У Гродне за ўдзел у пратэстах асуджаны доктар гістарычных навук

109
Алесь Смалянчук. Фота аўтара
Алесь Смалянчук. Фота аўтара

Суддзя Ленінскага суда Гродна Мікалай Сяргейка за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі аштрафаваў візіт-прафесара Варшаўскага ўніверсітэта і прафесара Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Смаленчука на 10 базавых велічынь (270 рублёў).

У судзе супраць прафесара Смаленчука ніхто не сведчыў, зачыталі толькі паказанні двух міліцыянераў, якія былі напісаны нібы пад капірку.

Яго абвінавацілі ў несанкцыянаваным шэсці пад бел-чырвона-белымі сцягамі, на якім пратэставалі супраць вынікаў выбараў і выкрыквалі лозунгі, і дадалі, што выкарыстоўваліся бел-чырвона-белыя шарыкі.

Алесь Смалянчук у сваю чаргу ні ў чым не апраўдваўся. Ён распавёў суду, што прысутнічаў на акцыі і пратэставаў супраць несправядлівасці, якая адбываецца ў Беларусі.

“Гэта было мірнае шэсце, не было ніякай пагрозы грамадскай бяспецы, і ніякіх законаў ні я, ні астатнія пратэстуючыя не парушалі”, – аргументаваў прафесар Смалянчук у судзе.

Тым не менш суддзя Сяргейка прыняў да ўвагі тое, што было запісана ў аднолькавых пратаколах міліцыі, і вынес рашэнне аштрафаваць прафесара Смаленчука на 270 рублёў.

Алесь Смалянчук найбольш вядомы гісторык у Гродне. Ён аўтар манаграфій пра гісторыю Гродзеншчыны, укладальнік гадавіка Homo historicus, адзін з кіраўнікоў праекта “Гарадзенскі палімпсест”. Сёлета Смалянчук быў узнагароджаны прэміяй Францішка Багушэвіча за цудоўнейшую манаграфію пра Рамана Скірмунта – “айца БНР”.

На суд падтрымаць гісторыка прыйшлі яго гродзенскія калегі і артыстка гродзенскага драматычнага тэатра, якую затрымалі на той самай акцыі.


Няма запісаў для адлюстравання