Чым займаецца ў Літве Аляксандра Герасіменя?

651
Чым займаецца ў Літве Аляксандра Герасіменя?

Больш за тыдзень прайшоў з таго часу, як вядомая беларуская плыўчыха з’ехала ў Літву, дзе ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.

Нагадаем, што Аляксандра Герасіменя была адным з падпісантаў пісьма супраць фальсіфікацый падчас выбараў і гвалту ў краіне, не баялася выказвацца пра тое, што адбываецца на самай справе.

Школа плавання Герасімені, у якой плыўчых вучыла дзяцей, аказалася адразу незапатрабаванай у Беларусі, спартсменцы адмовілі ў арэндзе басейнаў у школах. Маўляў, з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. Пад пагрозай арышту аказалася і сама Аляксандра, а таму прыняла рашэнне з’ехаць за мяжу.

Днямі ў Вільнюсе Аляксандра Герасіменя разам з экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай сустракалася з дэпутатамі парламента Швейцарыі.

Гаворка ішла пра дапамогу беларускім спартсменам, рэпрэсаваным за свае палітычныя погляды. Таксама ідуць перамовы аб патэнцыяльным дыялогу з Міжнародным алімпійскім камітэтам, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў швейцарскай Лазане.

“Мы разумелі, што нам патрэбны прадстаўнік на міжнародным узроўні і нехта павінен быў асабіста прадстаўляць фонд, – цытуе Аляксандру Герасіменю “Трыбуна” са спасылкай на Bangkok Post. – Тут, у Вільнюсе, я магу зрабіць больш, чым проста сядзець дома”.

Паводле слоў Герасімені, зараз фонд аказвае спартсменам пэўную фінансавую падтрымку і шукае магчымасці для навучання тых, хто быў звольнены.

“Я выдатна разумею спартсменаў Беларусі: калі яны выступяць супраць рэпрэсій, то рызыкуюць адмовіцца ад сваёй алімпійскай мары, – кажа спартсменка. – Гэта вельмі складана, таму што Алімпійскія гульні – галоўнае спаборніцтва для спартсмена, і трэба рабіць выбар.

Але мы хочам, каб Міжнародны алімпійскі камітэт падверг санкцыям НАК Беларусі. Спадзяёмся, што беларускім спартсменам дазволяць выступаць пад сцягам МАК”.

Публікацыя – з № 85 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы. 


Няма запісаў для адлюстравання