Забастоўка на «Гродна Азот» пачыналася пры начных ліхтарах

138
Забастоўка на «Гродна Азот» пачыналася пры начных ліхтарах
Фото https://www.google.by

Ужо каля 7 гадзін раніцы на прахадной прадпрыемства стаялі блізу ста чалавек, якія адмаўляліся ісці на змену.

На вуліцы яшчэ не адключылі начное асвятленне, а да прахадной прыехалі два аўтазакі, вайсковыя машыны для перавозкі людзей і мікрааўтобусы з АМАПам.

Са слоў відавочцаў, пачаліся затрыманні, а рабочых заціснулі за прахадную на тэрыторыю прадпрыемства. Ужо пасля 8 гадзін раніцы побач з прахадной не было ніводнага чалавека.

А тым часам рабочыя цэхаў “Аміяк 3” і “Карбамід 4” адмовіліся прымаць змену і патрабавалі вярнуць затрыманых таварышаў.

Зранку перад прахадной давялося паразмаўляць з адным з рабочых, які выйшаў пасля начной змены. Паводле яго слоў, сілавыя структуры ўчынілі бязмежжа.

“Ну вось сілай заціснулі людзей за прахадную, але там яны да працы не прыступаюць, – распавядаў рабочы. – То што, можа, АМАП будзе стаяць каля кожнага, каб той працаваў?”

Тым часам у сеціве з’явілася інфармацыя, што каля пяцідзесяці супрацоўнікаў Гродзенскага навукова-даследчага і праектнага інстытута азотнай прамысловасці і прадуктаў арганічнага сінтэзу сабраліся перад уваходам у будынак на праспекце Касманаўтаў і адмаўляліся ісці працаваць.

З імі даволі жорстка размаўляла кіраўніцтва інстытута, адразу ставілі ўмову: альбо пішыце заяву, альбо ідзіце на працоўныя месцы. Пасля нядоўгай размовы супрацоўнікі пайшлі на свае працоўныя месцы, але запэўнілі, што працаваць не будуць.

Рабочыя “Гродна Азот” пачалі збірацца ў двары прадпрыемства. Да іх прыходзіў кіраўнік завода, галоўны інжынер і прасілі прыступіць да працы, але яны адмовіліся.

Зменнаму персаналу пачалі пагражаць звальненнем і адпраўляць дахаты.

Бліжэй да 11 гадзін стала вядома пра 13 чалавек, затрыманых ранкам на «Гродна Азот»: 12 супрацоўнікаў і адзін чалавек з групы падтрымкі бастуючых. Дваіх работнікаў цэха АКіКАС адпусцілі і даставілі на завод.

Тым часам на сайце “Гродна Азот” з’явілася інфармацыя адміністрацыі, што прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме. Акрамя гэтага, паведамлялася, што 26 кастрычніка была спроба дэстабілізацыі абстаноўкі. Маўляў, “каля прахадной сабралася каля 100 чалавек, але правакацыйныя дзеянні былі лакалізаваны”.

Прадпрыемства працуе, але, паводле паведамленняў у заводскім чаце, дзённая змена на той час, калі я быў ля прахадной “Гродна Азот”, так і не прыступіла да працы, а працавалі рабочыя з начной змены.

Бліжэй да 12 гадзін з Кастрычніцкага РАУС пачалі выпускаць затрыманых азотаўцаў. Яны распавялі, што ранкам затрыманых было шмат. Большасць выпусцілі без складання пратаколаў па арт.23.34, хоць пратаколы пры затрыманні складаюць на ўсіх.

Бліжэй да абеду з’явілася афіцыйная інфармацыя УУС Гродзенскага аблвыканкама. У ёй паведамлялася, што раніцай перад прахадной “Гродна Азот” сілавікі затрымалі 32 чалавекі, сярод якіх былі як работнікі прадпрыемства, так і звычайныя гараджане.

Бастуючых азотаўцаў падтрымалі студэнты ГрДУ і таксісты. Калона таксі з сігналамі праехала побач з заводам. Звычайныя грамадзяне ў чатах прапаноўвалі даставіць ежу для бастуючых работнікаў “Азота”.

Учора ў Гродне часткова не працавалі прыватныя прадпрыемствы і крамы, спынілі працу і некаторыя прыватныя прадпрымальнікі.

Публікацыя – з № 85 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання