«Еднасці гэта не дадасць». Кіраўнік хору імя Цітовіча пра канцэрты ў Купалаўскім

1147
Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча
Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча

«Не ведаю чалавека, які не хацеў бы, каб купалаўцы вярнуліся ў свой дом. Ніхто не можа іх замяніць. Таму дарэмна ўчынілі такую акцыю. Няхай бы тэатр стаяў і чакаў сваіх дзяцей», – мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Міхась Дрынеўскі ставіць пад сумненне «культурную экспансію» на купалаўскую сцэну.

Міністэрства культуры выпраўляе яшчэ адзін знакавы калектыў у «творчую камандзіроўку» на сцэну Купалаўскага тэатра. У лістападзе там запланаваныя выступленні Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча. Кіраўніцтва ансамбля лічыць гэта кепскай ідэяй.

На драматычнай сцэне – танцы, джаз, фальклор

Пасля прэзідэнцкіх выбараў і брутальных здушэнняў пратэсту больш за паўсотні акцёраў і супрацоўнікаў разам з мастацкім кіраўніком і рэжысёрам Мікалаем Пінігіным пайшлі з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Апошні працоўны дзень Паўла Латушкі
Апошні працоўны дзень Паўла Латушкі

Так яны падтрымалі свайго дырэктара Паўла Латушку, звольненага рашэннем Міністэрства культуры за выказванне грамадзянскай пазіцыі. Усе спектаклі давялося скасаваць, 100-гадовы юбілей галоўная сцэна краіны сустрэла пустой.

Тым часам апальныя артысты запачаткавалі анлайн-праект «Купалаўскі», а чыноўнікі вынайшлі, як «ажывіць» галоўны тэатр краіны – паэксперыментаваць з няпрофільнымі праграмамі.

З 15 кастрычніка там выступаюць танцоры дзяржаўнага акадэмічнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Культурная супольнасць заклікала мастацкага кіраўніка Валянціну Гаявую адмовіцца ад танцаў «на касцях», але пазіцыю выказалі толькі музыканты аркестра. Той байкот каштаваў пасады дырыжору Івану Ерамеевічу, а нумары выконваюцца пад фанаграму – такога ў амаль 50-гадовай біяграфіі ансамбля не было.

Харэаграфічны ансамбль "Харошкі"
Харэаграфічны ансамбль “Харошкі”

Спачатку планавалася 10 канцэртаў да канца месяца, але абмежаваліся паловай. 26 кастрычніка сюды заязджае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. У адміністрацыі пацвердзілі, што апошняе з дзесяці выступленняў запланавана на 6 лістапада.

Як і ў выпадку з «Харошкамі», квіткі не прадаюць, у дзяржаўных установах размяркуюць запрашальныя білеты. А ўжо калі адгрыміць аркестр Фінберга, яго месца зойме спеўны калектыў імя Цітовіча. Гэта Свабодзе пацвердзіў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор славутага хору Міхась Дрынеўскі.

Аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга
Аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга

«Так, Купалаўскі ў нашым плане пазначаны на лістапад. А як будзе – сказаць складана, асабліва з улікам другой хвалі каранавіруса. Адзначу, што ў гэтым выпадку планаванне ідзе ад Міністэрства культуры, нам гэта падаецца як факт, бо мы распараджэннем урада маем статус дзяржаўнай установы», – удакладняе народны артыст Беларусі.

Паход на няпрофільную дзею – «абавязалаўка»

Раней Павел Латушка заклікаў патэнцыйныя калектывы-дублёры спыніць «маладушнічаць і дэманстраваць псеўдафілантропію». Толькі адмова ад выступленняў у родным доме купалаўцаў дазволіць ансамблю захаваць прафесійную рэпутацыю і чалавечае аблічча.

Народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі
Народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі

Бо першымі, хто вернецца на гэтую сцэну, павінны быць менавіта купалаўцы. Іначай гэта здрада культуры і пацярпеўшаму народу Беларусі, падсумаваў былы дырэктар.

«Я не ведаю чалавека, які не хацеў бы, каб купалаўцы вярнуліся, – рэагуе Міхась Дрынеўскі. – Вельмі шкада, што так атрымалася – гэта тэатр № 1, наш нацыянальны здабытак. Ніхто не можа іх замяніць. У гэтым сэнсе прэтэнзіі трэба выстаўляць міністэрству – даўно варта пайсці, пагаварыць з людзьмі. Хай бы людзі вярталіся і займаліся сваёй справай. І для мяне асабіста, і для іншых гэтая акцыя незразумелая – ні то разгон, ні то ігнараванне. Як ні круці, зусім не апошнія людзі ў мастацтве».

Суразмоўца не хавае, што з маральнага пункту гледжання ад узваленай місіі пачуваецца зусім не камфортна – гэта як заявіцца ў дом без дазволу гаспадароў. Такая сабе «творчая камандзіроўка».

«Лепш прыйсці ў госці і са шчырай усмешкай, чым вось так, – гаворыць мастацкі кіраўнік хору імя Цітовіча. – Усе мы людзі і хочам людзьмі звацца. Але пад шыльдай Міністэрства культуры мусіць быць зусім іншы ўзровень культуры, каб разабрацца ў сітуацыі… Гэта мне якраз далі інтэрв’ю Фінберга паглядзець, дык ён, як кажуць, “цвіце і пахне”, яго задавальняе, няма праблем. А ўсё нашмат складаней…»

Мінкульт загадаў – стаў «штрэйкбрэхерам»

Міхась Дрынеўскі лічыць, што ўлады дарэмна «сталі ў позу», спрабуючы пакараць «наравістых тэатралаў». З аднаго боку, ствараецца выключна імітацыя дзейнасці, абы не прастойваў будынак, а з іншага – нават гледачоў на выступленні мабілізуюць як «абавязалаўку».

Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча
Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча

«На мой погляд, дарэмна ўчынілі такі дэмарш. Няхай бы тэатр стаяў і чакаў, што называецца, сваіх дзяцей, – працягвае ён. – А цяперашняе рашэнне з маёй унутранай пазіцыяй не супадае, я гэта не баюся казаць. І нашы артысты таксама салідарныя з купалаўцамі, інакш і быць не можа».

Ці не асцерагаецца ён, што за выступленні на асірацелай купалаўскай сцэне і ягоны калектыў апынецца ў кампаніі «штрэйкбрэхераў» разам з «Харошкамі» ды аркестрам Міхаіла Фінберга? Міхась Паўлавіч кажа, што ў гэтым выпадку яму прасцей за маладзейшых калег: у вочы наўрад ці хто скажа, а «інтэрнэтамі» не карыстаецца. Ягоныя мэдыя выглядаюць «па-старыкоўску» – газеты ды тэлеканалы.

«Кожны мае права рабіць уласныя высновы, мабыць, і такое скажуць, – па-філасофску ставіцца ён да магчымых абвінавачванняў. – Мы дзяржаўныя людзі, існуем у пэўных рамках. Не вырашаем, хто і дзе выступае. Плюс адказнасць за людзей, калектыў немалы. Але чалавечыя пачуцці да калег былі і застаюцца. Паўтаруся: лепш бы абышліся без такой акцыі. Да таго ж публікі не будзе, дзеля каго ўсё? Прынамсі, еднасці не дадае. Наадварот, выклікае яшчэ большы раздрай».

Канцэртнага плана не дасягнуць – згоды таксама

Міхась Дрынеўскі называе 2020 год адным з самых складаных за свае амаль паўстагоддзя, аддадзеных Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму хору імя Генадзя Цітовіча. Праз адзін толькі каранавірус тройчы сыходзілі на каранцін. А цяпер вось яшчэ выпрабаванне Купалаўскім.

Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча
Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча

«Падчас першай хвалі каранавіруса два месяцы не працавалі ўвогуле, – кажа ён. – Потым лета, выступленняў няма, не сезон. У верасні ўпершыню выехалі на фестываль фальклору ў Ляскавічы на Гомельшчыне. Гэта было ў выходныя. А ў панядзелак калега пайшоў на перадаперацыйнае абследаванне, і выявілася, што ён з вірусам. І нас увесь аўтобус – 65 чалавек – зноў загналі на ізаляцыю. Паўгода проста выкінутыя. У міністэрстве думаюць, што цяпер кампенсуем страты. Зразумела, што ні плана не зробім, ні згоды ў грамадстве не дадамо».

Нацыянальны акадэмічны народны хор створаны ў 1952 годзе на аснове песеннага калектыву вёскі Вялікае Падлессе на Брэстчыне. Натхняльнікам стаў Генадзь Цітовіч – харавы дырыжор, фалькларыст, этнограф, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Міхась Дрынеўскі і ягоны хор
Міхась Дрынеўскі і ягоны хор

З 1975 года калектыў узначальвае мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Міхась Дрынеўскі, які пачынаў там хормайстрам. Летам адзначыць 80-гадовы юбілей. Ён народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», прафесар, знаўца народнай музыкі і фальклору.

За поспехі ў галіне харавога мастацтва і папулярызацыю беларускай нацыянальнай культуры ў 1983 годзе калектыву прысвоена званне акадэмічнага, у 1987-м нададзена імя Г.І. Цітовіча, а ў 2002-м статус нацыянальнага. Пастановай Савета Міністраў Нацыянальны акадэмічны народны хор атрымаў статус дзяржаўнай установы культуры.


Няма запісаў для адлюстравання