Валерый Карбалевіч: Моцныя і ўпэўненыя так не мітусяцца

1028
Сустрэча ўдзельнікаў праўладнага мітынгу і маршу пратэсту. Фота: spektr.press
Сустрэча ўдзельнікаў праўладнага мітынгу і маршу пратэсту. Фота: spektr.press

Чаму ўлады скасавалі мітынг у падтрымку Лукашэнкі? Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале піша беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч.

Апошні раз перад цяперашнім крызісам кіруючы рэжым збіраў мітынгі ў сваю падтрымку ў 1996 годзе. Гэта быў перыяд плебісцытарнай дэмакратыі, калі Лукашэнка апеляваў да народа праз галаву наменклатуры і ўсіх дзяржаўных інстытутаў. Тады ён змагаўся з апанентамі за ўсталяванне аўтарытарнага рэжыму, і яму патрэбна была падтрымка грамадства. Таму быў уключаны механізм палітычнай мабілізацыі прыхільнікаў у выглядзе мітынгаў.

Пасля таго як жаданае было дасягнута, патрэба Лукашэнкі ў публічнай грамадскай падтрымцы знікла. Асноўнай апорай стаў дзяржаўны апарат. Быў уключаны механізм дэмабілізацыі. Улады штучна стваралі атмасферу дэпалітызацыі, атамізацыі грамадства. Усе выбары ўлады імкнуліся правесці па-за палітычнай роўніцай, як тэхнічную працэдуру. Апошнім часам нават яўка грамадзян на ўчасткі для галасавання не была патрэбная, выбарчая машына сама давала патрэбны вынік. Насельніцтву дасылаўся мэсэдж: палітыка – не для народа, у краіне ёсць толькі адзін палітык, ён усё і вырашыць.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Лукашэнка таксама не бачыў неабходнасці мабілізаваць свой электарат. Былі толькі два кволыя пікеты ў Мінску. Стаўка звыкла рабілася на бездакорную працу дзяржаўнага апарата, выбарчай машыны і АМАП.

І толькі калі народ выйшаў на вуліцу, улада апамяталася. І пачала рабіць тое, чаго не толькі не рабілі чвэрць стагоддзя, але і з чым змагаліся. То бок уключыла рэжым мабілізацыі сваіх прыхільнікаў. Атрымалася непераканаўча. Колькасць людзей, якіх улады маглі загнаць на праўладныя мітынгі, была несувымернай з колькасцю добраахвотных удзельнікаў пратэсту. Вядома, што калі інструмент доўгі час не ўжываецца, то ён іржавее.

І самае галоўнае. Вось пракурор Мінска Алег Лаўрухін у эфіры тэлеканалу СТБ 18 кастрычніка заявіў, што праўладныя мітынгі не падпадаюць пад дзеянне закону «Аб масавых мерапрыемствах», бо яны арганізуюцца па ініцыятыве дзяржаўных органаў. Ніякага асаблівага сакрэту ён не адкрыў, аднак прызнанне адметнае. То бок праўладныя мітынгі праводзяць улады, мабілізуючы супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату і часткова бюджэтнікаў для падтрымкі самой улады. То бок самі для сябе. І аб’яўляюць гэта нейкай народнай акцыяй.

Значыць, гаворка ідзе пра суцэльную імітацыю народнай падтрымкі. Прычым усе разумеюць, што гэта імітацыя. Гэта разумее тая антылукашэнкаўская большасць, якая выходзіць на акцыі пратэсту. Гэта добра разумее наменклатура, якая сама іх арганізуе.
Тады навошта і для каго ладзіцца гэтая імітацыя?

Тут варта зазначыць, што ўся дзяржаўная сістэма цалкам заснаваная на імітацыі. У Беларусі няма нармальнага парламента, мясцовых саветаў, Канстытуцыйнага суда, судовай сістэмы, прафсаюзаў, выбараў і шмат чаго іншага. Ёсць толькі іх сурагаты. Для такой сістэмы імітацыя – норма.

Думаю, запланаваны мітынг павінен быў стварыць патрэбную карціну для двух адрасатаў. Найперш для тых людзей, якія атрымліваюць інфармацыю з БТ. І для самога Лукашэнкі. Мусіць, яго атачэнне імкнецца стварыць ілюзію, што ён яшчэ мае падтрымку народа.

Чаму ж скасавалі запланаваны на нядзелю мегамітынг? Зразумела, спасылку на каранавірус ніхто не ўспрымае ўсур’ёз. Бо калі планавалі мітынг, то хіба ўлады нічога не ведалі пра небяспеку пандэміі? Думаю, існуе некалькі прычын, якія не супярэчаць адна адной.

Магчыма, улады палічылі імаверную колькасць удзельнікаў праўладнага мітынгу і прыйшлі да высновы, што іх будзе менш, чым на альтэрнатыўнай акцыі праціўнікаў Лукашэнкі. І гэта магло мець адмоўны эфект.

Прымусовая мабілізацыя людзей пад пагрозай звальнення з працы магла выклікаць канфлікты ў некаторых працоўных калектывах. Шмат работнікаў адмаўляліся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. То бок мітынг мог выклікаць дадатковую канфліктагеннасць у грамадстве, што на фоне наэлектрызаванай сітуацыі стала б дадатковым фактарам незадавальнення рэжымам.

Дзве масавыя акцыі ў адным горадзе маглі б выклікаць сутыкненні паміж іх удзельнікамі.

Акрамя таго, у калону пад чырвона-зялёнымі сцягамі маглі пранікнуць людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі і сапсаваць усю гульню. Заклікі гэта зрабіць ужо гучалі ў сацыяльных сетках.

Нешта падобнае адбылося ў Румыніі ў 1989 годзе. Тагачасны дыктатар Нікалае Чаўшэску сабраў мітынг у сваю падтрымку. Але хутка мітынгоўцы сталі крычаць антыўрадавыя лозунгі, і Чаўшэску мусіў уцякаць. Небяспека паўтарэння той гісторыі, магчыма, спыніла ініцыятараў праўладнага мітынгу.

З увагі на тое, што праўладны мітынг прайшоў бы пад аховай міліцыі, разганяць, хапаць, біць удзельнікаў альтэрнатыўнай акцыі пратэсту выглядала б вельмі непрыгожа. Гэта звязвала АМАПу рукі. А так цяпер рукі развязаны.

Нарэшце, зусім канспіралагічная версія. Магчыма, адмена праўладнага мітынгу звязана з учорашнім візітам у Мінск дырэктара службы знешняй разведкі Расіі Сяргея Нарышкіна. Імаверна, ён прывёз Лукашэнку пасланне ад Пуціна, і, магчыма, змест яго быў прыкладна такі: трэба прымаць захады, каб разрадзіць палітычную атмасферу ў краіне, шукаць згоду, а не ствараць дадатковыя падставы для росту палітычнага напружання, абвастрэння канфлікту.

У кожным выпадку спачатку спроба арганізацыі мегамітынгу, а потым яго адмена сведчаць пра няўпэўненасць, слабасць існуючага рэжыму. Моцныя і ўпэўненыя так не мітусяцца.


Няма запісаў для адлюстравання