Святыя Дзяды, хадзіце сюды!

103
Святыя Дзяды, хадзіце сюды!
Фота https://www.google.by

У суботу 31 кастрычніка – Асяніны, Дзяды. Памінанне продкаў доўжыцца па традыцыі да 8 лістапада. І з гэтых нябачных прыступак да Неба, дзе знайшоў прыстанішча зляцелы ў вырай Род, нам, жывым, адкрываецца штовосень таемнасць, якой немагчыма крануцца без прыязнасці Дзядоў. Адкрываецца існасць нараджэння і смерці, волі і пакоры, руху і супыну. Быццам навучаемся мы наноў, як немаўляты, маўчаць і слухаць, зведваць і пераймаць усё, што было дагэтуль і застанецца пасля нас.

Бліжэюць да свету, да вокнаў, да сэрцаў Дзяды. Слухаюць галасы нашых маршаў. Дзеля сустрэчы з намі. Дзеля Працягу.

І вось ужо спатканне, размова, спагада, мужнасць і чуйнасць зладоўваюць, нажыўляюць Любоўю і Святлом бяскрайнюю раку Памяці. Раку Лучнасці. Праз вякі і пакаленні, паразы і перамогі, здабыткі і страты. Праз нягоды і азоранасць. У плыні радасці.

Дзяды ідуць. Дзяды развінаюць шляхі і сцягі, цішу і грымоту, агаляючы Сутнасць і Праўду: мы ТУТ – свае, родныя, крэўныя, вечныя, неадольныя. Адзіныя на зямлі сваёй і ў сваёй дарозе. Мы ТУТ – глыбіня і вышыня, спеў і смутак, згадка і мроя, помны дол і акрылёны ўзлёт.

Дзяды ідуць. Запалім насустрач ім суботнім вечарам трапяткія свечкі ў сплаканых вокнах дамоў. Запалім насустрач ім, як засвеціць першая зорка ў вечаровым небе, нашу Любоў і Удзяку. Запалім агні Вечнасці і Годнасці пасярод сполаху і пераследаў, распраў і здзекаў, у чыстым полі Волі і Долі.

І… цемра адступіцца. Цемра саслабне і скурчыцца – яна ж пазбаўлена Памяці.

Дык “выйдзем шчыльнымі радамі” ў шлях, падмацаваны продкамі. У Мінску ад Кальварыі да Вайсковых могілак, ад Усходніх да стрывожаных Курапат. Ад усіх пагостаў да ўсіх курганоў па ўсёй добраславёнай Краіне – Беларусі.

Выйдзем моўчкі, у цішы і одуме. Бо толькі так пачуць магчыма запавет нашчадкам і заклён ворагам. Бо толькі так, у моўчы светаў, Дзядовага і нашага, згуртуюцца ўсе Абярожнікі нашы і харобрыя Воі-абаронцы.

Дзяды ідуць. З’яўляюцца з пракаветы Дабра і ліха, Ясноты і змроку, Пачатку і скону. Ідуць поплеч з намі ў восень нашага Змагарства і нашай Еднасці.

Дзяды ідуць. Ідуць, як увосень 2019-га ішлі нам на ратунак з Нябёсаў паўстанцы на чале з Кастусём Каліноўскім – спакутаваныя, але не пераможаныя, загінуўшыя за Айчыну і павяртаныя ў абдоймы Айчыны. Не здрадлівыя, не зломленыя, не прыніжаныя нават у катаваннях. Гераічныя.

Дзяды ідуць. Чакаюць паразумення з намі і ладу. Успамінаюць, напэўна, як і мы, тую людскую раку Памяці, што плыла па сталіцы ў 1988-м, калі ўсе мы вырваліся з палону забыцця і склікалі Дзядоў дамоў.

А ўдома бывае як? Удома цёпла і ветла, хораша і ўтульна, памятліва і лёгка. Дом у Час Дзядоўскі ахутаны Любоўю і Шчырасцю.

Хай гэткай будзе і наша хада – ціхай і спакойнай. Упэўненай. Бо пакуль мы лаемся ў супраціве драпежнай хеўры, мы – параненыя. А калі ўлучаемся ў Святло, упадаем кроплінамі ў раку Памяці, мы – харобрыя і адважныя. Вечныя.

Дзяды ідуць…

Антаніна ХАТЭНКА, этнакультуролаг


Няма запісаў для адлюстравання