Страшэнныя пакуты Аляксандра Алмаева

1442
Страшэнныя пакуты Аляксандра Алмаева
 Аляксандр Алмаеў. Фота аўтара.

Гісторыя жыхара Рэчыцы, якога спрабавалі зламаць у ізалятары, каб не хадзіў на пратэсты.

Аляксандр Алмаеў вяртаўся з мітынгу, на якім людзі выказвалі пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Да яго раптам, ледзь не плачучы, падбегла жанчына, імя якой Алена.

– Дапамажыце, дзверы ў машыне ломяць – там муж з хлопцам!

Літаральна за 30 метраў ад вуліцы Савецкай незнаёмцы ў шлемах і балаклавах, падобныя на іншапланецян, абступілі легкавік, тузалі за ручкі дзвярэй, загадваючы адчыніць.

Муж Алены пусціў у салон маладога хлопца, якога «іншапланецяне» ганялі па дварах, і замкнуўся знутры, а тыя біць шкло ў машыне пакуль не рашаліся.

– Чаму не называеце сябе? Што зрабіў гэты хлапчына? – стаў дапытвацца Аляксандр у міліцыянтаў.

44-гадовы мужчына заўсёды хадзіў на мітынгі і шэсці са сцягам Незалежнага прафсаюза РЭП, бо сам з’яўляецца яго членам. Хадзіў і раіў пратэстоўцам, што рабіць, калі пачнуць ціснуць на працы за ўдзел ў масавых акцыях, да каго звяртацца па юрыдычную дапамогу. З сябе Аляксандр не баяўся, ён – рамеснік, сам сабе гаспадар, займаецца рэстаўрацыяй мэблі, разьбой па дрэве.

Міліцыянты адмахваліся ад Аляксандра, але ён не адступаў. І тут пад’ехала цывільная машына, з якой выйшлі сілавікі. Усе гуртам сталі штурхаць Алмаева ў салон, прымаўляючы: «Будзеш супраціўляцца – атрымаеш спецсродкамі».

Так Алмаеў апынуўся ў райаддзеле міліцыі, дзе на яго склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі і да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Галадоўка ў карцары

На другі дзень суддзя Марына Кацуба адмерала Аляксандру 8 сутак адміністрацыйнага арышту. Ніхто, па сутнасці, не разбіраўся, дзе затрымалі, пры якіх абставінах. Быў? Быў. Атрымай!

– У мяне быў высокі артэрыяльны ціск – 170 на 110, неаднаразова прыязджала хуткая дапамога, каб збіць яго. А тут яшчэ на прагулку не выводзяць. Я стаў абурацца, і мяне кінулі 3 верасня ў карцар. Палічыў гэта незаконным і абвясціў «сухую» галадоўку, – расказвае Алмаеў.

Карцар той, паводле слоў Аляксандра, стаў для яго сапраўднай катавальняй. Жалюзі вентыляцыі чамусьці аказаліся зачыненымі. Умывальніка не было, зеўраў толькі раструб каналізацыі, куды раней сцякала вада з умывальніка. З яго патыхала невыносным смуродам. Акенца ў карцары было таксама наглуха зачынена.

Алмаеў напісаў заяву начальніку ізалятара, каб захавалі для праверкі відэазапісы з дзвюх відэакамер, усталяваных у карцары, а яшчэ выпрасіў у аховы рулон туалетнай паперы.

– У мяне была маска супраць кавіду, я накруціў у яе туалетнай паперы і зрабіў затычку для каналізацыйнай трубы, каб хоць неяк паслабіць смурод. Напісаў дзве скаргі: апеляцыйную – на пастанову суда, другую – на нялюдскія ўмовы ўтрымання. Апошняя знікла недзе ў нетрах ізалятара, – распавёў Аляксандр. 

За судом – суд

З ізалятара Аляксандр выйшаў 7 верасня. Перад тым напісаў у кнізе заўваг пра жахі карцара і скаргу, на якую начальства не адрэагавала. Назаўтра мужчыну судзілі зноў. Усё тая ж суддзя Кацуба ўляпіла Аляксандру 10 сутак арышту за ўдзел у яшчэ адной несанкцыянаванай жнівеньскай акцыі. Міліцыя пладзіла пратаколы, а суддзі надавалі ім юрыдычную моц. Аляксандр ужо схільны быў лічыць, што мясцовыя ўлады помсцяць яму за двухгадовую цяжбу вакол афармлення купленага ім пад мастацкую майстэрню памяшкання, за якой стаялі карупцыйныя махінацыі з выдзяленнем зямельных участкаў.

Алмаеў папрасіў суддзю адтэрмінаваць выкананне пастановы на чарговы арышт, каб паспець даверыць камусьці даглядаць свой, як ён са смехам кажа, «аграхолдынг» – невялікую сядзібу ў горадзе, дзе ў Аляксандра гадуюцца куры і жыве сабака, гадаванец дачкі, які прыбіўся за ёю гады тры таму, калі яна вярталася са школы мастацтваў.

25 верасня Аляксандр ішоў у ізалятар адбываць суткі з лёгкай душой: «аграхолдынг» быў пад прыглядам паплечнікаў, бо сямейнікі асаблівай цягі да яго аграрных захапленняў не маюць; да таго ж у валізе ляжаў томік вершаў Ларысы Геніюш, кнігі па гісторыі Беларусі, гарбата, адзенне і нават цукеркі. 

Пра волю і «грушку на вярбе»

Сустрэча з ізалятарам вярнула «сядзельца» Алмаева ў рэчаіснасць. Для яго чамусьці не знайшлося ні пасцельных прыналежнасцяў, ні коўдры – толькі спаны-пераспаны голы матрац. Аляксандр напісаў скаргу начальніку ізалятара, але нічога не змянілася. Мела рацыю, думаў Аляксандр, паэтка Геніюш, калі пісала, што «жыццё – ня грушка на вярбе» і што воля зусім не змена меншай клеткі на большую.

Воля – ня тое, што рукі разьвяжуць,

зьменяць на большую клетку малую.

Воля – ня тое, што

«вольны ты» – скажуць.

Воля – то воля, якую адчую.

Напарнікам Аляксандра ў камеры быў гарадскі небарака Алег, якога сваякі перыядычна здавалі міліцыі за розныя правіннасці, а там яму выпісвалі «пуцёўку» за краты. З Алегам можна было і пагутарыць, і паразважаць хоць на якія тэмы. Чаму, напрыклад, нашы продкі з Вялікага Княства Літоўскага, маючы Магдэбургскае права, маглі выбіраць галаву горада, браць чынны ўдзел у размеркаванні гарадскіх даходаў, а праз паўтысячы гадоў у той жа Рэчыцы гараджане ніяк не ўплываюць на прызначэнне мясцовых кіраўнікоў? 

«Пяшчотныя» словы гаспадару

Усё перамянілася літаральна праз дзень. Алега нечакана перавялі ў іншую камеру, а Аляксандру падсялілі бадзяжніка.

– Я жахнуўся, – расказвае Алмаеў, – было адчуванне, што мяне зноў вярнулі ў карцар. Чалавек два месяцы не мыўся. З яго адзежы літаральна сыпаліся клапы, вошы, усё цела было пакрыта высыпкай і раскепінамі ад укусаў паразітаў. У мяне свядомасць адмаўлялася ўспрымаць, што такое можа быць з чалавекам.

Аляксандр абвясціў галадоўку. Ён прызнаўся, што надзвычай апасаўся набрацца ад такога суседства ўсякай «каросты» і занесці потым яе ў сям’ю. Дый чалавека нельга трымаць у дзяржаўнай установе, няхай сабе гэта ізалятар, без санітарнай апрацоўкі, дэзінфекцыі яго вопраткі.

Алмаеў стаў пісаць скаргі на ўмовы ўтрымання, патрабаваў сустрэчы з начальнікам ізалятара, кіраўніцтвам райаддзела міліцыі.

У адзін з вераснёўскіх дзён ахоўнік выклікаў Аляксандра з камеры і завёў у асобны кабінет з металічнай клеткай. У гэтую клетку і пасадзіў Аляксандра. Прасіў сустрэчу з начальнікам – сустракай.

Маёр Лабанаў, начальнік ізалятара, быў у масцы, трымаў дыстанцыю звонку клеткі.

– Я кажу яму пра вашывага суседа, а ён мне: ты – дэструктыўны элемент. Я яму пра матрац без пасцельнай бялізны, немагчымасць памыцца ў душы, а ён мне: ты еўра атрымліваеш за пратэсты. Начальнік хоць і быў у масцы, але па прымружаных вачах я бачыў, што ён проста пацяшаецца. Канешне, не сцярпеў, сказаў яму «пару пяшчотных слоў» – на тым сустрэча і скончылася, – прыгадвае Аляксандр. 

«Сядзелец» асобага складу

Пасля той сустрэчы Алмаеў напісаў скаргі ў Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру – расказаў пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары. Звяртаўся і да начальніка рэчыцкай міліцыі Міхаіла Прывалава. Аднак не ўпэўнены, што яго лісты даходзілі да адрасатаў, бо ніхто яму не называў рэгістрацыйнага нумара допісу, колькі ён ні прасіў. Ахоўнікі часам давалі зразумець «сядзельцу», што ён у начальства на асобым уліку. Здзіўляцца не выпадала, бо нават намеснік начальніка РАУС Цімошчанка ў свой прыход у ізалятар даводзіў Аляксандру: не ў санаторый патрапіў. Маўляў, з пратэстоўцамі наогул трэба жорстка абыходзіцца, каб больш не ўзнікала жадання хадзіць на маршы.

– Вы ж разбураеце сістэму, – дакараў міліцэйскі начальнік.

– Ага, канешне… Прыходзьце ўвечары шокерамі нас біць, у мядніцах з вадой тапіць. Трыццаць сёмы год не за гарамі, – не маўчаў Алмаеў.

«Жывёліна, якая павінна чырванець»

І ўсё ж 28 верасня бадзяжнага чалавека з імем Уладзімір у камеры не стала. Тым не менш Аляксандр напісаў скаргу начальніку міліцыі на дзеянні начальніка ізалятара маёра Лабанава. Напісаў і яму самому, прывёўшы напачатку вычытанае калісьці ў Марка Твена павучальнае выслоўе: «Чалавек – гэта адзіная жывёліна, якая чырванее ці пры пэўных абставінах павінна чырванець». Ад сябе дадаў «дзве пары пяшчотных слоў» з той прычыны, што начальнік выкарыстоўвае сваё службовае становішча, каб ускладніць адбыванне арышту. Прынамсі, так бачылася Аляксандру сітуацыя ў ізалятары.

Своеасаблівая водпаведзь прыляцела ўжо назаўтра. У камеру да Алмаева зноў пасялілі Уладзіміра – у тым жа адзенні з процьмай паразітаў. Аказалася, што яго выпускалі на волю, а на другія суткі зноў затрымалі і зноў прысуседзілі да Аляксандра. Яму даводзілася венікам змятаць вошы з падлогі, каб хоць неяк ратавацца ад іх нашэсця. У адчаі мужчына напісаў ліст раённаму пракурору Беларусаву: калі не спыняцца здзекі, то ён ускрые вены, а ў выпадку яго смерці адказнасць нясе начальнік ізалятара.

– Гэта было не жаданне як мага хутчэй развітацца з жыццём, а жаданне зафіксаваць і спыніць здзекі, якія я расцэньваю як катаванне. Калі па табе пачынаюць поўзаць вошы, гэта моцна ўздзейнічае на псіхіку, – зазначае Аляксандр. 

Кроў пырснула фантанчыкам

Быў чацвер 1 кастрычніка. Сукамерніка Валодзю павезлі на суд, і Алмаеў застаўся ў камеры адзін. Ён быў у шортах і шлёпанцах. Узяў глядзельную лупу, з дапамогай якой чытаў кніжкі, пакруціў яе за ручку ў самотным роздуме і… з размаху бразнуў аб металічную шконку. Выбраў пару большых аскепкаў тоўстага шкла і стаў раскладваць на ўмывальніку, нібы інструменты ў аперацыйнай. І хоць камера абсталявана відэаназіраннем, дзяжурка ніяк не адрэагавала на яго прыгатаванні.

Аляксандр няспешна скруціў з вільготных сурвэтак матузочкі, звязаў іх паміж сабою і абхапіў гэтым жгутом левую руку вышэй локця. Зубамі і пальцамі правай рукі зацягнуў жгут. Пахадзіў па камеры, сціскаючы раз-пораз пальцы ў кулак. На згібе рукі выразна акрэслілася вена.

Адгаварыць, наставіць на розум Аляксандра не было каму. Ен падышоў да ўмывальніка, выбраў зручнейшы з выкладзеных аскепкаў шкла і секануў ім па набрынялай вене. На згібе рукі запякло, пырснула фантанчыкам кроў. Яна сцякала і па руцэ, заліваючы падлогу.

Колькі часу прайшло, Аляксандр не памятае. Адчуў, што слабее, нібы засынае. Ён стукнуу нагой у дзверы – раз другі, адышоў і прытуліўся да шконкі.

Заскрыгаталі дзверы. Калідорны па рацыі гучна перадаў на пост: «Алмаеў ускрыўся». Так і сказаў: «ускрыўся».

Акрываўленага пратэстоўца ахоўнікі выцягнулі пад пахі на калідор і паклалі наўпрост на бетон. Ніхто не ведаў, як спыніць кроў. Адзін з ахоўнікаў стаў ціснуць пальцам на прыдалонне параненай рукі Алмаева.

– Было такое адчуванне, што ў руку ўваткнулі шыла. Я спрабаваў сказаць, але, мусіць, варушыў толькі губамі, бо ўпадаў у забыццё.

Выклікалі фельчарку, шукалі хоць які жгут. Знайшлі тканевы, пераціснулі ім руку і сталі чакаць хуткую дапамогу.

Медыкі хуткай зрабілі Аляксандру павязку і сталі высвятляць, у колькі ён ускрыўся і чым.

– Пішыце: у 15.20, шарыкавай ручкай, шарыкавай ручкай… – паўтаралі ахоўнікі.

Акрываўленага арыштанта адвезлі ў райбальніцу, дзе хірургі зацыравалі яму вену і праз дзве гадзіны вярнулі назад у ізалятар, але ў іншую камеру. А яшчэ праз колькі часу ў камеру падсялілі ўсё таго ж бадзяжніка Валодзю, былога спартсмена, які з лёгкай рукі міліцыі правёў агулам 15 гадоў у так званым лячэбна-працоўным прафілакторыі, ды так і не адбіўся ад «зялёнага змея». Уночы ён не мог спаць, перыядычна ўставаў, шкробся, выганяў з адзежы паразітаў.

– У Валодзі была зялёнка, відаць, у фельчаркі атрымаў. Я выламаў з веніка пруцік, наматаў на яго ватку і мазаў болькі на спіне небаракі. Так і дасядзеў з ім да канца арышту ў адной камеры, – кажа Алмаеў. 

«Сюрпрыз» да вызвалення і пасля яго

Перад вызваленнем Аляксандра чакаў «сюрпрыз». Яго завялі ў пакой следчага, дзе ўжо быў рэчыцкі суддзя Вадзім Бабыроў. Ён разгледзеў адміністрацыйны матэрыял, падрыхтаваны міліцыяй на падставе артыкула 23.5 – абраза службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Адгалёкнуліся «пяшчотныя словы» на адрас начальніка ізалятара маёра міліцыі Лабанава. У выніку штраф – 810 рублёў.

На волі Алмаеў звярнуўся да гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі па юрыдычную дапамогу, каб аспрэчыць пакаранне штрафам за абразу, а таксама падрыхтаваць заявы ў абласныя пракуратуру і міліцыю і Рэчыцкі аддзел Следчага камітэта пра здзекі і катаванні ў ізалятары часовага ўтрымання.

– У камеры мне ўдалося прыдушыць, сабраць у пакецік і вынесці на волю плойму паразітаў, якія сыпаліся з майго сакамерніка, каб наглядна паказаць следчым, які здзек чыніўся ў ізалятары. Аднак следчы «рэчавы доказ» да заявы не прыклаў, а толькі сфатаграфаваў яго, – дапаўняе Аляксандр.

Пакецік з засохлымі паразітамі Алмаеў не выкінуў, а павёз у Рэчыцкі раённы цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, каб спецыялісты афіцыйна вызначылі іх «пароду», то бок віды. Аднак нядаўняму «сядзельцу» ізалятара ў санітарнай установе заявілі, што не робяць такіх даследаванняў.

Аляксандр паехаў у Гомель, каб зрабіць «фэйс-кантроль» паразітам у абласным цэнтры гігіены. Там узялі «рэчдок» і параілі завітаць па вынік праз тры з паловай гадзіны. А калі Алмаеў вярнуўся, развялі рукамі: даследаваць не можам. І кропка. Вошы, выглядала, выйшлі на ўзровень дзяржаўнай праблемы.

Публікацыя – з № 84 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання