Мазырскі НПЗ: затрыманні пасля працы

926
Мазырскі НПЗ. Пікет
Мазырскі НПЗ. Пікет

Раніцай 30 кастрычніка пяцёра працаўнікоў ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» сталі каля галоўнай прахадной прадпрыемстыва ў ланцугу з плакатамі: «Колькі трэба АМАПаўцаў, каб адкрыць засаўку?», «Колькі трэба пасадзіць, каб завод спыніць?», «Супраць гвалту». У ланцугу яны стаялі ад 7-й і амаль да 8-й гадзіны, а потым пайшлі на працоўныя месцы, каб у дырэкцыі не было фармальных прычын звольніць іх за дысцыплінарнае парушэнне.

Як паведамляе мясцовы інфармацыйны рэсурс Рalesse.press, пазней на завод прыязджала міліцыя, аднак у працоўны час нікога не затрымлівалі і нават не выклікалі да кіраўніцтва. Затрыманні пачаліся пры канцы дня, калі нафтаперапрацоўшчыкі пасля працы выходзілі з завода. Да таго ж, пры выедзе на трасу інспектары ДАІ спынялі аўтамашыны некаторых работнікаў.

Паводле інфармацыі Рalesse.press, затрыманы эканаміст аддзела сацыяльнага развіцця Мікалай Жлоба і тэхнік ўліку 12-га цэху Таццяна Казловіч. Невядома дзе знаходзіцца інжынер-праграміст аддзела аўтаматызаваных сістэм кіравання тэхналагічнымі працэсамі Дзмітрый Каменскі. Не выключана, што і ён затрыманы. Вядома, што да яго дадому прыходзілі міліцыянеры, але самога Дзмітрыя на той час там не было.

29 кастрычніка аператар адной з установак МНПЗ Вячаслаў Астанін таксама выходзіў да прахадной з плакатам: «Не сорамна перад Азотам?». Яго забралі ў Мазырскі РАУС, трымалі каля пяці гадзін, апытвалі і абавязалі з’явіцца ў аддзел а 18-й гадзіне.

У прызначаны час Вячаслаў прыйшоў у РАУС з цёплымі рэчамі, ежай ды сродкамі гігіены – падрыхтаваўся да арышту. Аднак мужчыне выдалі копію адміністрацыйнага пратакола з прычыны ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП) і ўзялі адбіткі пальцаў. Цяпер ён чакае позву ў суд.


Няма запісаў для адлюстравання