Арышт і штраф. У Мазыры судзілі за пікет каля НПЗ

147
Мазырскі НПЗ. Пікет
Мазырскі НПЗ. Пікет

Намеснік старшыні Мазырскага раённага суда Элеанора Ярмоленка 2 лістапада пакарала 10-сутачным арыштам эканаміста аддзела сацыяльнага развіцця нафтаперапрацоўчага завода Мікалая Жлобу. Ён прызнаны вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў – паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП. Пра гэта паведамляе Palesse.press.

Мікалай часткова прызнаў сваю віну. Ён патлумачыў, што раніцай 30 кастрычніка, яшчэ да пачатку працы, сапраўды стаяў каля прахадной з плакатам “Колькі амапаўцаў трэба, каб закрыць засаўку?”, але да страйку не заклікаў, як сцвярджае міліцыя. Такім чынам выказваў сваё стаўленне да фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.

Эканаміст Жлоба па службе характарызаваўся станоўча – гэта вынікала з вытворчай характарыстыкі, якую прадаставіла суду яго адвакат Кацярына Змушка. Тым не менш 2 лістапада Мікалая звольнілі з працы па ўласным жаданні. Гэта пацвердзіў старшыня пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза на МНПЗ Юрый Швец. Заяву на звальненне эканаміст напісаў у ізалятары, будучы затрыманым міліцыяй.

Яшчэ адну ўдзельніцу ранішняга пікета каля галоўнай прахадной нафтаперапрацоўчага завода, тэхніка ўліку цэха № 12 Таццяну Казловіч, суддзя Ярмоленка аштрафавала на 810 рублёў. У міліцэйскім пратаколе сцвярджалася, што Таццяна 30 кастрычніка з 7.13 па 7.30 на пікеце “выказвала сваё меркаванне супраць вынікаў галасавання на выбарах прэзідэнта і ў падтрымку масавых страйкаў на дзяржаўных прадпрыемствах”.

На судзе высветлілася, што Казловіч трымала ў руках плакат з надпісам “+1” і такім чынам выражала свой пратэст супраць паслявыбарчага гвалту і рэпрэсій.

“Калі чалавека пасадзяць за ягоную грамадзянскую пазіцыю, можна нанесці непапраўны ўрон тэхналагічнаму працэсу. Гвалтам і рэпрэсіямі нічога не даможашся”, – сказала Таццяна ў судзе. Супраць пакарання жанчыны арыштам хадайнічалі яе 29 калег па працы.

Пад вартай у ізаляцыі знаходзяцца і тры іншыя ўдзельнікі пятнічнай акцыі пратэсту супраць гвалту – інжынер-праграміст Дзмітрый Каменскі, намеснік начальніка ўстаноўкі Канстанцін Янкін і начальнік аддзела дыспетчарскай службы Рэнат Надршын.

Калі будуць разглядаць адміністрацыйныя справы ў дачыненні да іх, невядома: праваабаронцам не даюць інфармацыі.

Тым часам раницай 2 і 3 лістапада міліцыя прыязджала да прахадной, каб рабочыя не зладзілі хоць якія пратэсты на заводзе.


Няма запісаў для адлюстравання