Валерый Карбалевіч: Навошта зачынілі мяжу?

1821

Валерый Карбалевіч, палітолаг, піша ў сваім тэлеграм-канале.

Інфармацыя аб зыкрыцці мяжы з Латвіяй, Літвой, Польшчай, Украінай стала поўнай нечаканасцю для ўсіх. Зроблена гэта было ў горшых беларускіх традыцыях. Тут прававы абсурд у кубе.

Па-першае, у цывілізаваных краінах аб закрыцці мяжы аб’яўляецца загадзя, называюць дату, каб усе маглі падрыхтавацца. У Беларусі гэта зроблена нечакана, раптам, явачным парадкам.

Па-другое, у нармальных краінах такое рашэнне прымаецца нейкім прававым актам вышэйшых органаў улады. Хоць бы пастановай ураду. У нашым выпадку пра гэта паведаміў прадстаўнік памежнага камітэту ў вуснай форме. Гледзячы па ўсім, ніякага дакументу дасюль няма.

Па-трэцяе, некалькі гадзін у краіну не пускалі грамадзян Беларусі. Што з’яўляецца поўным прававым сваволлем.

Навошта? Вясной Беларусь была адзінай краінай Еўропы, якая не зачыняла межаў. Лукашэнка гэтым моцна ганарыўся.

Тлумачэнне памежнікаў (у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй) не вытрымлівае крытыкі. Бо, з Расеяй чамусці не зачыняюць мяжу. Таксама не перапыняюцца чыгуначныя і авіазносіны.

Думаю, насамрэч прычына тут палітычная. Некалькі дзён таму прадстаўнікі памежнага камітэту паведамлялі, што не прапусцілі ў Беларусь нейкіх падазроных людзей з Літвы ці Польшчы, якія, мусіць, ехалі, каб ажыццявіць тут рэвалюцыю.

То бок цяперашняе рашэнне аб закрыцці мяжы сведчыць пра тое, у якім нервовым стане знаходзіцца вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы. Яно спачатку стварае нейкую прапагандысцкую карцінку пра замежнае ўмяшанне. Потым само пачынае верыць у свой міф і на гэтай падставе прымае рэальныя рашэнні. Кола замыкаецца. Беларусь хуткімі тэмпамі набліжаецца да Паўночнай Карэі.


Няма запісаў для адлюстравання