Рукі прэч ад журналістаў!

189
Фота з адкрытай крыніцы

Беларускі фонд культурнай салідарнасці, створаны ў нашай краіне ў адказ на палітычны крызіс з мэтай юрыдычна, матэрыяльна і псіхалагічна дапамагчы прадстаўнікам культурнай супольнасці, якія пацярпелі ад дзеянняў уладаў, падтрымаў усіх журналістаў, што былі збітыя, затрыманыя і асуджаныя за асвятленне падзей у Беларусі, то бок пры выкананні імі сваёй працы.

Фонд апублікаваў крэатыўны відэаролік, дзе ў алегарычнай форме паказаў, што СМІ – гэта люстэрка грамадства, а ваяваць супраць адлюстравання рэальнасці – як мінімум бязглузда. Такім чынам фонд заклікае спыніць любыя рэпрэсіі супраць беларускіх журналістаў.

Толькі 1 лістапада на пратэстным маршы ў Курапаты былі затрыманыя чацвёра журналістаў. Гэта тры супрацоўнікі выдання “Новы Час” – фотакарэспандэнт Дзмітрый Дзмітрыеў, пазаштатныя журналісты “НЧ”Аляксандр Зяньковіч і Яна Трусіла, – і журналіст-аператар “Белсата” Зміцер Солтан.

Фатограф “Новага часу” Дзмітрый Дзмітрыеў быў брутальна затрыманы і збіты, яму прысудзілі 10 сутак арышту. З Кастрычніцкага РУУС выпусцілі непаўналетняга хлопца, які распавёў, што аператара “Белсата” Дзмітрыя Солтана білі пры затрыманні, білі ў аўтазаку, потым білі камерай па галаве, камеру разбілі. Яму таксама прысудзілі 10 сутак арышту.

І гэта толькі апошнія прыклады. Па звестках БАЖ, на дадзены момант за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 11 журналістаў: Арцём Маёраў, Алесь Любянчук, Руслан Серадзюк, Віктар Ярашук, Павел Дабравольскі, Марына Кастылянчанка, Дзмітрый Дзмітрыеў, Аляксандр Зяньковіч, Яна Трусіла, Зміцер Солтан і Зміцер Краўчук.

Усяго ж ад пачатку года ў Беларусі пацярпелі ад пераследавання ўладаў больш за 400 журналістаў, якія былі затрыманыя, збітыя і асуджаныя да “сутак” і штрафаў. Іх поўны спіс размешчаны на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў.


Няма запісаў для адлюстравання