Як на плошчы Свабоды ў Ракаве была растаптана свабода выбару

1655
Пратэсты ў Ракаве
Фота https://naviny.by/

Трыста гадоў таму, у Вялікім Княстве Літоўскім, Ракаў быў горадам з даволі развітай прамысловасцю. Чаго тут толькі ні выраблялі – цэглу і посуд, сячкарні і малатарні, мэблю і дзіцячыя цацкі, тут друкавалі кнігі і варылі піва.

У міжваенны час, у складзе Рэчы Паспалітай, Ракаў стаў мястэчкам, цэнтрам гміны і, знаходзячыся на саменькай польска-савецкай мяжы, праславіўся як сталіца кантрабандыстаў. Гэта пра Ракаў і ракаўчан напісаў свае знакамітыя раманы (“Каханак Вялікай Мядзведзіцы” і інш.) Сяргей Пясецкі, заслужана ўшанаваны тут мемарыяльнай дошкай. Напісаў па-польску, але беларускія рэаліі і досціпы сустракаюцца ў тых раманах ледзь не на кожнай старонцы. Напрыклад, сядзяць два местачкоўцы ў карчме, і адзін другому загадвае загадку: “Што такое беларускі аўтамат?”. Яго субяседнік чухае патыліцу і чуе з-за суседняга стала падказку: “Беларускі аўтамат – гэта вілы: адзін удар – тры дзіркі”.

Сучасны Ракаў – не горад, не мястэчка і не вёска. Паводле апошняга адміністрацыйна-тэрытарыяльнага рэгулявання ён займеў не зусім зразумелы статус аграгарадка (“гыргыргарадок” – як вымаўляла адна бабуля прыдуманае ў чыноўніцкіх кабінетах слова). Але ранейшы вольналюбны дух (без прыстаўкі “агра”) у гэтым слаўным паселішчы застаўся. Нездарма ў Ракаве ёсць плошча Свабоды, дзе пасля пераломнага ў гісторыі Беларусі 9 жніўня ракаўчане і адстойвалі сваю свабоду. Свабоду выбару.

У размешчаным на плошчы сельвыканкаме знаходзіўся выбарчы ўчастак №19. У дзень галасавання на ім доўга не вывешвалі выніковы пратакол, а калі нарэшце вывесілі, выбаршчыкі абурыліся. Лічбы ў тым пратаколе выглядалі наступным чынам: за Андрэя Дзмітрыева – 29 галасоў, за Ганну Канапацкую – 26, за Аляксандра Лукашэнку – 1426, за Святлану Ціханоўскую – 84, за Сяргея Чэрачня – 16 бюлетэняў. Абурэнне выклікалі дзве лічбы – за трэцяга і чацвёртага кандыдата. Бо калі стыхійна на плошчы сабраліся ўсе тыя, хто прагаласаваў за Ціханоўскую, іх аказалася больш за 200! Адкуль жа ўзялася лічба 84?

Як на плошчы Свабоды ў Ракаве была растаптана свабода выбару
Марыя Калбянкова не падпісала фальшывы пратакол

Да сённяшняга дня не ведае пра гэта і чалец выбарчай камісіі №19 Марыя Калбянкова, з якой мы сустрэліся ў Ракаве на той жа плошчы Свабоды. Паводле слоў Марыі Вікенцьеўны, яна 47 гадоў адпрацавала ў Ракаўскім сельвыканкаме (раней – сельсавеце), з 2005 года – у выбарчых камісіях, але такога ўціску і гвалту, як вечарам 9 жніўня, не бачыла ніколі.

Як на плошчы Свабоды ў Ракаве была растаптана свабода выбару
Ганна Віктаровіч старшынявала на выбарчым участку №19

Толькі ў тым стосе бюлетэняў, якія лічыла сама Марыя Калбянкова, 401 быў за Ціханоўскую. Калі ж старшыня камісіі Ганна Віктаровіч (дырэктар мясцовай школы) прынесла на подпіс выніковы пратакол, Марыя Вікенцьеўна, зірнуўшы ў яго, вачам сваім не паверыла. І – адмовілася ставіць свой подпіс. Разам з ёю запратэставалі яшчэ двое чальцоў камісіі (з 19-ці) – Валянціна Дзянісік і Таццяна Міхонская. Тут і разгарэўся сыр-бор.

Тром жанчынам было заяўлена: пакуль не падпішаце, з выканкама, дзе ўжо з’явіліся сілавікі, не выйдзеце. “Як я магу падпісаць відавочную хлусню? – спрабавала апеляваць да старшыні камісіі Марыя Вікенцьеўна. – Я ж верніца, я ж у касцёл хаджу!” – “Гэта непераканаўчы аргумент, падпісвайце!” – насядала Ганна Віктаровіч. “Калі мы падпішам, нас людзі на плошчы разарвуць!” – хапалася, як за саломінку, за больш “пераканаўчы аргумент” Марыя Калбянкова (на той час каля сельвыканкама ўжо сабралася шматлікая людская грамада). Уціск працягваўся…

Урэшце Дзянісік і Міхонская здаліся і падпісалі сфальсіфікаваны пратакол. Націснуць на іх было не дужа складана – адна працуе медсястрой, другая – у тым жа выканкаме. Пенсіянерка Калбянкова (гонар ёй і пашана) свой подпіс так і не паставіла, яе сумленне засталося чыстым.

Самае цікавае, што сама яна 9 жніўня галасавала за… Лукашэнку, паколькі ўсіх астатніх прэтэндэнтаў лічыла выпадковымі ў палітыцы людзьмі. Пытаюся: ці аддала б сёння голас за таго самага кандыдата? Жанчына ажно змяняецца з твару. “Ні за што! У мяне за апошнія два месяцы нібы вочы на ўсё адкрыліся”, – прызнаецца Марыя Вікенцьеўна Калбянкова – адзіны сумленны чалец ракаўскай выбарчай камісіі.

Як на плошчы Свабоды ў Ракаве была растаптана свабода выбару
Раман Гардзяюк – ракаўскі праўдашукальнік

Відавочнай фальсіфікацыяй на ўчастку №19 зацікавіўся малады ракаўчанін Раман Гардзяюк. Лёгка знаходжу яго дом па вывешаным на франтоне бел-чырвона-белым сцягу. Дзень 9 жніўня яму запомніўся ў драбніцах: “Галасаваць я хадзіў, апрануўшыся ва ўсё белае, і на ўчастку пабачыў вельмі многа людзей у белым адзенні, з белымі стужачкамі на руках, у добрым настроі. Я думаў, што заўтра мы ўсе прачнёмся ў новай Беларусі. Прагаласаваўшы, я паехаў у Мінск, да сябра, які быў назіральнікам на адным з участкаў. Мяне здзівіла і насцярожыла вялікая колькасць аўтазакаў у розных кропках горада. Паўсюль міліцыя… Каля 150 чалавек на ўчастку, дзе мы знаходзіліся з сябрам, чакалі вынікаў. І тут прыехаў АМАП, каб вывезці камісію. У гэты момант мне стала зразумела, што заўтра іншай Беларусі не будзе”.

У Ракаў Раман вярнуўся на наступны дзень і пачуў, што яго землякі збіраюцца вечарам на плошчы. Вырашыў далучыцца да грамады і ўпершыню ў жыцці лоб у лоб сутыкнуўся з сілавікамі без апазнавальных знакаў. “Іх было 8–10 чалавек – у бронекамізэльках і касках, з дубінкамі. Яны запатрабавалі разысціся. Людзі абурыліся, сілавікі сталі іх затрымліваць. Мяне таксама двое ў форме ўзялі пад рукі, замахнуліся дубінкай, праўда, не білі. Павялі да аўтамабіля, але нам насустрач выбегла невядомая мне жанчына і стала крычаць: “Адпусціце, гэта мой сын!” Мяне адпусцілі…”

Як на плошчы Свабоды ў Ракаве была растаптана свабода выбару
Кіраўнік Валожынскага райвыканкама Яўген Круковіч не пажадаў сустрэцца з ракаўчанамі

Ракаўчане некалькі дзён спрабавалі дамагчыся праўды, збіраліся на плошчы Свабоды. Кожнага разу іх было не менш за дзве сотні, і людзі былі гатовы пісьмова пацвердзіць свой выбар. Ролю арганізатара подпісаў узяў на сябе Раман Гардзяюк: “Да 18 жніўня ў мяне на руках ужо было 227 подпісаў. Мы аформілі паперы ў патрэбнай форме, і я асабіста адвёз іх у Валожын – заяву ў раённую пракуратуру і калектыўны зварот да старшыні Валожынскага райвыканкама Яўгена Круковіча з просьбай прыехаць у Ракаў і адказаць на пытанні жыхароў” (у чыноўніка часу на сустрэчу так і не знайшлося).

Пракурору Валожынскага раёна Юрыю Канапацкаму ракаўчане ў заяве ад 18 жніўня паведамілі: “Намі на выбарчым участку №19 зафіксавана істотнае разыходжанне колькасці галасоў, аддадзеных за кандыдата ў Прэзідэнты Ціханоўскую С.Г., – указаных у пратаколе камісіі (84 голасы) і пацверджаных подпісамі выбаршчыкаў (колькасцю 227, гл.дадатак на 9 лістах).

Сыходзячы з сабранай заяўнікамі пры сумесным абмеркаванні інфармацыі, маюцца ўсе падставы лічыць, што на ўчастку быў здзейснены падлог дакументаў па выбарах, заведама няправільны падлік галасоў і фальсіфікацыя вынікаў галасавання…

Просім Вас правесці праверку па факце ўчыненага дзеяння, якое падпадае пад прыкметы злачынства, прадугледжанага арт.192 КК Рэспублікі Беларусь, і прыняць рашэнне ў адпаведнасці з арт.174 КПК; даць прававую ацэнку дзейнасці членаў участковай выбарчай камісіі №19 і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэнні заканадаўства асоб”.

Тры дні падумаўшы, намеснік пракурора Валожынскага раёна Яўген Маркевіч пераслаў скаргу з Ракава на дзеянні выбарчай камісіі №19 у Цэнтральную выбарчую камісію. Маўляў, самі нашкодзілі (калі нашкодзілі) – самі і разбірайцеся. А ракаўчанам намеснік пракурора патлумачыў: “У выпадку наяўнасці ў Вас канкрэтных звестак аб учыненым злачынстве Вы маеце права самастойна звярнуцца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ў органы папярэдняга следства па месцы здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў”.

227 чалавек напісалі пракурору пра канкрэтны факт парушэння выбарчага заканадаўства, а ахоўнік права прыкінуўся сляпым, які не ўмее чытаць…

Раман Гардзяюк, атрымаўшы адпіску з пракуратуры, накіраваў запыт у Валожынскі РАУС з просьбай разгледзець парушэнні ў рамках артыкула 192 КК, які прадугледжвае канкрэтнае пакаранне за загадзя вядомы няправільны падлік галасоў ці іншае змяненне вынікаў галасавання або падлог дакументаў пры падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю права свабоднага волевыяўлення грамадзян, здзейсненыя асобай, якая ўваходзіць у выбарчую камісію, ці службовымі асобамі дзяржаўных органаў…”.

З РАУСа прыйшоў адказ, што артыкул 192 не ў іх кампетэнцыі. Раман і тут не здаўся: “Я патэлефанаваў на гарачую лінію начальніку Валожынскага РАУСа Дзмітрыю Вяроўчыку, і ён мне параіў звярнуцца ў Следчы камітэт. Я звярнуўся туды, але і адтуль атрымаў несуцяшальную адпіску. Вось такое замкнутае кола: ты просіш іх пра адно, яны перакручваюць твой зварот на свой капыл і абтрасаюць рукі”.

Найдаўжэй разважала над дасланай з Ракава заявай, падмацаванай 227 подпісамі, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына – амаль два месяцы. Урэшце ў Ракаў прыйшоў ліст і ад яе. Словы заслужанай юрысткі Рэспублікі Беларусь і ганаровай грамадзянкі горада Бабруйска, якая, відаць, набіла руку, адказваючы на падобныя звароты, можна лічыць вяршыняй казуістыкі: “Тлумачым, што ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь устанаўленне вынікаў галасавання на ўчастках галасавання ажыццяўляецца ўчастковай камісіяй выключна на падставе спіса выбаршчыкаў і бюлетэняў, якія знаходзяцца ў скрынях для галасавання. Кодэксам не прадугледжаны такія крыніцы інфармацыі, як сабраныя па ініцыятыве кагосьці з грамадзян пасля выбараў подпісы.

Акрамя таго, гарантый таго, што выбаршчыкі пры іх апытанні прыхільнікамі аднаго з кандыдатаў пацвердзілі свой сапраўдны выбар, не маецца. Само апытанне не адпавядае прынцыпам таемнага галасавання, устаноўленым выбарчым заканадаўствам. Такім чынам, праўдзівых дадзеных, якія паказвалі б на няправільны падлік галасоў на ўчастку для галасавання [№19], не маецца”.

Што Лідзія Міхайлаўна клапатліва ўзяла пад крыло ракаўскі выбаркам, тут нічога дзіўнага няма – яны, што называецца, адным возам на піва ездзяць. Але хто даў ёй права абвінаваціць у хлусні як мінімум 143 законнапаслухмяных грамадзяніна (ад 227 мінусуем 84)? Вось ужо папраўдзе – валіць пані без сораму на любую сторану. Толькі ці ёсць сэнс дашуквацца праўды ў чыноўніцы, якая заварыла такую кашу, якую вось ужо трэці месяц не можа расхлёбаць уся краіна?..

І ўсё ж Раман Гардзяюк спадзяецца, што позна ці рана вінаватыя ў ракаўскай фальсіфікацыі будуць названы і пакараны. “У мяне ёсць цэлая картатэка парушэнняў, якія былі здзейснены службовымі асобамі падчас выбарчай кампаніі ў Ракаве і пасля яе – там 36 задакументаваных фактаў. Уся вярхушка валожынскай і ракаўскай улады брала ў гэтым удзел”, – сцвярджае Раман.

Жыве Раман па суседстве са школай, якой кіруе тая самая Ганна Віктаровіч, якая кіравала выбаркамам на ўчастку №19. Ён неаднаразова спрабаваў з ёю сустрэцца і пагаварыць, але дырэктарка адразу пасля выбараў сыходзіла ў адпачынак і знікала з Ракава, а нядаўна нібыта падхапіла каранавірус. “У маіх вачах гэты настаўнік перастаў быць паважаным”, – з сумам падводзіць расу пад нашай гутаркай Раман Гардзяюк.

На развітанне цікаўлюся, ці не прыязджала аўтавышка здымаць сцяг з яго дома. Вышка не прыязджала, заяўляўся ўчастковы Аляксандр Кажэка. Але не на таго нарваўся. Праграміст па прафесіі, Раман за два апошнія месяцы няблага вывучыў законы і цытуе артыкул за артыкулам, як рэпу грызе. Участковаму таксама быў працытаваны адпаведны закон аб прыватнай ўласнасці, і ён сышоў як мыла з’еўшы.

Трое жыхароў Ракава ў жніўні былі асуджаны па самым папулярным на сённяшні дзень у беларускіх судах артыкуле 23.34 – удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. У тым ліку маладзіца Алена (імя выдуманае, сапраўднае вядома рэдакцыі). Яна працуе ў дзяржаўнай установе, таму пагаварыць “на дыктафон” згаджаецца толькі на ўмовах ананімнасці.

“Ведаеце, я сама магу палічыць хаты, у якіх галасавалі за Ціханоўскую. Ды і незалежныя назіральнікі, якіх, праўда, на выбарчы ўчастак не дапусцілі, усё ж на ганку лічылі людзей з белымі стужачкамі, рабілі апытанне. Лічбы і блізка не супадалі. Мы звярталіся ў сельсавет, ксёндз Дзмітрый напісаў ліст (быў у гэты час за мяжой), бацюшка Сергій на сустрэчу людзей на плошчы прыходзіў. Усе не засталіся абыякавымі да таго, што адбылося. Сабраліся, пагаварылі, але ніякага станоўчага выніку ад мясцовай улады не дамагліся.

“Вынікам” асабіста для мяне стаўся суд у Валожыне. А перад гэтым у мяне наш участковы Кажэка ўзяў тлумачэнні. Так, я прыходзіла на плошчу, я не адмаўлялася, але што ў тым супрацьзаконнага? Я маю права прайсціся з людзьмі. Мы хацелі пагаварыць са старшынёй сельвыканкама. Што гэта робіцца ў нашай краіне – туды не хадзі, там не стой!.. Канешне, у пададзенай у суд паперы было сказана пра мой удзел у несанкцыянаваным мітынгу. А я наш сход, які, дарэчы, ніхто не арганізоўваў, не лічу мітынгам. Мітынг, я так разумею, мае нейкі сцэнар, павінны быць выступоўцы. А ў нас людзі проста прыйшлі, паміж сабой ціха пагаварылі. Які ж гэта мітынг? Мы праспявалі, праўда, “Магутны Божа” – сабраліся людзі з трох ракаўскіх хораў: каталікі, праваслаўныя і пратэстанты.

У выніку мне прысудзілі тры базавыя. На суд я не ездзіла – навошта? Ведала, што абавязкова асудзяць. Так, атрымліваецца, я прызнала віну. Вінаватая, але не каюся! Па Канстытуцыі я маю права на мірныя сходы. Але хто сёння на тую Канстытуцыю зважае? Пагоня ў нас таксама не забаронена і нават пад аховай дзяржавы, аднак паспрабуй з ёю прайдзіся! Такі буралом у краіне ўсчаўся – хоць у склеп які хавайся. Столькі няпраўды з афіцыйных СМІ штодня выплюхваецца! Каб ведаць праўду, хоць сваю, ракаўскую, мы завялі свой тэлеграм-канал”, – як суцяшэнне паведамляе мне спадарыня Алена.

Прачытаўшы гэту гісторыю, магчыма, хтосьці пазайздросціць ракаўчанам: ніхто з іх нават на суткі не загрымеў, усё абышлося трыма штрафамі. І прыгадае, як у вёсцы Лебедзева на Маладзечаншчыне на людзей, якія разам са сваім мясцовым дэпутатам пасля 9 жніўня неслі заяву ў сельсавет, наляцелі амапаўцы і проста пасярод ходнікаў паклалі ўсіх тварам у зямлю (і дэпутата таксама).

Так, на фоне забойстваў і выкрадання людзей на вуліцах, пасля катаванняў у аўтазаках і вязніцах, пасля масавых драматычных звальненняў па палітычных матывах у недалёкім Мінску “гыргыргарадок” Ракаў сапраўды выглядае зацішным кутком. Але зацішак гэты да пары да часу.

Ракаўчане ўпэўнены: не цяпер, дык ў чацвер вяршэнства закона будзе адноўлена, і тыя, хто растаптаў іх свабоду выбару на плошчы Свабоды, атрымаюць прававую ацэнку сваёй дзейнасці. А пакуль тое станецца, агрэсіўныя генералы, якія сабраліся ваяваць з уласным народам, у чым не саромеюцца прызнацца з тэлеэкрана, павінны памятаць пра “беларускія аўтаматы”, якіх у кожнага добрага гаспадара па некалькі штук на падворку знойдзецца…

Публікацыя з 87 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання