У Рэчыцы звольнілі нафтавікоў, якія абвесцілі страйк

225
Спецыялісты УПГР
Спецыялісты УПГР "Беларуснафта", фота з адкрытых крыніц

У Рэчыцы з упраўлення прамыслова-геафізічных работ дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Беларуснафта” звольнены шасцёра спецыялістаў-нафтавікоў. 26 кастрычніка яны падтрымалі страйк, а ўвечары даведаліся пра звальненне.

Гэта начальнікі партыі прамысловай геафізікі Андрэй Коваль і Сяргей Палякоў, інжынер-электронік Уладзімір Кайлеў, машыністы Андрэй Кандраценка, Максім Сапончык і Андрэй Шульжонак. Напярэдадні яны запісалі відэазварот, у якім выказалі пратэст супраць гвалту і беззаконнасці ў Беларусі. Амаль усе мужчыны даўно працавалі ва УПГР “Беларуснафты”, мелі добрыя заробкі.

“Не ўсё вымяраецца грашыма – грошы мы заробім у іншым месцы. Ёсць яшчэ сумленне, а яно не прымае гэтую ўладу, якая чыніць над сваімі грамадзянамі гвалт і беззаконне”, – зазначыў у размове з журналістам “Народнай Волі” Сяргей Палякоў.

Рэчыцкія нафтавікі на маршы пратэсту ў Гомелі. Фота аўтара
Рэчыцкія нафтавікі на маршы пратэсту ў Гомелі. Фота аўтара

26 кастрычніка, у дзень далучэння да агульнага страйку, Сяргею споўнілася 36 гадоў. Ён бацька трох дачок, і дбае пра годную будучыню ў дэмакратычнай Беларусі. Кажа, што вельмі ўзрушаны падтрымкай калег з “Беларуснафты”, і не толькі іх, але і незнаёмых грамадзян, якія пішуць, тэлефануюць, выказваюць салідарнасць і прапануюць дапамогу.

Сяргей адмаўляецца ад матэрыяльнай дапамогі, тлумачыць, што мае на першы час “падушку бяспекі”. Пра тое, што іх звольнілі з прадпрыемства, мужчыны даведаліся з картак заробкаў, на якія ўжо вечарам паступілі разліковыя грошы. Да таго ж страйкоўцам тэлефануюць з галаўной базы і патрабуюць здаць спецвопратку, а гэта таксама прыкмета звальнення. Юрыдычна не можа быць звольнены толькі машыніст Сапончык, які афіцыйна знаходзіцца ў адпачынку.

Інжынеру-электроніку Уладзіміру Кайлеву 43. Ён скончыў Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт, у нафтаздабываючым аб’яднанні працаваў па спецыяльнасці амаль два дзесяцігоддзі.

“Далей я проста не мог бы жыць і працаваць з веданнем таго, што пабачыў: у краіне супраць свайго народа, па сутнасці, распачата вайна. У людзей страляюць, іх збіваюць, калечаць, кідаюць у турмы, штрафуюць, запалохваюць. А за што? За тое, што яны выходзяць на вуліцы і патрабуюць сумленных і справядлівых выбараў. Рэжым Лукашэнкі незаконна ўтрымлівае ўладу, і я не магу яго падтрымліваць сваёй працай”, – кажа Уладзімір.

Нафтавікі сёння былі каля вытворчай базы, але іх папярэдзілі калегі, што да прадпрымства з’язджаецца міліцыя, і яны пакінулі вытворчую зону.

Ва ўпраўленні прамыслова-геафізічных работ пазбягаюць каментарыяў пра звальненне спецыялістаў, а прэс-служба аб’яднання раіць дасылаць пісьмовы запыт.

Паводле неафіцыйных звесткак, страйкоўцы звольнены за “парушэнне працоўнага заканадаўства”.


Няма запісаў для адлюстравання