Даклад АБСЭ: Беларускія ўлады сфальсіфікавалі выбары і сістэматычна парушалі правы чалавека

713
Марш у Курапаты, Мінск, 1 лістапада 2020 года
Марш у Курапаты, Мінск, 1 лістапада 2020 года

Справаздача АБСЭ наконт сітуацыі ў Беларусі напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня сцвярджае: ёсць «пераканаўчыя доказы» таго, што вынікі галасавання былі сфальсіфікаваныя і што «сілавыя структуры Беларусі сістэматычна парушалі правы чалавека, рэагуючы на мірныя дэманстрацыі і пратэсты». Пра гэта піша Свабода.

58-старонкавы даклад аўстрыйскага прафесара міжнароднага права Вольфганга Бэнэдэка будзе прадстаўлены Пастаяннай радзе АБСЭ 5 лістапада. У дакуменце, з якім пазнаёміўся карэспандэнт “Радыё Свабода” Рыкард Юзвяк, гаворыцца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не былі ні празрыстымі, ні свабоднымі і справядлівымі.

Дакладчык адзначае, што парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў перад- і паслявыбарны час мелі масавы і сістэматычны характар і «былі даказаныя без сумневу»: «Асабліва трывожыць тое, што добра зафіксаваныя выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання сілавікоў з палітычнымі іншадумцамі яшчэ не прывялі да таго, каб хтосьці быў прыцягнуты да адказнасці, што пацвярджае заявы аб агульнай беспакаранасці, таксама з прычыны адсутнасці справядлівага судовага разбору ў палітычных справах».

Справаздача аб сітуацыі ў Беларусі з’явілася пасля таго, як 17 верасня 2020 года 17 дзяржаў АБСЭ ўвялі ў дзеянне так званы маскоўскі механізм для разгляду меркаваных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Механізм дазваляе групе з дзесяці і больш дзяржаў – членаў АБСЭ стварыць місію экспертаў для вывучэння пагроз правам чалавека ў краінах, якія ўваходзяць у арганізацыю.

Бэнэдэк, які быў аўтарам справаздачы АБСЭ аб меркаваных парушэннях правоў чалавека ў Чачні ў 2018 годзе, быў прызначаны дакладчыкам па Беларусі неўзабаве пасля таго, але яму было адмоўлена ў візе для паездкі ў нашу краіну.

Ягоныя 65 рэкамендацый беларускім уладам, выкладзеныя ў дакладзе, уключаюць адмену афіцыйных вынікаў галасавання 9 жніўня і арганізацыю новых выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама вызваленне палітвязняў і журналістаў.

У дакладзе таксама рэкамендуецца міжнароднай супольнасці «прыцягваць да адказнасці, дзе толькі магчыма, вінаватых у катаваннях і бесчалавечным абыходжанні сярод беларускіх сілавікоў і іх начальнікаў» і стварыць незалежны міжнародны орган для «паглыбленага расследавання парушэнняў правоў чалавека ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў.


Няма запісаў для адлюстравання