Біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў маліцца за пацярпелых, збітых і параненых

207
Біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў маліцца за пацярпелых, збітых і параненых

Каталіцкі біскуп, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архі-дыяцзэіі Юрый Касабуцкі апублікаваў у сваім фэйсбуку зварот.

«Дарагія мае сябры! Бог даў нам вельмі моцную і дзейсную зброю — дар малітвы. Мы вельмі шмат молімся за нашу Бацькаўшчыну, асабліва ў гэты складаны перыяд, цытуе Наша Ніва.

Хтосьці нават быў пакараны за сваю малітву, трапіўшы за краты альбо атрымаўшы штраф, бо камусьці не спадабалася месца малітвы.

Тое, што адбываецца ў нашай краіне, сведчыць аб неабходнасці ўзмоцніць нашу малітву, не спыняць яе і не баяцца цяжкасцяў.

Сёння [у нядзелю] наш народ атрымаў чарговую порцыю насілля і жорсткасці з боку «праваахоўнікаў», многіх брутальна затрымлівалі і кінулі за краты. Я заахвочваю маліцца за ўсіх пацярпелых, збітых, параненых…

Перш за ўсё, каб крыўда і боль не перараслі ў нянавісць і агрэсію, жаданне помсты… Каб усе мы змаглі захаваць сваю ЧАЛАВЕЧУЮ годнасць, салідарнасць, неабыякавасць, каб у гэтыя хвіліны выпрабаванняў мы падтрымлівалі адно аднаго і адчувалі сябе адным народам.

Я заахвочваю маліцца таксама за тых, хто дае і выконвае злачынныя загады, дае несправядлівыя прысуды… Мы асуджаем насілле, хлусню, несправядлівасць, але молімся за кожнага чалавека, нават калі бачым, што яго сэрца напоўнена злом і нянавісцю. Такому чалавеку найбольш патрэбна Божая ласка для зразумення пэўных рэчаў і пакаяння…

«МОЛІМСЯ ЗА НАШУ РОДНУЮ БЕЛАРУСЬ І ЗА НАШ ЦУДОЎНЫ НАРОД!!!», — заканчвае біскуп Юрый Касабуцкі.


Няма запісаў для адлюстравання