
Дацэнт кафедры рускай і сусветнай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны Наталля Суслава далучылася да народнага ўльтыматуму дзейнаму ўладнаму рэжыму і абвясціла з 29 кастрычніка страйк.
Напярэдадні Суслава перадала ў аддзел кадраў універсітэта дзве заявы: пра далучэнне да агульнанацыянальнага страйку і немагчымасць супрацоўніцтва з структурамі вну з прычыны звальнення супрацоўнікаў універсітэтаў і студэнтаў, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, пратэстуюць супраць несумленных выбараў і гвалту сілавікоў.
“Апошняй кропляй у маім рашэнні далучыцца да страйку стала абразлівае выказванне Лукашэнкі на адрас страйкуючых студэнтаў і выкладчыкаў: “Мы ў лепшым выпадку загонім іх пад плінтус”. Не збіраюся нікуды ні залазіць, ні вылазіць, а таксама моўчкі глядзець, як працягваюць чыніць гвалт сілавікі ў дачыненні да ўсіх тых, хто выходзіць на мірныя пратэсты. Інтэлігенцыю ўжо заганялі “пад плінтус” акурат 29 кастрычніка восемдзесят тры гады таму”, – кажа Наталля Уладзіміраўна.
Яна дадае, што ніхто з рэктарата з ёю не гутарыў пасля падачы заяў, а загад на звальненне, хутчэй за ўсё, будзе заўтра.
Наталля Суслава – адна з самых аўтатырэтных выкладчыкаў на філалагічным факультэце, яна – кандыдат філалагічных навук, два дзесяцігоддзі выкладала ва ўніверсітэце рускую і сусветную літаратуру. Сумленне не давала ёй заставацца ў баку ад падзей, якія адбываюцца ў краіне. За ўдзел у акцыях пратэсту выкладчыцу штрафавалі і двойчы каралі арыштам.