Эдуард Акулін: «Як быццам пабываў у 37-м…»

600
Эдуард Акулін: «Як быццам пабываў у 37-м…»
Фота Георгія Ліхтаровіча

Вядомы беларускі паэт і бард распавёў “Народнай Волі” пра тое, што ён убачыў у следчым ізалятары.

Эдуард Акулін быў затрыманы раніцай 26 кастрычніка, калі стаяў у ланцугу салідарнасці ў мінскім мікрараёне “Малінаўка”. На наступны дзень ён быў вызвалены, а справа адпраўлена на перагляд.

“Я дома, – напісаў паэт пасля выхаду з ізалятара. – У двары іграе “Нагуаль”, а ў душы гучыць “Паланэз Агінскага”. Вялізны дзякуй усім за словы падтрымкі, вашу духоўную Еднасць і Любоў!

Я ўcчулены і расчулены да слёз. Неўзабаве адбудзецца суд па маёй справе. Спадзяюся, што ўсё будзе добра, як і павінна быць. Бо мы верым, можам, пераможам! Нас – мора! Мы – сіла! Жыве Беларусь!”

– Шчыра кажучы, зараз не надта добра сябе пачуваю, таму што, мякка кажучы, умовы ўтрымання ў Жодзінскім ІЧУ былі далёкія ад “чалавечых”, – кажа Эдуард АКУЛІН. – Камера без ацяплення, усю ноч было адчынена акно. Паўтара сутак правёў без пітной вады і ежы.

Без штодзённых прагулак ціск узняўся да 160/110. Пачаліся ангіна і кашаль, галаўны боль. Таму зараз стараюся аднавіць здароўе.

– Вас затрымалі на праспекце Дзяржынскага?

– Так, мы стаялі ў ланцугу салідарнасці, і ў нейкі момант пад’ехаў белы бус з АМАПам, і адбылося затрыманне. Пасля амаль цэлага дня, які правёў у Маскоўскім РУУС, у Жодзіна везлі ў атазаку, у металічнай клетцы, якая нагадвала кунсткамеру. У поўнай цемры. Спачатку нас было трое, затым да нас “падсялілі” яшчэ двух затрыманых, і ў гэтых людзей не было магчымасці сядзець. Яны стаялі паўтары гадзіны, сагнуўшы галовы з-за знарок нізкай столі, пакуль нас спачатку вазілі па Мінску, а затым везлі ў Жодзіна.

Я прапаноўваў хлопцам памяняцца месцамі, але гэта былі студэнты, таму, шануючы мой узрост, яны ўвесь час ветліва адмаўляліся. Па прыездзе ў ізалятар аўтазак загналі ў нейкае памяшканне, але не заглушылі матор, і хвілін дзесяць нам у “кунсткамеру” ішлі выхлапныя газы. Каб неяк цалкам не задыхнуцца, мусілі закрываць шчыліны вентыляцыі рукамі. Калі ж нарэшце заглушылі рухавік і ўключылі святло, то на столі я заўважыў засохлыя плямы крыві, якія засталіся ад папярэдніх “пасажыраў”.

Пасля аўтазака нас пагналі па бясконцых калідорах, увесь час падганяючы бруднай лаянкай і знявагамі. Дзякуй Богу, што не білі дручкамі, але суправаджалі, як самых злосных злачынцаў. Прымушалі станавіцца тварам да сцяны ў два шэрагі. Адзін раз я стаў не так, як трэба, і адразу атрымаў удар у спіну. І ўвесь час з двара даносіўся брэх аўчарак. Кажу, як на духу: у мяне ўзнікла адчуванне, нібыта трапіў у 37-ы год.

Затым прымусілі распрануцца дагала і тройчы прысядаць, як быццам мы выходзілі на вуліцу, прабачце, з заточкамі ў адным месцы.

Запыталіся пра хранічныя хваробы, я сказаў, што ў мяне гіпертанія і хранічная язва страўніка. Ізноў пачуў брудную лаянку ад маладога вертухая з каментарыем: “Трэба было сядзець дома, а не бадзяцца па вуліцах”. На што я адказаў, што гэта мая асабістая справа, дзе сядзець і дзе хадзіць. “Ну вось і пасядзіш цяпер”, – кінуў мне ў спіну турэмшчык.

– Колькі чалавек было ў камеры?

– У камеру, дзе было восем ложкаў, змясцілі 16 чалавек. Потым пасярод ночы аднаго хлопца некуды забралі. Як ужо казаў, батарэі не працавалі, матрацаў не было, і яшчэ нейкі час чакалі, што іх выдадуць. Якое там!

Затым прывезлі студэнтаў БНТУ, амаль усе яны былі пабітыя. Іх у аўтазаках прымушалі стаяць на каленях, таму прыехалі з сінякамі, у аднаго была падвернутая нага, аднаму выбілі сківіцу, але па дарозе ён яе сам паставіў на месца. Іх 11 гадзін (!) трымалі ў двары, таму прыехалі ўшчэнт акалелыя і галодныя.

Акно ў камеры нельга было зачыніць, таму што яно было закратаванае. Святло гарэла ўсю ноч, ляжалі па два чалавекі на голых нарах, у такіх умовах заснуць практычна немагчыма. Холад быў невыносны, бо я, выходзячы на вуліцу з дому, апранаўся не для знаходжання ў турэмным ізалятары.

Вечарам нас не пакармілі, сняданку і абеду таксама не дачакаліся. Ваду можна было піць толькі з-пад крана, але я не рызыкнуў гэта рабіць. Пітную ваду, аказваецца, тут усё-такі выдавалі, але, як кажуць, масла ў кашу, ды не ў нашу. А пасля абеду пачаліся суды. Я на судзе сказаў, што мяне даставілі без пратакола, запатрабаваў адваката, а таму разгляд справы перанеслі на 30 кастрычніка.

Дарэчы, суд адбудзецца ў Крупках, бо, аказваецца, сваіх суддзяў ужо не хапае з-за велізарнай колькасці затрыманых. Нас вывозілі, а на наша месца адразу ж прывозілі іншых. Няспынны рэпрэсіўны канвеер…

– Ці падтрымлівалі вы моладзь у камеры? Можа быць, вершы ім чыталі?

– Я падтрымліваў студэнтаў, як толькі мог. Пазнаёміліся, размаўлялі… Кожны распавядаў, дзе і як яго затрымалі. Хлопцы ў мяне пыталіся: “А як нам сябе паводзіць? Можа, трэба раскаяцца?” Тлумачыў, што гэтага нельга рабіць ніякім чынам. Нагадаў, што мы сядзім у адным месцы з Марыяй Калеснікавай, якая магла б паказваць нам свае сардэчкі з Вільнюса альбо з Варшавы, але яна разам з намі – за кратамі.

І мяне слухалі, бо так атрымалася, што я быў самы старэйшы ў камеры. Ды і кампанія сабралася прыстойная – студэнты, а таксама культурныя і дасведчаныя людзі з вышэйшай тэхнічнай і гуманітарнай адукацыяй.

Дарэчы, у аднаго студэнта, які быў разам з намі ў камеры, праз тыдзень планавалася вяселле, і ён вельмі прасіў усіх, хто выйдзе раней, патэлефанаваць яго бацьку з просьбай адкласці святкаванне ў тым выпадку, калі хлопец атрымае суткі арышту.

…Хачу сказаць, што сёння над беларусамі адбываецца самы сапраўдны генацыд, не толькі фізічны, але і маральны, і я, шчыра кажучы, не чакаў такога. Дакладна – 37-ы год. Тыя ж страшныя калідоры следчага ізалятара, падзямеллі, зверскія вокрыкі і лаянка, брэх аўчарак…

А ў амапаўцаў, якія мяне затрымлівалі, я ўбачыў проста звярыныя вочы. Мяне не білі (магчыма, таму, што паспеў паказаць журналісцкае пасведчанне), а двух іншых хлопцаў, якіх затрымалі разам са мной, уткнуўшы тварамі ў падлогу, лупцавалі дубінкамі абсалютна ні за што. Такая была агрэсія! Відаць, хочуць такім чынам застрашыць моладзь, каб іншым разам у іх ужо не было жадання ісці на акцыю.

– Магчыма, нейкія радкі напісалі ў следчым ізалятары?

– Нейкія радкі пачалі пісацца, але потым прывялі ў камеру студэнтаў – і замест вершаў пачалася будзённая гаворка пра жыццё і палітыку. Але без паэзіі не абышлося.

Я распавёў хлопцам, што нас затрымалі ў дзень памяці майго студэнцкага сябра, геніяльнага беларускага паэта Анатоля Сыса, і прачытаў ім страфу з верша Анатоля:

У гэтай краіне не маю я дому,
Вось воблака – сяду і ў свет палячу
Над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
Ні грошай, ні славы – я волі хачу.

Сам жа я яшчэ напярэдадні затрымання напісаў верш “Мора”. І ён менавіта пра тое, што сёння адбываецца ў краіне.

Хай слепяць нас газам,
страляюць у голаў, –
не высахла з часам
Крывіцкае мора…
Народнае гора
ад слёз не мялее…
Крывіцкае мора
ад гневу шалее!
Не ведаюць страху
нашчадкі герояў…
Нас поўніць адвагай
Духоўная зброя!
Купалавы песні…
Пагоня Максіма…
Заб’юць – уваскрэснем!
Нас – Мора! Мы – сіла!

Публікацыя з 86 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання