Гомельскі інвалід атрымаў тры штрафы за грамадзянскую пазіцыю, наперадзе — яшчэ суд

175
Аляксей Раманаў (на пярэднім плане) падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з жыхарамі Гомеля. Фота аўтара
Аляксей Раманаў (на пярэднім плане) падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з жыхарамі Гомеля. Фота аўтара

У Гомелі міліцыя працягвае ідэнтыфікаваць гараджан, якія ўдзельнічалі ў маршах пратэсту, складаць на іх адміністрацыйныя пратаколы і накіроўваць у суды.

23 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна быў пакараны інвалід 2-й групы Аляксей Раманаў. Суддзя Сяргей Кармановіч аштрафаваў яго на 810 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 6 верасня. На тым шэсці Раманаў нёс разам з іншымі пратэстуючымі вялікі плакат з надпісам “Свабоду палітзняволеным”. Гэта ўжо трэці штраф інваліду ад пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі ды працяглых пратэстных акцый супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.

Пратэстны марш гамяльчан 6 верасня. Фота аўтара
Пратэстны марш гамяльчан 6 верасня. Фота аўтара

У маі Аляксея  пакаралі 270-рублёвым штрафам за ўдзел у пікеце салідарнасці з арыштаваным блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Той жа суд Цэнтральнага раёна 21 ліпеня пакараў Аляксея Раманава штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў). Ён быў прызнаны вінаватым зноў-такі ў парушэнні парадку падрыхтоўкі ці правядзення масавага мерапрыемства – паводле  артыкула 23.34 КаАП. Выпадак амаль анекдатычны. У Дзень Незалежнасці Раманаў выправіўся на пляж, каб далучыцца да акцыі салідарнасці, якую гомельскія актывісты меліся спалучыць з адпачынкам. На набярэжнай ён заўважыў прыклееную на лаўцы лістоўку, на якой быў фотаздымак міліцыянера з Гродна, што нібыта паваліўся на пікеце Ціханоўскіх, з подпісам на рускай мове: “Милиция с народом. Мусор – с Лукашенко”. Аляксей папрасіў прахожага сфатаграфаваць яго побач. Гэты прахожы аказаўся супрацоўнікам міліцыі ў цывільным.

Неўзабаве інваліда Раманава будуць судзіць яшчэ і ў Хойніцкім раённым судзе – за абразу прэзідэнта. На пікеце ў гэтым райцэнтры, які праходзіў 28 ліпеня, Аляксей негатыўна выказаўся ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Следчыя раённага аддзела СК узбудзілі супраць Раманава крымінальную справу на падставе артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. Расследаванне ўжо скончана, пракуратура накіравала справу на разгляд у суд.

Як паведаміў сам Раманаў, у крымінальнай справе адзначаецца, што ён меў намер публічна абразіць прэзідэнта і “наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, паводле экспертызы, утрымліваюць негатыўную ацэнку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі”.

16 кастрычніка Аляксей Раманаў адзначыў свой юбілей – 50-годдзе з дня нараджэння. Да нядаўняга часу ён працаваў вахтавым метадам на нафтавых радовішчах у расійскай Сібіры. Сёлета перанёс складаную аперацыю з прычыны анкалагічнага захворвання, медыцынская экспертная камісія прызнала яго інвалідам. Нягледзячы на такі стан, Аляксей як валанцёр актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах Святланы Ціханоўскай і маршах пратэсту пасля выбараў.


Няма запісаў для адлюстравання