Лех Валэнса: «Я хачу, каб у беларусаў усё атрымалася»

214
Сяргей Дылеўскі і Лех Валэнсаfot.Bożena Maj

Лех Валэнса на сустрэчы з Сяргеем Дылеўскім сказаў, што захапляецца адвагай беларусаў і жадае ім поспеху.

26 кастрычніка кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі сустрэўся ў Гданьску з Лехам Валэнсам, лідарам гістарычнага прафсаюзу «Салідарнасць» і першым прэзідэнтам Польшчы. Сустрэча з лідарам, які перамог камунізм, супала з пачаткам народнай забастоўкі ў Беларусі. У офісе Леха Валэнсы абмяркоўваліся пытанні рабочых прафсаюзаў і маральнага духу страйкоўцаў. Сяргей Дылеўскі задаваў пытанні, Лех Валэнса дзяліўся ўласным вопытам кіравання стачкамам у 1980-я.

Лех Валэнса падтрымлівае беларусаў, захапляецца іх адвагай і жадае поспеху. Першы прэзідэнт Польшчы выказаў гатоўнасць дапамагаць беларусам усімі спосабамі, пры гэтым падкрэсліўшы той факт, што асноўная праца зараз адбываецца ўнутры Беларусі.

«Тыя, хто апынуўся за мяжой, павінны забяспечваць фінансавую падтрымку і лагістыку, але асноўная ваша надзея – на чалавечыя рэсурсы, якія працягваюць змагацца ўнутры краіны. Мне вельмі хочацца, каб у беларусаў усё атрымалася», – сказаў Лех Валэнса. Ён дадаў, што беларусы павінны быць гатовыя да таго, што рэжым будзе перашкаджаць страйку ўсімі магчымымі спосабамі, але людзі не павінны гэтага баяцца. Менавіта забастоўкі рабочых набліжаюць перамогу народа над рэжымам.

«Барацьба працоўных за свае правы ў Польшчы была вельмі доўгай і цяжкай, яна расцягнулася на гады. Мы спадзяемся справіцца хутчэй», – заявіў Сяргей Дылеўскі. Былы кіраўнік страйкаму Мінскага трактарнага завода і член Прэзідыума Каардынацыйнага савета пакінуў Беларусь у сувязі з асцярогамі за ўласную бяспеку. Да гэтага Дылеўскі адбыў 25-дзённы арышт. 11 кастрычніка кіраўніцтва МТЗ вымусіла яго звольніцца, прыстрашыўшы пазбавіць працы бацькоў, якія таксама працуюць на МТЗ. Усяго Сяргей Дылеўскі прапрацаваў на МТЗ 12 гадоў.

«Нам у Беларусі не даюць рэгістраваць незалежныя прафсаюзы«, – казаў Сяргей. Лех Валэнса адказваў: «А вы не звяртайце на гэта ўвагу, задача рэжыму – ствараць вам цяжкасці. Важная не рэгістрацыя прафсаюза на паперы, важныя самі людзі».

Перад тым, як стаць на чале прафсаюз «Салідарнасць», Лех Валэнса быў электрыкам Гданьскай суднаверфі. У 1983 г. атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, а ў 1990 годзе стаў першым прэзідэнтам Польшчы, прабыўшы на гэтай пасадзе пяць гадоў. «Салідарнасць» давяла да звяржэння камуністычнага рэжыму ў Польшчы, таму рабочых Гданьскай суднаверфі праз 40 гадоў памятаюць і шануюць ва ўсім свеце як герояў. Пасля Леха Валэнсы ў Рэспубліцы Польшча замяніліся чатыры прэзідэнты.


Няма запісаў для адлюстравання