Без «Купалы», без зорак, без прэзідэнцкага прыза

497
Алена Малочка
Алена Малочка

У пятніцу 6 лістапада адкрыецца 27-ы Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Урачыстай цырымоніі не будзе, міністр культуры наўрад ці наведае гэтае мерапрыемства. Дырэктар фестывалю Анжаліка Крашэўская (удзельніца многіх нядзельных маршаў) проста скажа слова ў рабочым парадку. Гледачы ў кінатэатры «Масква» будуць сядзець у шахматным парадку. Не будзе і ўсмешак на тварах – іх проста наглуха схаваюць маскі.

Чым яшчэ, акрамя пандэміі, запомніцца нам гэта адкрыццё? Не будзе ўручаны прыз ад прэзідэнта «За гуманізм і духоўнасць у кіно». У сувязі з вострым палітычным крызісам, калі гуманізм і духоўнасць штодня груба парушаюцца ў рэальным жыцці, было б насмешкай прамаўляць гэтыя словы ў звязку з імем Аляксандра Лукашэнкі.

Не пакажуць на адкрыцці і доўгачаканы фільм «Купала» рэжысёра У.Янкоўскага. Кінастудыя «Беларусьфільм» не пакідае надзеі на ўдзел стужкі ў замежных кінафорумах, а значыць, з прэм’ерай на радзіме зноў давядзецца пачакаць. Нядаўна афіцыйныя крыніцы паведамілі, што кінастужку павязуць на малавядомы кінафестываль «Маскоўская прэм’ера», які толькі ў мінулым годзе стаў міжнародным. Але і пасля яго, думаю, мы яшчэ доўга не ўбачым гэтае кіно на вялікім беларускім экране. Чаму – тлумачыць нікому не трэба. Адно толькі імя Купалы прымусіць цяпер любы зал ўзняцца і разгарнуць бел-чырвона-белыя сцягі перад сеансам. І начальства будзе біцца ў канвульсіях страху.

Не прыедуць у Мінск на «Лістапад» і любімыя зоркі кіно. Усе на каранціне. І нават міжнароднае журы будзе працаваць анлайн. Але што ж тады ёсць у безумоўным плюсе? Добрае кіно: 120 фільмаў з 50 краін, якія будуць дэманстравацца ў кінатэатрах сталіцы цэлы тыдзень, аж да 13 лістапада. І нават з начнымі паказамі, якія так папулярныя ў маладых.

На адкрыцці пакажуць фільм Вадзіма Перэльмана «Урокі фарсі». Прэм’ера гэтай стужкі сумеснай вытворчасці Расіі, Германіі і Беларусі адбылася на апошнім Берлінскім кінафестывалі і была ўганаравана дзесяціхвіліннай авацыяй. Расійскае сучаснае кіно будзе прадстаўлена фільмам Івана Цвярдоўскага «Канферэнцыя» пра падзеі 2002 года, калі чачэнскія баевікі захапілі гледачоў у тэатральным цэнтры на Дуброўцы. У асноўным конкурсе возьме ўдзел і літоўская кінастужка «У прыцемках» рэжысёра Шарунаса Бартаса. Карціна была адабрана на Канскі кінафестываль 2020 года.

У Нацыянальным конкурсе возьмуць удзел дакументальныя карціны «Мне трэба поціскаў …» Андрэя Куцілы, «Эпітафія» Віктара Аслюка, «Цемра звонку» Анастасіі Мірашнічэнка, «Невядомы рай» Дар’і Юркевіч, моцных беларускіх дакументалістаў, чые працы прызнаны на міжнароднай кінаарэне. Сярод поўнаметражных ігравых беларускіх прэм’ер – фільм Мітрыя Сямёнава-Алейнікава «Забароненая зона» і аўтабіяграфічны хорар Мікіты Лаўрэцкага «Мікіта Лаўрэцкі».

Публікацыя з 87 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання