Як у Гомелі судзілі інваліда і шматдзетную маці

247
Санкцыянаваная
Санкцыянаваная "акцыя" гомельскіх амапаўцаў

У Гомелі 26 кастрычніка судзілі гараджан, схопленых напярэдадні апапаўцамі на гарадкіх вуліцах. У іх ліку інвалід 2-й групы Юрый. І хоць як такога пратэстнага шэсця ў горадзе ў мінулую нядзелю не было, інваліда затрымалі на вуліцы Савецкай каля інстытута “Гомельграмадзянпраект” і адправілі ў ізалятар, а сёння судзілі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

“Ішоў у аптэку, і на рагу вуліц Савецкай і Ірынінская апапаўцы схапілі мяне, кінулі ў аўтазак тварам на падлогу. Я казаў, што інвалід, але ніхто на гэта ўвагі не звяртаў. Са мной было яшчэ паўдзясятка чалавек. Прымушалі ўсіх, лежачы, трымаць рукі за галавой. Лаяліся: колькі вы будзеце хадзіць, чаго дома не сядзіцца?” – распавёў Юрый.

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алеся Осіпава на падставе артыкула 23.34 КаАП пакарала інваліда Юрыя 405-рублёвым штрафам.

Яшчэ трох чалавек суд пакараў арыштамі: двое атрымалі па 10 сутак, трэці маладзейшы – 15, бо ён спрабаваў збегчы падчас “хапуна”.

І сёння ж суд Навабеліцкага раёна аштрафаваў на 675 рублёў шматдзетную маці Наталлю Глазкову за ўдзел у пратэстных акцыях. Наталлю прывезлі ў суд з ізалятара, дзе яна знаходзілася чатыры дні, нягледзячы на наяўнасць у яе на выхаванні чацвярых малалетніх дзяцей. Супраць Наталлі супрацоўнікі навабеліцкага РАУС Марына Несцярчук і Віталь Кахно склалі два адміністрацыйныя пратаколы – за 27 верасня і 21 кастрычніка. Мнагадзетную  маці абвінавацілі ў актыўным удзеле ў недазволеных масавых мерапрыемствах, хоць 21 кастрычніка ніякіх масавых мітынгаў і шэсцяў не было. Проста Наталля сфатаграфавалася са сваімі знаёмымі з бел-чырвона-белым сцягам насупраць адміністрацыі Навабеліцкага раёна.

Яна і на судзе заявіла, што сцяг бел-чырвона-белага колеру не забаронены, і фатаграфавацца з ім можна. Да таго ж артыкул 35 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацый, пікетавання, якія не парушаюць грамадскі парадак. Аднак аргументы шматдзетнай маці суддзя Казлоў у разлік не ўзяў і вынес пастанову на штраф.

Пакарана буйным штрафам і Таццяна Бачурная. Яна таксама правяла ў ізалятары чатыры дні, хоць выхоўвае 7-гадовага сына. Таццяна разам з Наталляй Глазковай фатаграфавалася з нацыянальным сцягам каля раённай адміністрацыі. Міліцыя абвінаваціла Бачурную і ва ўдзеле ў недазволеным шэсці 27 верасня. Суддзя Аляксандар Зінчук у тлумачэнні маладой маці не паверыў і на падставе двух пратаколаў аштрафаваў яе на 810 рублёў.


Няма запісаў для адлюстравання