія вуліцы 10 тысячаў гараджанаў? Кшталту, галёкнулі ці махнулі чароўнай палачкай, і гараджане выйшлі пратэставаць?

–  Інфармацыя, што мной цікавіцца КГБ, паступала да мяне з розных крыніц яшчэ раней.  На іх разуменне я сапраўды выглядаю надзвычай падазрона, бо часцяком езджу ў Польшчу, не працую. Амаль нідзе не “свяцілася” на пратэстах. Відаць, перахапілі маю размову пра тое, што хачу адкрыць галерэю альтэрнатыўнага мастацтва і дапамагаць ахвярам рэпрэсій у Гомелі. Успомнілі яшчэ, што хтосьці робіць на акцыях  запамінальныя постэры. Ну, канешне, мастачка. Тое, што я вучылася ў Польшчы і толькі прыканцы верасня абараніла магістарскі дыплом, гэта, мусіць, па-за межамі іх разумення. Як і тое, што людзям не патрэбны ніякі арганізатар, каб выказаць незадаволенасць і пратэст відавочным беззаконнем.  Бачаць толькі нейкую канспіралогію, якую часам агучвалі  супрацоўнікі Следчага камітэта. У пратаколах пазначана, што маюцца  нейкія звесткі, якія дазваляюць лічыць мяне датычнай да арганізацыі масавых беспарадкаў. Атрымліваецца следчы працэс наадварот: спачатку абвінавачанне, а потым ужо шукаюць хоць якія доказы.

У ізалятары я падала скаргу на следчага. Хачу высветліць, на якой падставе ў мяне дома зроблены вобшук і праводзіцца экспертыза кампутара, тэлефона, і ў якім я статусе? Але следчы, які пачынаў  справу, яе ўжо не вядзе. Мабыць,  неўзабаве перададуць справу камусьці іншаму.

– Нейкія “звесткі”, відаць, шукалі ў вашых кампутары і тэлефоне?

– Дагэтуль шукаюць. З ізалятара мяне вывезлі раней тэрміну, адвезлі ў Следчы камітэт. Вярнулі ноўтбук, які забіралі падчас ператрусу. Папярэдзілі, што гэта рэчавы доказ і я не маю права яго знішчаць.  Праверка сістэмы паказала, наяўнасць у ноўтбуку Neospy  шматфункцыянальнай шпіёнскай праграмы, у яе дзве незалежныя часткі: адміністратарская і схаваная. Нават крыху крыўдна, што трымаюць мяне за ідыётку. А тэлефон забралі. Наколькі разумею, шукаюць заснавальнікаў чатаў, каб пераняць правы ўладальнікаў.  Узламалі паролі і выйшлі з майго акаўнта ў телеграм. Зараз будуць высвятляць, ці заклікала я хоць кагосьці выходзіць на пратэстныя маршы.

– Праз  пераслед нейкія наступствы мелі вашы сябры ці блізкія сваякі?

У мяне мама працавала ў дэпартаменце аховы МУС. Яна нядаўна выйшла на пенсію, але яшчэ працавала. Пару месяцаў таму з ёю заключылі новы кантракт. Маму кожны год  прэміявалі за ўзорнае выкананне абавязкаў. Але за дзень да майго вызвалення яе папрасілі напісаць заяву на звальненне.

– Марыя, калі не памыляюся, вы да цяперашняй “пасадкі” ў ізалятар ужо мелі досвед знаёмства з гэтай установай. Калі не блытаю, за распаўсюд улётак. Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў той ваш арышт незаконным. Гэтым разам за вас заступалася  польская Акадэмія мастацтваў – рэктарат і студэнты выказвалі абурэнне з тае прычыны, што выпускнікі беспадстаўна пакутуюць у Беларусі, заклікалі ўлады да захавання  міжнароднага гуманітарнага права. Пэўна ж, і лісты ад  сяброў прыходзілі. Вас гэта падтрымлівала, надавала моцы, раўнавагі?

– Дзякуй усім беларусам, знаёмым і незнаёмым, за шматлікія лісты і падтрымку. Сардэчная падзяка сябрам і калегам з Уроцлава і Шчэціна. Да мяне даходзілі некаторыя навіны, і гэта акрыляла і надавала пазытыву. Лепей, канечне, не мець такога досведу, але  і баяцца патрапіць за краты не трэба. Ведаеце, часам я лавіла сябе на на думцы, што падчас этнаграфічных экспедыцый жыла і ў горшых умовах. Гомельскі ІЧУ крыху апгрэйдзіўся ў параўнанні з тым, што было дзесятак гадоў таму. Умовы цярпімыя, але і багата парушэнняў.  Таму дбайце пра сябе самі: патрабуйце “хуткую”, калі вам блага ці ёсць пабоі. Фельчар адмаўляецца гэта рабіць, пішыце скаргу начальніку. Вы маеце права на пасцельную бялізну, прагулкі, душ, сродкі асабістай гігіены. Апошнія ізалятару выдзяляе ў якасці дапамогі таварыства “Чырвонага Крыжа” , сродкаў гігіены хапае – імі хоць грэблю масці. Належыць арыштанту і кіпень, што б там ні казалі. На паверсе ёсць бойлер з цёплай вадой. Калі трэба вада, асабліва жанчынам, прасіце “прадольных” набраць яе ў пластыкавую бутэльку. Калі нехта курыць, парайце, каб дымілі ў акно альбо кажыце на ранішніх абходах пра алергію на цыгарэтны дым. Афіцыйна курыць у камерах нельга. Вокны можна зачыняць нанач – у “прадольных” ёсць ключ.

Асабіста мяне ўсе 17 дзён ратавала іронія. Настройцеся на пазітыў. У ізалятары ваш адносны камфорт у вялікай ступені залежыць ад настрою ахоўнікаў, жарты яны таксама разумеюць. Я нярэдка заводзіла гутаркі з “прадольнымі”. Яны нас баяцца, як агню, баяцца найперш агалоскі.  Цікава было часам даведацца, на якім свеце яны жывуць.

Часам мы рабілі дзеля смеху дробныя бел-чырвона-белыя авантуры: ручнікі такіх колераў вывешвалі, надпісы “Жыве Беларусь”, “кармушку” клеілі. Хлопцы з хлебнага мякіша “Сашу 3%” ляпілі. На нашым паверсе ўсе стукалі ў дзверы адмысловым чынам: два доўгіх і тры кароткіх стукі. Як азбука Морзе. Пазней і “прадольныя”, здаецца, сталі падыгрываць. Такія дробязі падымаюць настрой. І не пераставайце ганарыцца сабой, мы і праўда неверагодная нацыя.

Гутарыў Анатоль ГАТОЎЧЫЦ.

Публікацыя з 87 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

 


Няма запісаў для адлюстравання