Расія загулялася ў вайнушку, або Трэба вяртаць даўгі

440
Расія загулялася ў вайнушку, або Трэба вяртаць даўгі
Фота https://www.google.by

Дзеці гуляюць у вайну. Паколькі яна несапраўдная, то і называецца не “вайна”, а “вайнушка”.

Зараз малеча ў вайнушку гуляе рэдка. Аддалілася падзея настолькі, што робіцца неактуальнай. Для дзяцей.

Але ёсць краіна, якая працягвае гуляць у вайнушкі, каб не схібіць у вайне сапраўднай. Вось слухаю новую песню Сяргея Трафімава (Трафіма):

Мы жили заодно, мы были воедино,

И в жизни, как один, стояли на своем,

Деля весь мир на две неравных половины –

Всех тех, кто против нас, и тех, кто ни при чем…

Но нынче целый мир идет на нас войною,

Он чует нашу кровь – тем хуже для него.

Душа моя легка, друзья мои со мною,

И значит, мы еще посмотрим, кто кого.

Пакінем убаку тое, што мелодыю спявак скраў у Булата Акуджавы (на сваю, мабыць, не хапае таленту). Падумаем пра тэкст.

Дзве няроўныя палавіны (ужо недарэчнасць: палавіны заўсёды роўныя, інакш гэта не палавіны) – “тыя, хто супраць нас” і “тыя, хто ні пры чым”. Атрымліваецца, што “ЗА нас” – ніхто? Забаўна.

І далей тое ж. “Цэлы свет ідзе на нас вайною”. Цэлы свет – уключна з Мадагаскарам, М’янмай, Мазамбікам і, натуральна ж, Беларуссю? Што ж, няхай гэта паэтычнае перабольшванне. Але ж калі цэлы свет супраць цябе, то, мабыць, варта задумацца: а можа, гэта са мной не ўсё ў парадку? Цэлы свет памыляецца, а я правы – выразная і небяспечная самаўпэўненасць. Тут дарэчы наведаць псіхіятра.

Мабыць, не варта было б звяртаць увагі на гэтую нескладушку, але ж! Песня атрымала прэмію ФСБ (у нас гэта КДБ) у галіне музычнага мастацтва. Члены журы ФСБ, натуральна, не замарочваліся вызначэннем мастацкага ўзроўню слоў і музыкі і не заказвалі мастацтвазнаўчы аналіз твора ў спецыялістаў. Проста ім спадабаўся агульны сэнс і настрой песні. Гэта па-іхняму – цэлы свет супраць, паглядзім, хто каго! Хто не з намі, той супраць нас, няхай гэта хоць цэлы свет! Мы яму пакажам!

Дзіцячая бравада, але ў руках гэтых “дзяцей” зусім не дзіцячыя цацкі – зенітна-ракетныя комплексы, атамныя бомбы…

Самае галоўнае, што ўмее Расія, – ваяваць. Дзеля гэтага ўтрымліваецца агромністае войска з самым сучасным узбраеннем. Войску патрэбна вайна. А калі няма сапраўднай вайны, то патрэбны хаця б вайнушкі, каб трэніраваць войска. Бо войска без вайны ці вайнушкі разбэсціцца і стане ўнутранай пагрозай краіны. Таму вайнушкі прыдумляюцца: Прыднястроўе, Абхазія, Грузія, Сірыя, Данецк…

Так было і ў далёкія часы: 600 гадоў амаль бесперапынных войнаў у ХІІІ–ХІХ стагоддзях (адпаведна зместу кнігі Ф.Несцерава “Связь времен”). Так было і ў часы СССР: Фінляндыя, Тыва, Венгрыя, Чэхаславакія, Ангола, В’етнам, Лаос, Афганістан…

Расія, як і любая імперыя, без вайны, без сілы, без прымусу існаваць не можа.

Зараз стала модным праводзіць рэканструкцыі ваенных баталій ранейшых часоў, напрыклад, бітвы пад Барадзіно ці пад Палтавай. Маленькія людзі атрымліваюць магчымасць “пагуляць у Напалеона” і адчуць сябе вялікімі палкаводцамі. Усяго толькі: нацягваеш батфорты, апранаешся ў мундзір, начапляеш бікорн, узмошчваешся на каня – і ты ўжо вяршыцель вялікіх войнаў, пагроза для каралёў ды іх дзяржаў. Карцінка надае ўладалюбства, хочацца, каб цябе і ўспрымалі як Напалеона. А калі не ўспрымаюць, то… гнеў Напалеона бязлітасны.

І вось адзін з такіх “напалеонаў” застрэліў сваю каханку, нядаўнюю студэнтку. А разрэзанае на кавалкі цела хацеў утапіць у Няве. Спрабую ўявіць сапраўднага Напалеона, які нясе сумку з целам Жазэфіны ў рэчку. Не ўяўляецца. Недацягнуў ілжэ-Напалеон да вялікага палкаводца. Бо знешні антураж ніяк не змяняе нізкай натуры.

А вось яшчэ. Адна з праграм “Пусть говорят” 1-га расійскага тэлеканала была прысвечана школьніку, хлопчыку з цудоўным голасам, які спяваў у дзіцячым ансамблі “Маленькая страна” пад кіраўніцтвам Іллі Рэзніка. Таленавітага хлопчыка ў школе не любілі, здзекаваліся з яго. Вялікі розгалас выклікала скандальнае відэа, на якім адлюстравана, як старшакласнікі акуналі яго галавой ва ўнітаз у школьным туалеце.

“Ну чаму?!” – роспачна запытваўся вядоўца Дзмітрый Барысаў. Сапраўды, чаму? Хлопчык ціхі, інтэлігентны, таленавіты. Школьнікам бы радавацца і ганарыцца, што ў іх школе такі самародак вучыцца. А яны!.. На гэтае “чаму” адказу ў праграме не знайшлося. Запрошаныя эксперты марна напружвалі мазгавыя звіліны – прымальнага тлумачэння не выдалі. Праграма так і скончылася пытальнікам.

А для мяне, чалавека збоку, адказ амаль відавочны. Зараз бліскучы спявак ездзіць з ансамблем па краіне, прапускае заняткі ў школе, за што яму ніякага пакарання. А іншым у такім выпадку без пакарання не абысціся. А калі ён скончыць школу, зноў будзе выконваць патрыятычныя песні, спяваць пра гераізм, а вось гэты самы гераізм прыйдзецца паказваць іншым, якія так прыгожа спяваць не ўмеюць. Ім не хочацца ісці ў войска, ім не хочацца страляць у людзей, забіваць і рызыкаваць сваім жыццём. Але ж – “трэба выканаць грамадзянскі доўг”! І іх пацягнуць выконваць “доўг” (калі яны напазычылі столькі, што разлічвацца трэба жыццём ці здароўем?) пад песні таленавітага спевака з цудоўным голасам. Рэфлекс самазахавання і ўключае ўнутраны пратэст, які выліваецца ў такую агрэсію.

Вядоўца неяк назваў ансамбль Іллі Рэзніка “дзіцячым ваенным ансамблем”. Няма больш дзікага спалучэння слоў, чым “дзіцячы” і “ваенны”. Але агаворка знакавая, бо ансамбль спецыялізуецца менавіта на песнях ваенных, гераічных, патрыятычных. А такія песні з цягам часу знаходзяць усё меншы водгук у сэрцах маладых расійцаў. Ім ваяваць не хочацца, не хочацца гінуць, каб вярнуць невядома як утвораны “доўг”.

Але ваяўнічая агрэсія ў дарослых дзядзькаў у крыві. Яна выяўляецца нават у жартах. Вось характэрны жарт вышэйшай лігі Клуба вясёлых і знаходлівых:

Антошка, Антошка

Нам задолжал немножко.

Над головой Антошки

Теперь растет картошка.

Расіянам гэта смешна. Смешна настолькі, што гэтую песеньку нават уставілі ў рэкламны ролік. А я слухаю і не ведаю, з чаго тут смяяцца. З забітага Антошкі?..

Але, зноў жа, заўважце: гаворка пра доўг, які трэба вярнуць. Расійскія людзі загразлі ў даўгах. А каб вярнуць даўгі, трэба ісці на вайну. Ці хаця б на вайнушку…

Магілёў.

Публікацыя з 86 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання