«Сышоў, бо хацеў застацца чалавекам». Арыштаваны фатограф «Новага Часу» Дзмітрый Дзмітрыеў — падпалкоўнік міліцыі

262
«Сышоў, бо хацеў застацца чалавекам». Арыштаваны фатограф «Новага Часу» Дзмітрый Дзмітрыеў — падпалкоўнік міліцыі
Фота https://nashaniva.by

Фатограф «Новага Часу» Дзмітрый Дзмітрыеў, асуджаны да 10 сутак суддзёй Партызанскага раёна Наталляй Дзядковай, аказваецца, у мінулым — падпалкоўнік міліцыі.

За час паслявыбарчых пратэстаў гэта ўжо чацвёртае яго затрыманне, першае было яшчэ 9 жніўня — проста з выбарчага ўчастка яго вывез АМАП, піша Наша Ніва.

Калегі і жонка расказалі нам, што гэта за чалавек.

«Да 2012 года Дзмітрый працаваў у міліцыі, апошняе месца работы — Савецкі РУУС. Ён звольніўся, недапрацаваўшы тры гады да пенсіі, агулам — 17 год. Матываваў сыход тым, што хоча застацца чалавекам, бо тое, як, на яго думку, пачала мяняцца міліцыя, супярэчыла ягонаму бачанню службы», — расказала «Нашай Ніве» жонка Кацярына.

У Дзмітрыя ёсць асноўная работа, але пару гадоў таму ён нечакана захапіўся фотажурналістыкай.

«Яму цікавая дабрачыннасць: ён здымаў канцэрты, кінутых жывёл, мерапрыемствы ў дзіцячых хоспісах. А потым зразумеў, што каб прыцягваць да такога ўвагу шырэйшых колаў, трэба выходзіць на кантакт з нейкай рэдакцыяй. Завёў кантакты сярод журналістаў, у выніку стаў здымаць і рэпартажы, пачаў супрацоўнічаць з «Новым Часам», — дадала жонка.

Галоўная рэдактарка выдання Аксана Коўб кажа, што для Дзмітрыя затрыманне на маршы супраць тэрору — ужо чацвёртае са жніўня.

«Мы раней з ім супрацоўнічалі пазаштатна, але прадбачачы падзеі, узялі ў штат, бо яму цікава было здымаць рэпартажы з масавых акцый, а нам патрэбны былі фота. Здымае ён добра. Але яшчэ 9 жніўня ён трапіў на Акрэсціна, куды яго прывезлі прама з выбарчага ўчастка.

Калі расказваў, што там бачыў, то ён, 46-гадовы падпалкоўнік, плакаў, успамінаючы, як катавалі людзей. Параўноўваў убачанае з гестапа, казаў, што меўся гэта перажыць і вытрымаць для ўсіх, хто звонку, за сценамі. Потым яшчэ 10 дзён ён рэабілітоўваўся і не выходзіў на адкрытыя пляцоўкі, дзе шмат людзей. Потым былі яшчэ затрыманні, ноч ён праводзіў у РУУСе. Агулам гэта чацвёртае затрыманне, у яго канфіскоўвалі і дагэтуль не вярнулі тэхніку», — расказала Коўб.


Няма запісаў для адлюстравання