
Нагадаем, што ў нядаўнім фінале турніру WTA Арына Сабаленка без асаблівых складанасцяў перамагла Вікторыю Азаранка. Матч быў гістарычным, бо ўпершыню ў фінальнай гульні на спаборніцтвах такога ўзроўню сустрэліся дзве беларускі.
Для Арыны гэты турнір наогул стаў феерычным, бо акрамя адзіночнага разраду яна атрымала перамогу разам з бельгійкай Эліс Мертэнс і ў парным.
Чым Сабаленка збіраецца займацца пасля гэтых перамог?
“Магчыма, з’ем што-небудзь салодкае, хаця разумею, што салодкае – гэта зло, – кажа спартсменка. – Правяду час з сям’ёй, адпачну… Потым злятаю ў Расію да сяброўкі, адсвяткуем яе дзень нараджэння. Затым вярнуся дадому і буду рыхтавацца да новых матчаў”.
Акрамя таго, першая ракетка Беларусі парадавала балельшчыкаў пазітыўным фотаздымкам на сваёй старонцы ў Instagram, хаця апошнім часам адбылася непрыемная палеміка паміж Арынай і яе падпісчыкамі.
Напярэдадні наведвання аднаго з матчаў хакейнага мінскага “Дынама” Арына Сабаленка пачала на сваёй старонцы абмяркоўваць макіяж, пасля чаго ёй напісалі: “Сорамна, Арына, за цябе. Не ўсё ў свеце вымяраецца грашыма. Ёсць моманты, калі такія, як ты, павінны не маўчаць, а не касметыку абмяркоўваць”.
“Сорамна за вас! – адказала і Сабаленка. – У вашым узросце пара б ужо паразумнець. Ну нічога, на жаль, і такіх зямля носіць”.
Пасля гэтага тэнісістка прачытала шмат “кампліментаў” у свой адрас і вымушана была апраўдвацца і ўдакладніць уласную пазіцыю: “Якое метадычнае цкаванне! І вы хочаце, каб разумныя людзі былі з вамі? І праўда лічыце, што вам дазволена за мяне вырашаць, на чыім я баку?
Можна абражаць мяне і людзей, якія адмаўляюцца ўдзельнічаць у вашай нібыта барацьбе за справядлівасць? Ці, па-вашаму, тое, што вы пішаце толькі мне, гэта мірныя выказванні?
Я супраць гвалту і казала пра гэта публічна! Але я не звалілася з Луны і не магу заплюшчыць вочы на ўсё тое, што зроблена для краіны ў цэлым і для спорту ў прыватнасці.
Я не заклікала і не заклікаю нікога з вас быць на чыімсьці баку. Тым больш праз пагрозы і абразы. Свой пункт гледжання і свае заклікі публікуйце на сваіх старонках. Тое, за які вы свет і за якую справядлівасць, я начыталася ў каментарыях. Не я вырашаю, каго затрымліваць, а каго не. Я не валодаю матэрыяламі ніводнай справы. Я ніколі не ўдзельнічала ў палітыцы і не збіраюся. Я буду балець за спартсменаў любога віду спорту, і мне не важна, на чыім яны баку. А ўсё, што вы пішаце, гэта ніякі не мір, а агрэсія, злосць і нянавісць.
Яшчэ раз: я – за мір, за тых, хто робіць сваю працу, за тых, хто не правакуе людзей на гвалт, злосць і агрэсію. Я супраць гвалту з любога боку і ніколі яго не апраўдаю. Але ўсё пачынаецца з сябе”.
Зрэшты, крыўда ў балельшчыкаў засталася, а таму не ўпусцілі яны магчымасць падкалоць Сабаленка нават пасля яе трыумфу ў Чэхіі.
“Арына, прызавыя ад апошніх перамог ты ўжо пералічыла ў Фонд салідарнасці спартсменаў?” – запыталіся ў спартсменкі на форуме.