Павел БЕЛАВУС: «Мы не здаліся і не апусцілі рукі!»

196
Павел БЕЛАВУС: «Мы не здаліся і не апусцілі рукі!»
Павел Белоус

«Народная Воля» пацікавілася, як справы ў бізнесмена і стваральніка крамы symbal.by Паўла Белавуса.

Як паведамляла «Народная Воля», 23 чэрвеня крама абвясціла аб сваім закрыцці з-за празмернага ціску з боку ўлад. Беларусы адразу выстраіліся ў чаргу па вышымайкі, але прыехаў аўтазак, і іх пачалі затрымліваць. Сярод затрыманых тады быў і тэлевядоўца Дязніс Дудзінскі.

– Павел, якія навіны? Можа, хутка адкрыецеся?

– Мы да гэтага часу з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях разбіраемся. Цалкам перараблялі пажарную сістэму, адпаведную дакументацыю. А калі да нас прыходзілі з чарговым рэйдам, дык знайшлі новыя парушэнні. То бок да гэтага часу мы як фізічная крама яшчэ не можам працаваць – працягваем выпраўляць тое, на што ўказана.

– Як я зразумела, вы хочаце гэтую кропку на праспекце Машэрава захаваць?

– Так. Мы там і засталіся – гэтая кропка зараз працуе як офіс нашай інтэрнэт-крамы. Мы сёння фактычна вярнуліся да таго, з чаго і пачыналі: інтэрнэт-крама, дастаўка поштай і кур’ерскай службай па Мінску і Беларусі. У гэтым плане мы працу не спынялі.

– Што вам яшчэ трэба зрабіць, каб аднавіць працу крамы?

– Мы цалкам перарабілі пажарную сістэму, каб яна адпавядала ўсім магчымым сучасным нормам, але цяпер у правяраючых служб узніклі нараканні ўжо не да пажарнай сістэмы, а да вентыляцыі – трэба нейкія спецыяльныя датчыкі паставіць. І калі мы гэта даробім, яны чарговы раз прыйдуць і дадуць сваю рэзалюцыю – дапускаць памяшканне да эксплуатацыі ці не.

– З вентыляцыяй сур’ёзная праблема?

– Не вельмі, трэба паставіць дадатковае абсталяванне, але крыху забюракрытазаваная сістэма. Мы спачатку павінны звярнуцца ў абслугоўваючую кампанію, якая зробіць праект, паставіць патрэбнае абсталяванне, пасля пажарная інспекцыя павінна даць свой допуск. Потым мы павінны зноў запытацца ў пажарных, ці можам выкарыстоўваць памяшканне. Цяганіна, адным словам!

– І колькі гэта па часе зойме, па вашых падліках?

– Ну калі з першым пытаннем мы разбіраемся ўжо два месяцы, думаю, яшчэ месяц дакладна спатрэбіцца. Калі не знойдуць нейкія новыя зачэпкі. Але, у прынцыпе, мы не вельмі хвалюемся. Праца ідзе, замоў хапае, мы працуем, прычым даволі эфектыўна. Не сёння, дык праз месяц ці два адчынімся і пачнём працаваць. Пакуль і агулам ў краіне сітуацыя такога падвіслага неразумення: што будзе далей? Мы не скардзімся, бо бачым, што адбываецца ў краіне з бізнесам у цэлым, з асобнымі нашымі партнёрамі, кампаніямі – некаторым і рахункі заблакіравалі, і з памяшканняў выгналі.

Дарэчы, яшчэ цікавая гісторыя! Мы ж спрабуем разам з адвакатамі вярнуць майкі з надпісам «Псіхо3%». Адбыўся суд, нас аштрафавалі за няправільную перавозку тавару і няправільна аформленыя дакументы. Штраф мы аплацілі. І, здаецца, майкі павінны былі вярнуць. Але нам даслалі цікавую адпіску, што іх адправілі на нейкую экспертызу – быццам бы знайшлі там нешта ў складзе тканіны. Ну вось усё яшчэ чакаем вынікаў.

– Але, як кажуць, усё да лепшага! Зараз зробіце такую краму, дзе ўсё, ад вентыляцыі да пажарнай сістэмы, будзе па апошнім піску моды!

– Шчыра кажучы, мы ўжо даўно з гэтага памяшкання выраслі, і ў светлай беларускай будучыні, спадзяюся, будзем мець суперсучасную краму ў адным з папулярных гандлёвых цэнтраў Мінска.

– Дарэчы, а што зараз перашкаджае мець кропку, напрыклад, у тым жа “Грыне”?

– Камерцыйная рызыка. Мы можам, з аднаго боку, заехаць у нейкае памяшканне ў элітным месцы з дарагой арэндай, але гэты бізнес не вельмі стабільны, таму могуць і не рызыкнуць пусціць такую краму, як наша. Спрабаваць можна, але я ўпэўнены, што наўдрад ці нешта добрае з гэтага атрымаецца. Мы робім сваю справу, займаемся папулярызацыяй нацыянальных сімвалаў. Мы не здаліся, не апусцілі рукі, працуем, але на той хуткасці, на якой гэта зараз можна рабіць.

Публікацыя – з № 85 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы. 


Няма запісаў для адлюстравання