Лукашэнка пра Кандрусевіча: Ездзіць у Польшчу і атрымліваць кансультацыі — нікому не будзе дазволена

307
Лукашэнка пра Кандрусевіча: Ездзіць у Польшчу і атрымліваць кансультацыі — нікому не будзе дазволена
Тадевуш Кандрусевіч

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з мітрапалітам БПЦ Веніямінам.

«Пры ўсіх падзеях, якія адбываліся і адбываюцца, асабліва ў Мінску, нам удаецца гэты канфесійны мір захаваць. Вядома, не без памылак і з боку ўладаў, і з боку нашых канфесій. Але хачу, каб вы мяне разумелі і пачулі іншыя, калі хоць адна арганізацыя ў Беларусі, будзь то грамадская ці рэлігійная, будзе накіравана на разбурэнне дзяржавы, я, вядома, як кіраўнік дзяржавы па Канстытуцыі абавязаны абараняць гэту дзяржаву, гэта мой найпершы абавязак. Вядома, я буду вымушаны рэагаваць», – заявіў Лукашэнка, цытуе Наша Ніва.

Ён прывёў у прыклад кіраўніка каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча.

«Ездзіць у Польшчу і атрымліваць кансультацыі як разбураць нашу краіну нікому не будзе дазволена», – сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, што кіраўніка каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча 31 жніўня без тлумачэння прычын не ўпусцілі ў Беларусь з Польшчы. Пазней Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю, заявіўшы, што каталіцкі іерарх выехаў з нашай краіны для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у спіс неўязных, які з’яўляецца агульным для Беларусі і Расіі. Ён таксама паведаміў, што з’явілася інфармацыя аб наяўнасці ў Кандрусевіча, акрамя беларускага, грамадзянства іншай краіны.

У сярэдзіне верасня стала вядома: фармальнай прычынай стала тое, што пашпарт каталіцкага іерарха прызналі несапраўдным.

Таксама сёння Лукашэнка выказаўся пра недахоп святароў у Беларусі, піша БелТА

«Мы пабудавалі нямала прыходаў,і ў нас часам не хапае святароў. І не толькі ў вас. Але праваслаўная царква з-за мяжы, з чужых нам краін не вязе святароў, як гэта адбываецца ў некаторых канфесіях. І я Папу Рымскаму (і ранейшаму, і цяперашняму) пазначыў гэтую тэму. Як мы можам прымаць цяпер святароў з Польшчы, калі польская дзяржава, чыста каталіцкая, заняла такую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі? Гэта ненармальна», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што ў Беларусі трэба «больш інтэнсіўна рыхтаваць сваіх каталіцкіх святароў». Гэтае пытанне, паводле яго слоў, быў пастаўлены яшчэ перад Папам Рымскім Бенедыктам XVI. «Мы будзем на гэтым настойваць», — падкрэсліў Лукашэнка.


Няма запісаў для адлюстравання