Парламент павінен быць аднапалатным

123
Парламент павінен быць аднапалатным
Фото https://www.google.by

Цяпер у грамадстве актыўна абмяркоўваюцца тыя змены, якія неабходна ўнесці ў дзеючую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. На мой погляд, няма неабходнасці мець у рэспубліцы двухпалатны парламент. Цяпер акрамя Палаты прадстаўнікоў існуе і Савет Рэспублікі. Ён як быццам мае пэўныя паўнамоцтвы. Адно з іх – разгляд і зацвярджэнне законаў, якія прыняты Палатай прадстаўнікоў. Але за 24 гады я не памятаю, каб Савет Рэспублікі адхіліў які-небудзь законапраект, прыняты Палатай прадстаўнікоў, каб была створана пагаджальная камісія з прадстаўнікоў абедзвюх палат. Гэты орган, я лічу, носіць чыста дэкаратыўны характар і ніяк не ўплывае на эканамічнае і сацыяльнае развіццё Беларусі.

Раней па тэлебачанні часта паказвалі рабочыя паездкі па краіне А.Лукашэнкі, і сярод світы, якая яго суправаджае, амаль заўсёды можна было бачыць старшыню Савета Рэспублікі Н.Качанаву, якая старанна заносіла ў блакнот часта банальныя разважанні Аляксандра Рыгоравіча. У такой адказнай асобы, напэўна, павінны быць іншыя заняткі. Дзеля таго каб занатоўваць выступленні прэзідэнта падчас паездак, дастаткова было б паслаць нейкую стэнаграфістку. На маю думку, тыя сродкі, якія ідуць на ўтрыманне Савета Рэспублікі, можна было б выкарыстаць у сферах аховы здароўя, адукацыі, навукі і гэтак далей.

Другая прапанова. Згодна з артыкулам 17 дзеючай Канстытуцыі, дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская. Але чамусьці законы прымаюцца толькі на рускай мове. Нават у савецкія часы Вярхоўны Савет прымаў законы на беларускай мове. Неабходна гэты падыход замацаваць у новай рэдакцыі Канстытуцыі.

Публікацыя – з № 85 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы. 


Няма запісаў для адлюстравання