Пайшоў у краму і не вярнуўся – так у Гомелі затрымалі адміністратара сайта “Моцныя навіны”

133
Яўген Сувораў
Яўген Сувораў

Позна ўвечары 28 кастрычніка міліцыя затрымала адміністратара рэгіянальнага сайта “Моцныя навіны” Яўгена Суворава. Ён пайшоў у магазін і не вярнуўся.

Калегі Суворава сцвярджаюць, што ноч Яўген правёў у Цэнтральным РАУСе, дзе праглядалі відэа з акцый пратэсту, якія праходзілі пасля выбараў у Гомелі.

Уранні 29 кастрычніка Суворава даставілі на допыт у Следчы камітэт як сведку ў справе гібелі 25-гадовага гамяльчаніна Аляксандра Віхора. У “Моцных навінах” раней быў размешчаны відэаролік затрымання амапаўцамі Віхора ў цэнтры Гомеля, а праз два дні хлопец памёр пры нявысветленых абставінах. Каля абеду Суворава адпусцілі.

Затрыманне Яўгена Суворава – не першае ў рэдакцыі інфармацыйнага партала. На падставе міліцэйскіх пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах суды двойчы каралі штрафамі галоўную рэдактарку Ганну Якштас, а яе мужа Дзяніса, таксама супрацоўніка сайта, арыштоўвалі на 15 сутак, хоць абое яны асвятлялі пратэстныя маршы.

5 кастрычніка ў офісе рэдакцыі міліцыя зрабіла ператрус, у супрацоўнікаў забралі тэхніку і тэлефоны.

10-суткавы адміністрацыйны арышт адбыла ў ізалятары супрацоўніца “Моцных навін” Марына Драбышэўская, 14 сутак атрымала Надзея Пужынская. Апошнюю выпусцілі з ізалятара датэрмінова з прычыны кепскагя стану здароўя. А 26 кастрычніка Пужынская перастала выходзіць на сувязь. Пакуль невядома, дзе зараз знаходзіцца Надзея. Рэдакцыя сцвярджае, што супрацоўніца не знайшлася ні ў ІЧУ, ні ў СІЗА, ні ў райаддзелах міліцыі рэгіёна.

“Усе гэтыя затрыманні, арышты, ператрусы  ствараюць пэўны хаос, ускладняюць працу інфармацыйнага рэсурсу. Даводзіцца тэрмінова шукаць замену. Але мы не апускаем рукі, не здаёмся. Людзям патрэбна непадцэнзурная інфармацыя, і гэта прыдае сілы”, – кажа заснавальнік “Моцных навін” Пётр Кузняцоў.


Няма запісаў для адлюстравання