Уладзіслаў Кавалёў: «Гэта быў правільны ход…»

118
Уладзіслаў Кавалёў: «Гэта быў правільны ход…»
Уладзіслаў Кавалёў

Міжнародны гросмайстар распавёў «Народнай Волі» пра тое, чаму ён адмовіўся гуляць у чэмпіянаце Беларусі.

Уладзіслаў Кавалёў – адзіны беларускі шахматыст, які ўваходзіць у першую сотню лепшых гросмайстраў свету.

Ён павінен быў браць удзел у чэмпіянаце Беларусі, які гэтымі днямі праходзіць у краіне, але за некалькі гадзін да старту прыняў рашэнне адмовіцца ад удзелу ў турніры…

Шчыра кажучы, гэта было даволі нечаканае рашэнне і для мяне самога, – кажа Уладзіслаў КАВАЛЁЎ. – Чаму? Ды таму, што яшчэ зранку я меў намер удзельнічацьу чэмпіянаце, адмыслова рыхтаваўся да яго і збіраўся стаць пераможцам. Не было ніякіх папярэдніх планаў адмаўляцца ад першынства і рыхтаваць нейкі дэмарш. Але мяне да гэтага падштурхнулі.

– З гэтага месца падрабязней…

Падчас адкрыцця чэмпіянату да мяне падышла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі і ўручыла дадатковае пагадненне да кантрактаў спартсменаў.

У дакуменце быў прапісаны шэраг абмежавальных пунктаў, якіх раней не было. Наколькі я зразумеў, гэта было звязана з падзеямі, якія адбыліся ў краіне пасля выбараў, і з тым, што многія спартсмены выказалі сваю пазіцыю, якая адрозніваецца ад “генеральнай”.

Натуральна, мяне абурылі гэтыя абмежаванні. Мы маем Канстытуцыю, а людзі маюць права на абарону сваіх канстытуцыйных правоў. Чаму нейкія спартыўныя чыноўнікі абмяжоўваюць мае правы?

– Што канкрэтна вас абурыла?

Напрыклад, у дадатковым пагадненні ёсць пункт, які забараняе мне, калі падпішу дакумент, публічна выказвацца на нейкія тэмы без узгаднення з наймальнікам, даваць інтэрв’ю. Прабачце, але чаму я як грамадзянін не маю права свабодна выказацца на любую тэму? Чаму чыноўнік будзе вырашаць, што і каму мне казаць?

Яшчэ маецца пункт: спартсмен мае права насіць толькі дзяржаўную сімволіку і ніякую іншую. Хто ўстанавіў такія правілы? Гэта рэгламентавана Канстытуцыяй? Вярхоўны суд прыняў такое рашэнне? Калі сімволіка не экстрэмісцкая, дазволеная, то за што тады людзей прэсаваць і ставіць у такія рамкі, дзяліць на правільных і няправільных?

Адным словам, я адмовіўся падпісваць дадатковае пагадненне, за што мяне адразу ж паабяцалі звольніць. Прыйшоў дадому, яшчэ раз усё ўзважыў, пра ўсё падумаў і вырашыў, што такі дакумент падпісваць не буду.

Акрамя таго, прыняў рашэнне наогул не ўдзельнічаць у сёлетнім чэмпіянаце. І гэта быў правільны ход. Разам са мной адмовіліся выступаць на першынстве і яшчэ некалькі шахматыстаў.

– Як бацькі паставіліся да такога вашага ходу?

Нармальна, у 26 гадоў чалавек, напэўна, ужо мае права на нейкія самастойныя рашэнні. Любыя бацькі, безумоўна, заўсёды перажываюць за сваё дзіця, хочуць яму лепшага ў гэтым жыцці, але мы параіліся і пагадзіліся, што маё рашэнне было правільным.

– Вас ужо звольнілі з цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі?

Я звольніўся па пагадненні бакоў, бо разумеў, што кантракт усё роўна не працягнуць.

– Ёсць нейкія планы на бліжэйшую перспектыву?

Пакуль нічога не вядома, бо апошнім часам з-за пандэміі турніры і так не праводзіліся. Таму ніякай падтрымкі фактычна няма.

Але некалькі месяцаў таму я адкрыў сваю шахматную анлайн-школу (kovalevchess.com), таму, магчыма, гэта будзе пэўнай крыніцай прыбытку. У нашай школе абсалютна любы жадаючы незалежна ад узросту і пачатковага ўзроўню можа, не выходзячы з дома, навучыцца добра гуляць у шахматы. Дарэчы, у нас працуюць і некаторыя трэнеры, якіх таксама звольнілі за іх пазіцыю.

– На форумах балельшчыкі ўпэўнены: шахматыст такога ўзроўню без працы не застанецца. Ці ёсць у вашых планах выступленне за іншую краіну?

Хачу адзначыць, што я – патрыёт і, безумоўна, хацеў бы заўсёды выступаць за Беларусь. Калі гэта будзе немагчыма, то разгледжу ўсе варыянты, якія мне прапануюць.

– Зараз ідзе ціск на спартсменаў, з тым каб яны замаўчалі і не выказвалі сваю пазіцыю. І ў той жа час чыноўнікі кажуць, што спорт – па-за палітыкай…

Ціск, хачу заўважыць, ідзе не толькі на спартсменаў, а па ўсіх франтах. І я з такім падыходам катэгарычна не згодны! Кожны чалавек мае права на ўласнае меркаванне, і гэтага ніхто забараніць не можа. Але не ўсім падабаецца, калі ты кажаш праўду.

Публікацыя – з № 84 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання