«Яны ўжо ваююць не толькі са сваім народам, але і з рэлігіяй і з Богам…»

2562
Фарны касцел у Гродне

Кіраўнік Каталіцкага касцёла на Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч каторы месяц не можа вярнуцца на радзіму. Беларускія ўлады не пусцілі яго ў краіну і да гэтай пары рабяць выгляд, што нічога неардынарнага не адбылося. Тым часам ва ўсіх касцёлах краіны працягваюць маліцца за вяртанне архіпастыра, але відавочна, што голас вернікаў пакуль нікім не пачуты. 

«Ён зрабіў гэта як сапраўдны хрысціянін і іерарх…»

Фарны касцёл у Гродне ў гэтыя дні падаецца нейкім сумным, хоць на восеньскім сонцы даволі ярка блішчыць яго бірузовы дах і гадзіннік па-ранейшаму праз кожны квадранс паведамляе гараджанам дакладны час.

Зараз у касцёле адбываецца ўрок катэхізіса для дзяцей. Наведвальнікаў няшмат, яны заходзяць і выходзяць, нагадваючы бесперапынны рух у метро. Кожны знаходзіць сабе месца, дзе можа ўкленчыць і памаліцца, пабыць сам-насам з Богам.

З маладым вернікам Станіславам размаўляем пад статуяй Хрыста, які нясе на сабе крыж і працягвае руку на захад. Сёння цёпла і вельмі камфортна на вуліцы. Мой суразмоўца, нягледзячы на няпростую для яго тэму, разважае спакойна.

Ён абураны тым, што ў краіну не пускаюць кіраўніка Каталіцкага касцёла на Беларусі. І ганарыцца сваім мітрапалітам, які смела выказаўся пра фальсіфікацыю вынікаў выбараў і асудзіў насілле ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

“Ён зрабіў гэта як сапраўдны хрысціянін і іерарх, за што і трапіў у няміласць”, – упэўнены хлопец. 

«Нехта ж павінен быў за ўсіх нас заступіцца…»

Пані Вераніка вядзе праўнукаў на заняткі па катэхізісе. Ёй за 80, але яна пастаянна ходзіць у касцёл. Пачуўшы маё пытанне пра мітрапаліта Кандрусевіча, прыпынілася і цяжка ўздыхнула. Сама яна з навакольнай вёскі, полька, але чысцютка размаўляе па-беларуску.

Распавядае: у іх усе жыхары збіраюцца штовечар у касцёле і моляцца за мітрапаліта. Усіх гэтае пытанне хвалюе.

“Людзі хочуць ведаць, чаму яго не пускаюць у краіну, калі ён тут нарадзіўся, мае беларускае грамадзянства”, – неўразумявае сталая жанчына.

А аргументы Лукашэнкі адносна таго, што мітрапаліт нібыта атрымаў у Польшчы нейкае “заданне”, паводле яе меркаванняў, лухта.

“Мітрапаліт сказаў людзям праўду, – пераканана пані Вераніка. – Хтосьці ўрэшце мусіў за нас заступіцца, калі Лукашэнка па-ўсякаму абзываў наш народ, прыніжаў, падманваў на выбарах…”

Жанчына расхвалявалася, нават заплакала, але падбеглі праўнукі і пачалі супакойваць…

«Балюча, што вернікі не могуць скасаваць гэтую несправядлівасць»

У Бернардзінскім касцёле толькі лясы для рэнавацыі алтара нагадваюць пра нешта зямное. Атмасфера традыцыйна ўрачыстая і ўзнёслая. На беларускай службе заўсёды шматлюдна.

З пані Паўлінай, пачаўшы размову на пагорку перад касцёлам, кідаем позірк то ў бок будынка абласнога тэатра, то на савецкі танка, які дулам скіраваны ў бок заходняй мяжы. Гэтыя віды старога Гродна вельмі сімвалічныя для нашага дыялогу.

Пані Паўліна параўноўвае сітуацыю з мітрапалітам з тым, што ў Беларусь ужо больш за 20 гадоў не можа прыехаць Зянон Пазняк, які быў лідарам адраджэння нацыі на пачатку 1990-х.

Ёй гэта вельмі баліць, бо жанчына ставіцца да свайго арцыбіскупа з вялікім шанаваннем.

“Памятаю, як мы засноўвалі беларускую каталіцкую грамаду, колькі цёплых слоў падтрымкі ад яго чулі, колькі сіл тады ён нам даў!” – успамінае жанчына.

Ёй згадваюцца службы мітрапаліта Кандрусевіча ў францысканскім касцёле, асабліва казань, у якой ён распавядаў пра Максіміліяна Кольбэ, каталіцкага святара, які па сваёй волі пайшоў на смерць у Асвенцыме дзеля незнаёмага чалавека, – у вернікаў на вачах былі слёзы. І сам пастыр, пераканана пані Паўліна, ідзе тым самым шляхам…

“Цяпер нічога дзіўнага, што пасля гэтых падзей мітрапаліт Кандрусевіч сказаў праўду, хоць яму гэта дорага каштавала”, – кажа яна.

Ёй вельмі балюча, што вернікі ў Беларусі бездапаможныя, не могуць скасаваць несправядлівасць у адносінах да свайго мітрапаліта.

“Мы цяпер добра разумеем, што кожны з нас можа быць на яго месцы. Кожнаму з нас у любы момант могуць адмовіць ва ўездзе на радзіму”.

Жанчына спадзяецца, што Тадэвуш Кандрусевіч адчувае іх малітву за яго. Бо ўсе каталікі Беларусі прагнуць яго вяртання на радзіму. 

«Мы молімся за яго разам з праваслаўнымі вернікамі»

Касцёл у мікрараёне “Дзевятоўка” падчас імшы запоўнены людзьмі. Служба вядзецца на польскай мове. Шмат дзяцей і моладзі.

Пан Мечыслаў і пані Ірэна – сталыя прыхажане, дапамагалі пры будаўніцтве касцёла. Пані Ірэна кажа, што падчас імшы тут заўсёды шмат людзей.

Мы сядзім на лавачцы перад касцёлам і гаворым пра мітрапаліта Кандрусевіча. Пані Ірэна сумна заўважае, што, пераследуючы яго, Лукашэнка тым самым пераследуе ўсіх каталікоў Беларусі.

“Касцёл заўсёды пераследаваўся пры Лукашэнку, праўда, ніколі так жорстка, як зараз, – упэўнена жанчына. – І цяпер мы баімся, што Лукашэнка можа выдварыць усіх духоўнікоў, якія прыехалі з Польшчы і працуюць тут”.

Паводле яе слоў, на малітвы за мітрапаліта да іх у касцёл прыходзілі і праваслаўныя гродзенцы. Яны былі на службах мітрапаліта, калі ён прыязджаў у Гродна раней, і іх таксама гэта хвалюе.

“Гэты чалавек умее слухаць людзей, гаварыць з імі, даць надзею, падтрымаць…” – ціха кажа жанчына.

Пан Мечыслаў сумна дадае, што каталікам у Беларусі застаецца толькі маліцца, і на гэта адзінае спадзяванне, бо ніхто не пойдзе да Лукашэнкі, каб прасіць яго злітавацца.

“Увесь свет цяпер пабачыў, што ў Беларусі ёсць сапраўдны арцыбіскуп, які на справе даказаў вернасць вучэнню Хрыста. І мы ім ганарымся”, – кажа мужчына.

«Так нізка гэты рэжым яшчэ не апускаўся»

З праваслаўнага сабора на вуліцы Ажэшкі пасля службы выходзіць шмат людзей: маладыя і старэйшыя, дзеці. Жанчыны нешта абмяркоўваюць, мужчыны ідуць моўчкі. Звіняць званы з нагоды нядзельнай службы.

Разгаварыліся з Андрэем, сярэдняга веку чалавекам. На службы ён ходзіць пастаянна. Таксама вельмі заклапочаны тым, што адбываецца ў краіне.

Калі я запытаўся ў яго пра каталіцкага мітрапаліта, ён, трохі задумаўшыся, адказаў мне пытаннем: ці чуў я пра нападкі на гродзенскага епіскапа Арцемія, які таксама публічна ў царкве асудзіў фальсіфікацыі на выбарах і насілле над мірнымі пратэстоўцамі?

“Але тое, каб мітрапаліт не мог уехаць у краіну… – ківае галавой мой суразмоўца. – Для мяне гэта быў шок!”

Паводле слоў Андрэя, Лукашэнка і яго ўлада так нізка яшчэ не апускаліся.

“Яны ўжо ваююць не толькі са сваім народам, але і з рэлігіяй і з Богам…” – сумна заўважае мужчына.

Публікацыя з 86 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання