Каля пакутнага крыжа — у Гомелі ўспаміналі “ноч растраляных паэтаў”

265

Вялікая група гамяльчан прыехала ўвечары 29 кастрычніка да пакутнага крыжа на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы, каб ушанаваць памяць растраляных мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсій. Гэта незабыўная дата ў навейшай гісторыі Беларусі, яе часам называюць «чорнай ноччу» альбо «ноччу растраляных паэтаў». Менавіта ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года сталінскія энкавэдысты забілі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 12 выбітных літаратараў.

Паказальна, што каля крыжа разам былі грамадскія актывісты старэйшага пакалення і маладзейшыя гараджане, якія зараз бяруць чынны ўдзел у пратэстных акцыях супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Адкрываючы жалобную імпрэзу, грамадскі актывіст і палітык Уладзімір Кацора адзначыў, што наўкол ў лесе ляжаць невядома колькі (спісу няма), але зразумела, што тысячы нявінных людзей. КДБ і МУС даюць адказы, што не ведаюць, дзе і каго расстрэльвалі ў гады сталінскіх рэпрэсій. Аднак былі раскопкі гомельскіх навукоўцаў-археолагаў, якія ўстанавілі, прынамсі, тры месцы масавых расстрэлаў. У гэтых месцах сіламі дэмакратычнай супольнасці горада ўсталяваны пакутныя крыжы.

«Для нас усіх, старэйшых і маладзейшых, важна памятаць пра тыя жахлівыя падзеі, каб яны не вярнуліся, не паўтарыліся. Апошнія падзеі ў краіне паказваюць, што беларусы прачнуліся, яны дбаюць пра сябе і будучыню сваіх дзяцей. І мы будзем надалей збірацца тут, пакуль на гэтым ды іншых жалобных месцах не паўстануць мемарыялы. Я ўпэўнены, што гэта будзе пры новай уладзе, якая будзе дбаць не пра сябе самую, а пра нашу гісторычную памяць, пра дэмакратычныя пераўтварэнні, эканамічныя рэформы, каб Беларусь заняла сваё пачэснае месца ў шэрагу цывілізаваных дэмакратычных краін», – сказаў Кацора.

Ён нагадаў, што мясцовыя актывісты ў памятныя даты наведваюць магілы і памятныя месцы, звязаныя з іменамі гомельскіх барацьбітоў за вольную Беларусь – Палуты Бадуновай, Цімоха Вострыкава, Рыгора Клімовіча, Міхася Жызнеўскага. Сёлета да гэтага спісу, на жаль, дадаўся і Аляксандр Віхор, 25-гадовы гамяльчанін. Амамапаўцы жорстка затрымалі яго ўвечары 9 жніўня ў цэнтры Гомеля, а праз два дні ён не выйшаў на волю – памёр пры нявысветленых абставінах.

Да падножжа памятнага крыжа, дзе былі ўстаноўлены партрэты выбітных гамельчан, ускладзены жывыя кветкі. Прысутныя запалілі ліхтарыкі і скончылі жалобную імпрэзу купалаўскімі словамі: “Жыве Беларусь!”.

Каля пакутнага крыжа — у Гомелі ўспаміналі “ноч растраляных паэтаў”Каля пакутнага крыжа — у Гомелі ўспаміналі “ноч растраляных паэтаў”Каля пакутнага крыжа — у Гомелі ўспаміналі “ноч растраляных паэтаў”


Няма запісаў для адлюстравання