Нескароныя

292
Фота: Адукар

Гісторыі Маргарыты і Варвары, якіх адлічылі з Універсітэта імя Янкі Купалы.

Абедзвюх дзяўчат адлічылі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Яны не шкадуюць, што адкрыта хадзілі на акцыі і падтрымалі агульнанацыянальную забастоўку. Але ў кожнай з іх свая гісторыя.

Маргарыта: «Прычыны простыя»

Маргарыта Шыша вучылася на 4-м курсе факультэта мастацтваў па спецыялізацыі “дызайн касцюма і тканін”. Сярэдні бал яе апошняй сесіі – 9,4. Яна атрымлівала павышаную стыпендыю.

Нескароныя
Маргарыта Шыша

Дзяўчына распавядае, што ў аўторак ужо не змагла ўвайсці ў асабісты кабінет на ўніверсітэцкім адукацыйным партале, а ў сераду за ёй прыйшлі на лекцыю і ў аўдыторыі азнаёмілі з загадам рэктара Ірыны Кітуркі аб яе адлічэнні з універсітэта.

“Прычына ў маёй актыўнасці, – кажа дзяўчына. – Я была сярод арганізатараў студэнцкага стачкама, актыўна паводзіла сябе на сустрэчы з рэктарам і старшынёй аблвыканкама, удзельнічала ва ўсіх пратэстных акцыях, якія адбываліся ва ўніверсітэце, а ў панядзелак прайшлася з іншымі па калідорах галоўнага корпуса пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў падтрымку бастуючых…”

Маргарыта кажа, што яе тройчы выклікалі на савет прафілактыкі, яшчэ яна мае дзве вымовы, і вось цяпер для калекцыі ёсць і загад аб адлічэнні.

З ёй, па сутнасці, ніхто ні з адміністрацыі, ні з кіраўніцтва факультэта на развітанне не пагаварыў. Спрабавалі не дазволіць сфатаграфаваць загад, але яна гэтага дамаглася. 

Усё пачалося з выбараў

Дзяўчына распавядае, што да гэтага часу не праяўляла ва ўніверсітэце грамадскай актыўнасці, не належала да БРСМ і іншых арганізацый, паколькі яе найбольш цікавіла вучоба.

“Вучыцца вельмі цікава, столькі новага адкрываеш”, – распавядае яна.

А вось калі былі выбары, калі адбылося насілле над мірнымі людзьмі на вуліцы, у міліцэйскіх пастарунках, у следчых ізалятарах, маўчаць стала немагчыма.

“Ну так, мяне адлічылі, але якая розніца, калі гэтай краіне і так не патрэбны чэсныя людзі, – пераканана дзяўчына. – Тыя, хто выходзіць супраць гэтага, добра разумеюць наступствы для сябе. Я таксама гэта разумела…”

Маргарыта лічыць, што яе адлічэнне – гэта і ёсць працяг гвалту, рэпрэсій над тымі, хто дамагаецца справядлівасці. 

Бацькі, напэўна, даведаюцца з інтэрнэту

Сваім хатнім Маргарыта яшчэ нічога не сказала і не ведае, як бацькі на гэта адрэагуюць, хаця іх погляды на тое, што адбываецца ў краіне, такія ж, як і ў яе.

Што датычыцца выкладчыкаў на факультэце, то Маргарыта кажа, што яны падтрымліваюць студэнтаў, наколькі гэта магчыма. Сёння адзін з іх сказаў, што, нават калі яе і адлічылі, на яго лекцыі яна заўсёды можа прыходзіць.

Аднагрупніцы са шкадаваннем паставіліся да таго, што Маргарыты з імі не будзе. У некаторых з яе сябровак таксама ёсць папярэджанні і вымовы. Такім чынам адміністрацыя ўніверсітэта хоча напалохаць астатніх, але, паводле слоў дзяўчыны, гэта толькі напружыць сітуацыю. 

«Калі не атрымаецца вучыцца – буду працаваць»

Канешне, яна хоча вучыцца далей, але пакуль не вядома, як гэта можа атрымацца. Будзе спрабаваць уладкавацца ў які-небудзь універсітэт за мяжой, ёсць праграмы для студэнтаў, адлічаных у Беларусі за палітычную дзейнасць.

“А калі нічога не атрымаецца – пайду працаваць, – кажа дзяўчына. – У мяне ўжо ёсць пэўныя навыкі, ёсць практыка, я змагу зарабіць на жыццё”.

Маргарыта не баіцца змяніць спецыяльнасць і заняцца нечым іншым. 

Варвара: «Мяне адлічылі, калі я была ў шпіталі»

Варвара Грынюк таксама была студэнткай 3-га курса факультэта мастацтваў па спецыяльнасці “дызайн”. Дзяўчына выглядае не зусім здаровай: вельмі кволая, з бледным тварам.

Нескароныя
Варвара Грынюк

Яе затрымлівалі ў Гродне на пратэстах у жніўні, потым на “Маршы адзінства”, складалі пратаколы, выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі па крымінальнай справе.

“Пасля ўсіх гэтых затрыманняў і выклікаў у мяне абвастрыліся хранічныя хваробы, – распавядае дзяўчына. – Мне патрэбна было класціся на аперацыю, давялося збіраць аналізы. З-за каранавіруса шпіталізацыя некалькі разоў адкладвалася, але 14 кастрычніка мяне ўсё ж паклалі. І ў гэты ж дзень быў падпісаны загад аб адлічэнні з універсітэта”.

Варвара даведалася аб гэтым пасля таго, як вярнулася са шпіталя. Адразу за гэтай навіной з’явілася яшчэ адна.

“Мне патэлефанавалі з каледжа мастацтваў і сказалі, што я павінна выплаціць за навучанне там звыш 16 тысяч рублёў. Справа ў тым, што ў каледжы я навучалася на бюджэце і адразу пасля заканчэння без адпрацоўкі паступіла ва ўніверсітэт. І вось паколькі два гады не адпрацавала – патрабуюць грошы”.

Цікава, што з універсітэта Варвару фармальна выключылі за пропускі заняткаў, але, кажа дзяўчына, раней ёй тэлефанавалі з дэканата, і яна папярэдзіла, што мае бальнічныя лісты за ўсе прапушчаныя дні. Ёй тады казалі: маўляў, няма праблем, прынясіце адпаведныя паперы. З факультэта больш ніхто не тэлефанаваў, а загад рэктара аб адлічэнні прыслалі па пошце.

Варвара мае намер апратэставаць загад рэктара праз суд, але пакуль не ўяўляе, як уладкоўваць сваё жыццё.

“Добра, што мама мая ўсё разумее і падтрымлівае, – кажа Варвара. – Хаця перажыванняў было вельмі шмат”. 

«Мне было складана заставацца дома»

Хоць Варвара і выглядае кволенькай, кажа, што не баялася хадзіць на акцыі пратэсту. Яе вяло тое, што яна бачыла, як збіваюць і калечаць мірных людзей.

“У такой сітуацыі мне складана заставацца дома. Думаю, калі людзі перастануць выходзіць на акцыі, то жыць стане яшчэ горш. Калі мы ўсе будзем маўчаць, то гэта ніколі не скончыцца”.

Дзяўчына плануе, калі атрымаецца, працягваць вучобу, паколькі ёй вельмі падабаецца яе спецыяльнасць, яна ўвесь час траціла толькі на заняткі. У выпадку, калі такой магчымасці не будзе, давядзецца шукаць працу.

Варвара разумела, што яе могуць выключыць з універсітэта за яе дзейнасць, але не магла застацца ў баку ад таго, што адбываецца.

“Цяпер сядзець і плакаць не мае сэнсу, – упэўнена дзяўчына. – Трэба мяняць сітуацыю…”.

Публікацыя з 86 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання