Ці будзе спынены тэхналагічны працэс на ААТ «Гродна Азот»?

1267
Сітуацыю на «Гродна Азот» замоўчваюць
Фота https://www.google.by

Учора забастоўка на прадпрыемстве працягвалася, хоць не вядома, колькі дакладна рабочых бралі ў ёй удзел.

Як распавёў адзін з работнікаў прадпрыемства, у цэху “Карбамід-4” за пультам знаходзяцца інжынерна-тэхнічныя спецыялісты. Таму вытворчы працэс пакуль не спыніўся.

Рабочыя знаходзяцца ў цэху на выпадак, калі можа здарыцца пазаштатная сітуацыя, але змены не прымаюць.

Дыялогу паміж рабочымі і наймальнікам не атрымліваецца, адміністрацыя не хоча слухаць патрабаванняў, паколькі яны палітычныя.

Пару дзён таму быў затрыманы і асуджаны на 30 сутак актывіст Незалежнага прафсаюза Аляксандр Жук. Яму інкрымінавалі ўдзел у двух несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

У сераду раніцай на некаторых сайтах з’явіўся здымак загада дырэктара прадпрыемства аб звальненні 11 рабочых. Адміністрацыя абвергла гэтую інфармацыю. Праўда, ніякіх дадзеных аб тым, колькі работнікаў на прадпрыемстве адмаўляюцца працаваць, таксама няма.

У Незалежным прафсаюзе патлумачылі, што, згодна з калектыўнай дамовай, любое звальненне павінна быць узгоднена з прафсаюзам. Але ніякіх падобных узгадненняў адміністрацыя не праводзіла. Дарэчы, сябры прафсаюза ўдакладнілі, што некаторым работнікам анулявалі пропускі на прадпрыемства, але пазней вярнулі іх на працу.

З’явілася інфармацыя, што адміністрацыя пачынае звязвацца з былымі супрацоўнікамі прадпрыемства, якія знаходзяцца на пенсіі. Праўда, згодна з інструкцыямі, пасля перапынку ў працы на год і болей работнік абавязаны прайсці шасцімесячную стажыроўку і здаць экзамены.

Афіцыйна паведамляецца, што прадпрыемства працягвае працаваць у штатным рэжыме, тэхналагічныя працэсы не спынены і прадукцыя выпускаецца ў поўным аб’ёме.

Адзін з былых супрацоўнікаў “Гродна Азот” параіў пачакаць тыдзень – тады, маўляў, будзе бачна, працуе завод ці ўсё ж тэхналагічны працэс спынены.

Публікацыя з 86 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання