Адвакат Калеснікавай пра яе вызваленне пад заклад. Палітзняволеная цяпер на каранціне як кантакт першага ўзроўню

2571
Марыя Калеснікава. Фота: babariko.vision
Марыя Калеснікава. Фота: babariko.vision

Адвакат члена Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай Людміла Казак паведаміла Свабодзе, што яе падабаронная цяпер знаходзіцца на каранціне ў камеры ў следчым ізалятары ў Жодзіне.

«Уся камера на каранціне як кантакты першага ўзроўню. Марыя і яе сукамерніцы ў поўнай ізаляцыі: на прагулку іх не выводзяць, на прыёмы не дапускаюць, ніхто да іх у камеру не заходзіць. І я таксама не магу яе наведаць. Я спадзяюся, што гэта скончыцца неўзабаве, у іх узялі аналізы, чакаюцца вынікі», – распавяла яна.

У камеры тры чалавекі, на ўмовы ўтрымання Калеснікава не скардзіцца. Апошні раз адвакат бачыла Калеснікаву 22 кастрычніка. Цяпер яна падала ў Следчы камітэт хадайніцтва аб вызваленні Марыі пад заклад: «Мы ўжо прасілі перавесці яе пад хатні арышт – адмовілі, пад асабістае паручыцельства – адмовілі, зараз спрабуем вызваліць пад заклад. Адказу пакуль няма. Яшчэ будзем прасіць вызваліць пад падпіску аб нявыездзе».

Гэтыя хадайніцтвы аргументаваныя ў тым ліку тым, што шэраг іншых палітвязняў раней вызвалілі з ізалятараў пасля сустрэчы Лукашэнкі з імі ў СІЗА КДБ. Калеснікава на гэтую сустрэчу ехаць адмовілася.

Цяпер Калеснікава, а таксама адвакат Максім Знак утрымліваюцца пад вартай у якасці абвінавачаных па ч. 3 арт. 361 КК Беларусі (заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспекі Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці).

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітвязнямі.

Калеснікаву затрымалі 8 верасня на беларуска-ўкраінскай мяжы. За дзень да таго яе захапілі невядомыя ў цывільным, а потым спрабавалі гвалтам вывезці ва Украіну, але Калеснікава парвала пашпарт і пакінула аўтамабіль падчас спробы прымусовай дэпартацыі з Беларусі.

Адвакат абскарджвае і сваё пакаранне

Сама адвакат Людміла Казак працягвае абскарджваць сваё незаконнае затрыманне і штраф за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

«Гэта адбірае ў мяне сілы, таму што я вымушана адцягваць увагу на шматлікія скаргі, якія я пішу і ў МУС, і ў пракуратуру. Цяпер на цэлую гару маіх скаргаў прыйшлі скупыя адказы, у якіх пішуць, што мы вашыя скаргі разглядаць не будзем. Усё ўпіраецца ў глухую сцяну нежадання што-небудзь рабіць. Апошні негатыўны адказ быў з пракуратуры Мінска», – паведаміла адвакат.

Чакаецца, што неўзабаве скаргу Казак на прысуд будзе разглядаць суд Мінска.

25 верасня Людмілу Казак, якая абараняе члена Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву, пакаралі штрафам у 675 рублёў за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Пасля абвяшчэння прысуду ў залі крычалі «Ганьба!».

Паводле пратакола, 24 верасня ў 13.55 на вуліцы Камуністычнай, 5 Людміла Казак падчас свайго затрымання супраціўлялася сяржанту міліцыі Іванову Івану Іванавічу: размахвала рукамі, упіралася нагамі, спрабавала ўцячы і не хацела ісці ў аўтамабіль.


Няма запісаў для адлюстравання