Рэжысёр Курыленка: «Я хачу быць удзельнікам гісторыі сваёй краіны, а не староннім назіральнікам»

86
Рэжысёр Курыленка: «Я хачу быць удзельнікам гісторыі сваёй краіны, а не староннім назіральнікам»
Сяргей Курыленка

Рэжысёры Гродзенскага драматычнага тэатра Сяргей Курыленка і Генадзь Мушперт у панядзелак аб’явілі аб тым, што пачынаюць забастоўку. Іх звольнілі ў той самы дзень. Тэатр застаўся без рэжысёраў. 

Тэатр без рэжысёраў

Абодва рэжысёры выносілі свае рэчы з тэатра пад апладысменты калег і прыхільнікаў іх таленту.

Генадзь Мушперт з іроніяй заўважыў, што адпрацаваў у тэатры 26 гадоў, столькі ж, колькі Лукашэнка на пасадзе прэзідэнта, і, маўляў, зыходзяць яны разам.

А з Сяргеем Курыленкам мы стаім пад сценамі тэатра. Ён распавядае, што дырэктар пасля аб’яўлення імі забастоўкі прапанаваў напісаць заявы па ўласным жаданні, але яны адмовіліся. І вось толькі што Ігар Гедзіч падпісаў загад аб іх звальненні.

– Тое, што зараз адбываецца ў краіне, робіць маю працу немагчымай, – канстатуе Курыленка. – Я вельмі сур’ёзна і шмат думаў пра гэта, бо ў мяне таксама ёсць адказнасць перад калектывам, я адпрацаваў тут 40 гадоў. Я падтрымліваю ўсе патрабаванні пратэстуючых да ўлад Беларусі.

– Але ж тэатр застаўся зусім без рэжысёраў? – канстатую я.

Курыленка трохі задумваецца, а потым не без іроніі кажа, што тэатр застаецца з дырэктарам, які, магчыма, і будзе рэжысёрам, пакуль не знойдуць замену звольненым. І дадае:

– У нас жа ёсць ужо адзін і шавец, і кравец, і каваль, і стругаль, то чаму былы чалавек у пагонах не можа быць рэжысёрам?

Трупа, расказвае спадар Сяргей, рыхтавалася да прэм’еры, адбываліся рэпетыцыі, патрачана шмат часу і сіл. І раптам… Акцёраў, паводле яго слоў, гэта вельмі расстроіла. Але ён і сам хвалюецца не менш за астатніх.

– Я ж прымаў гэта рашэнне, абдумваючы яго па начах, не мог спаць. Пасля таго як Святлана Ціханоўская аб’явіла аб забастоўцы, я кожны дзень пра гэта думаў.

Усе гэтыя дні, заўважае рэжысёр, перад ім стаяла дылема: кім выступаць у гэтай сітуацыі – артыстам ці гледачом?

– І я зразумеў, што хачу быць удзельнікам гісторыі сваёй краіны, а не староннім назіральнікам.

Хутчэй за ўсё, лічыць Курыленка, у тэатр запросяць новага рэжысёра, а далей час пакажа.

– Магчыма, прыедзе рэжысёр з неверагодным талентам, і “отряд не заметит потери бойца”, – жартаўліва дадае ён. 

«Дзякуй вам вялікі, дзякуй за ўсё!»

Нашу размову культурна спыняе група людзей: тры жанчыны і мужчына. Яны перапрошваюць і звяртаюцца да рэжысёра.

– Дзякуй вам за вашу грамадзянскую пазіцыю, за тое, што вы жывяце па сумленні і не паступаецеся ім! – хвалюючыся, кажа старэйшая з жанчын. – Я сама тры тыдні сядзела і думала, што рабіць, бо не тое здароўе, каб мітынгаваць. Але ўрэшце і мяне сарвала.

Другая, жанчына, маладзейшая, кажа, што самае галоўнае ў такой сітуацыі, калі чалавек паказвае прыклад.

– Вы, акрамя ўсяго, цудоўнейшы акцёр, – кажа яна. – Шкада, што зараз самых лепшых людзей звальняюць паўсюль. Але мы спадзяёмся, што вы яшчэ вернецеся да працы ў тэатр і на вашых спектаклях будуць поўныя залы.

Мужчына кажа, што ён энергетык і прыйшоў выказаць сваю падтрымку, паколькі з вялікай павагай ставіцца да Курыленкі як да акцёра і да чалавека.

Старэйшая жанчына па прафесіі повар-кандытар. Яшчэ адна – са сферы ІТ, а самая маладая жанчына – супрацоўніца банка. Дарэчы, яна, вельмі хвалюючыся, дадае, што ўсе яны любяць гродзенскі тэатр і ганарацца ім. Урэшце яны пляскаюць у далоні, а я іх фатаграфую разам з акцёрам.

Сяргей Курыленка таксама дзякуе ім і кажа, што яны расхвалявалі яго да слёз. 

«Свой спектакль мы яшчэ не даігралі…»

Курыленка зноў згадвае пра прэм’еру, якую яны так і не паказалі гледачам. Асабліва цяжка было, калі акцёры казалі: а мы ж столькі рэпеціравалі!..

Спадар Сяргей упэўнены, што ўсё ў краіне павінна змяніцца, але не выключае, што калі сітуацыя будзе зацягвацца, то грамадскае і культурнае жыццё можа сысці ў падполле, як гэта было падчас “Салідарнасці” ў палякаў:

– Калі ўлады надалей будуць працягваць палітыку “вы без нас не маеце права зрабіць і кроку”, то ў падполлі ўзнікнуць і тэатры, і канцэрты, і іншае.

Яны з рэжысёрам Мушпертам свой спектакль яшчэ не даігралі, сцвярджае Курыленка.

Дарэчы, дома ў сям’і ён адчувае падтрымку блізкіх, і гэта таксама надае сіл.

Публікацыя з 86 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання