“Магутны Божа” гучыць грамчэй і грамчэй: зорка беларускай оперы Ілля Сільчукоў запісаў моцнае відэа

1095
Ілля Сільчукоў. Фота: chronograph.livejournal.com
Ілля Сільчукоў. Фота: chronograph.livejournal.com

Саліст Вялікага тэатра Беларусі Ілля Сільчукоў, лаўрэат трох Гранд-прэмій спецыяльнага фонда прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2008, 2009, 2010) і 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў, запісаў моцнае відэа, у якім выканаў твор “Магутны Божа”.

Словы да яго напісала Наталля Арсеннева ў 1943 годзе, у 1947-м кампазітар Мікола Равенскі паклаў іх на музыку, пасля чаго “Магутны Божа” для беларускага эмігранцкага руху стаў сапраўдным рэлігійным гімнам. У пачатку 1990-х гадоў твор прапаноўвалі зрабіць афіцыйным дзяржаўным гімнам Беларусі.

Нагадаем, што Ілля Сільчукоў трапіў у спіс на звальненне артыстаў Опернага тэатра, якія 27 кастрычніка правялі акцыю салідарнасці, заспяваўшы перад пастаноўкай “Царская нявеста” “Магутны Божа”.

У кліпе зняўся вядомы беларускі акцёр Павел Харланчук, які 26 жніўня разам з большасцю трупы Купалаўскага тэатра і іншымі супрацоўнікамі звольніўся ў знак пратэсту супраць гвалту і беззаконня ў нашай краіне.

Раней Беларуская праваслаўная царква не рэкамендавала для выканання “Магутны Божа”, мітрапаліт Веніямін матываваў такое рашэнне тым, што гэта спеў свецкага характару, і ён нібыта падзяляе беларускае грамадства. Яму адказала дачка кампазітара Равенскага: “Варта было б падзякаваць Богу за народ, які ад сэрца ўзносіць малітву, а не бярэцца за зброю”.


Няма запісаў для адлюстравання