Курапаты не абысці, не аб’ехаць…

450
Курапаты не абысці, не аб’ехаць…
Міхась Скобла

Я сяджу ва ўтульнай чытальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі, перада мною на стале – анталогія “Расстраляная літаратура” з творамі знішчаных падчас сталінскага тэрору беларускіх пісьменнікаў. У ёй 66 аўтараў, а магло быць у два-тры разы болей. Кажу гэта з упэўненасцю, як адзін з укладальнікаў той анталогіі. Бо на руках і ў мяне, і ў маіх старэйшых паплечнікаў па працы над “Расстралянай літаратурай” Лідзіі Савік і Кастуся Цвіркі засталіся цэлыя папкі матэрыялаў, якія проста не маглі змясціцца ў 700-старонкавым томе.

У штучным рыштоку пры лесвіцы плюскоча вясёлая вада, а высока пад шкляным дахам бібліятэкі свіргочуць на паваротках монарэйкавыя трамвайчыкі, якія развозяць кнігі па дзясятках чытальных залаў на розных паверхах. У тым ліку і кнігі тых 66…

Магчыма, па той пакручастай рэйцы едзе да маладога чытача ў студэнцкую залу паэтычны зборнік “Чарнакудрая радасць” расстралянага ў Курапатах Анатоля Вольнага – з вокладкай, аздобленай пад слуцкі пояс.

Магчыма, універсітэцкі прафесар у зале навуковай літаратуры з нецярпеннем чакае “Анталогію новай англійскай паэзіі”, якая выйшла ў 1937-м. Анталогія друкавалася, а аднаго з яе аўтараў – Юлія Таўбіна – у гэты час везлі на расстрэл у Курапацкі лес.

А можа, дзесьці пры зрыхтаваным сканеры заклапочаны выдавец чакае “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры” Ігната Дварчаніна, каб падрыхтаваць яе факсімільнае перавыданне? Хрэстаматыя выйшла ў 1927-м, укладальніка расстралялі праз дзесяць гадоў. Ён, доктар філасофіі, аўтар напісанай па-чэшску манаграфіі пра Скарыну, пакінуў пасля сябе яшчэ і вельмі яскравы дакумент – свае турэмныя паказанні:

“Являюсь выходцем из контрреволюционной партии… в 1917 г. активно участвовал в контр.-рев. нацдемовских съездах… сотрудничал в контр.-рев. газете «Беларуская Рада»…помещал в ней свои контр.-рев. стихотворения… печатался в контр.-рев. газете «Вольная Беларусь»… в деревне Погири Слонимского уезда внедрял в массы националистические и контр.-рев. идеи… в Вильно связался с контр.-рев. Национальным комитетом и Школьной радой… в 1921 г. отправился в Латвию для ведения контр.-рев. националистической работы… в Праге в университете (1921–1926) проводил среди студентов контр.-рев. работу… в Вильно в 1927 г. на средства нацдемовской Громады издал контр.-рев. «Хрестоматию белорусской литературы»…”

У якім стане гэтыя паказанні пісаліся – больш чым відавочна. Думаецца, любыя іншыя аналагічныя паказанні, выбітыя ў падсудных на следстве, падпісаныя імі пасля бясконцых допытаў амаль у непрытомным стане, могуць быць сведчаннямі толькі супраць тае сістэмы, якая ўсё гэта прыдумала і ажыццяўляла.

Прыгавораны да расстрэлу ў 1935-м паэт Сяргей Фамін пасля абвяшчэння прысуду, ратуючы сябе, раптам… заспяваў “Інтэрнацыянал”. І яго не расстралялі ў Менску, а адправілі ў ГУЛаг, дзе праз некалькі гадоў яшчэ раз далі вышку, але ўжо па іншым артыкуле…

Хачу гэта падкрэсліць – у 1937 годзе ў Беларусі працаваў адладжаны канвеер смерці, які сістэматычна і мэтанакіравана вынішчаў нацыянальную эліту, і цывілізаванай Еўропе да гэтага не было аніякай справы. Французскія пісьменнікі прыязджалі ў Савецкі Саюз, захапляліся збудаваным на людскіх касцях Беламорканалам, пісалі пра Сталіна хвалебныя кнігі.

А ў Беларусі, праз якую яны праязджалі, сістэматычна забівалі іх калег. З прыкладна 2000 загубленых у СССР падчас бальшавіцкага тэрору літаратурных работнікаў кожны пяты, паводле падлікаў даследчыка Леаніда Маракова, – беларускі. І гэта невыпадкова. Без культурнай эліты няма народа – таму крамлёўскі правадыр заўсёды выдаваў беларусам павышаную квоту “па першай катэгорыі”.

У НКВД быў свой чэмпіён сярод катаў – капітан Матвееў, які за пяць дзён уласнаручна расстраляў больш за 1000 асуджаных. Потым у таго капітана ягоныя ж саслужбоўцы ўзялі пісьмовыя тлумачэнні: як жа ты справіўся? І той падрабязна і без лішніх эмоцый апісаў, колькі разоў на дзень выязджаў на “оборудованное место”, як правяраў памеры ям 4х4, падрыхтоўваў пісталеты…

Пікам тэрору сталася ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года – тады ва ўрочышчы пад Мінскам былі расстраляны 103 беларускія пісьменнікі, навукоўцы, дзеячы культуры. Курапаты для ўсяго свету сталі сімвалам беззаконня і дзяржаўнага тэрору. Для ўсяго свету, але не для беларускіх улад.

Два гады таму пад ціскам грамадскасці ў Курапатах быў нарэшце ўсталяваны помнік ахвярам сталінскага тэрору – нібыта пры спрыянні дзяржавы, коштам афіцыйнага прафсаюза. І вось дзіўна – помнік стаіць, але такое адчуванне, што паставілі яго дзеля адчэпнага. За гэтыя два гады ў Курапатах не было праведзена ніводнага ўшанавальнага мерапрыемства з удзелам улад. Ніводнага! Курапаты не сталі для іх месцам дзяржаўнага смутку і дзяржаўнага пакаяння. Хоць расстрэльвалі там ад імя дзяржавы…

Але беларускі народ, з якім дзяржава, як выглядае, размінулася 9 жніўня і ўсё далей разыходзіцца на гістарычным шляху, у бліжэйшую нядзелю, напярэдадні Дзядоў, збіраецца прыйсці ў Курапаты. Іх не абысці, не аб’ехаць. І гэта заканамерна, бо нашчадак з продкам – асабліва ў часіну выпрабаванняў – павінны быць разам. І ніякі АМАП ім у гэтым яднанні перашкодзіць не зможа.

Публікацыя з 86 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання