Сяргей ГРЫНЕВІЧ, адзін з топавых мастакоў Гродна: «Падчас рэвалюцыі мне не працуецца…»

55
Сяргей ГРЫНЕВІЧ, адзін з топавых мастакоў Гродна: «Падчас рэвалюцыі мне не працуецца...»

У Гродне адкрылася рэтраспектыўная выстава Сяргея Грыневіча. Ён – адзін з самых вядомых мясцовых мастакоў, карціны якога можна пабачыць у шмат якіх краінах свету.

Прадстаўлены блізу 80 твораў. Яны месцяцца ў 10 пакоях на трох паверхах толькі што адрэстаўрыраванага будынка ў Старым горадзе.

Спачатку была ідэя адкрыць выставу на смеццеперапрацоўчым заводзе, але яна не знайшла падтрымкі, хаця, як лічыць сам мастак, гэта магло быць вельмі канцэптуальна. Праблема ў тым, што ў Гродне цяжка знайсці памяшканне, дзе можна было б выставіць вялізныя творы Грыневіча. Паводле адукацыі Грыневіч манументаліст, некаторыя яго працы маюць памеры шэсць і больш метраў у шырыню.

У творчасці мастака гэта другая рэтраспектыва – першая адбылася ў Швейцарыі, дзе Грыневіч часта бывае і напісаў шмат карцін. У “8-м рэгіёне”, паводле яго слоў, прадстаўлены творы з розных праектаў розных часоў.

Што за 8-ы рэгіён?

Сам мастак кажа, што яго выстава – пра ўнутраную эміграцыю. Кожны імкнецца патрапіць туды, каб пазбегнуць кантактаў з сістэмай, бюракратыяй. Толькі вось, маўляў, як бы ты гэтага ні хацеў, сістэма сама да цябе прыходзіць.

“У нас у Беларусі, як вядома, ёсць 7 рэгіёнаў, ну а 8-ы – гэта і ёсць тая прастора ўнутранай эміграцыі, – тлумачыць мастак і, смеючыся, дадае: – Сёння гэта можа гучаць актуальна, як “Шчучыншчына”. Гэта тое месца, куды мы імкнёмся, але наша мара ўсё ж застаецца марнай”.

«Я працую пэндзлямі 12-га памеру»

Грыневіч заўважае, што выстава хоць і з’яўляецца рэтраспектыўнай, але далёка не ўсё змясцілася ў дзесяці залах – не хапіла месца. А таму, маўляў, давялося выбіраць урыўкі з некаторых праектаў, некаторыя асобныя тэмы так і не ўдалося выставіць.

Сяргей ГРЫНЕВІЧ, адзін з топавых мастакоў Гродна:  «Падчас рэвалюцыі мне не працуецца...»Дарэчы, тэматычна выстава вельмі разнастайная, кожная зала ўмоўна прысвечана асобнай тэме: у першай – біблейская тэматыка, далей партрэты, зала з творамі на тэму вайсковай сімволікі, ёсць “Ленінскі пакой”, Total glamur, “Пагоня”, “Дзень Незалежнасці” і г.д.

Журналісты цікавяцца, якая тэма найбольш блізкая аўтару. Ён на нейкі момант задумваецца і нарэшце прызнаецца, што не ведае адказу на гэта пытанне. Праўда, дадае, што любіць маляваць партрэты. Дарэчы, кажа, працуе шмат і хутка, нягледзячы на манументальнасць сваіх карцін.

“Я люблю назіраць за жыццём і людзьмі, – прызнаецца мастак. – А потым проста гэта адлюстроўваю. Прычым я працую пэндзлем 12-га памеру”.

У першай зале вялікая карціна “Тайная вячэра”. Біблейскі сюжэт у інтэрпрэтацыі Грыневіча заўважна адрозніваецца ад таго, што ў свой час стварыў Леанарда да Вінчы. Спадар Сяргей лічыць, што з лёгкай рукі класіка гэты біблейскі сюжэт увасабляўся вельмі і вельмі тэатральна, і гэта, маўляў, стварала пэўную штучнасць.

“Але, згодна з Бібліяй, рыбакі сабраліся ў шынку, бо не клявала рыба, сядзелі, размаўлялі, – мяркуе аўтар. – І я проста паставіўся да гэтай сітуацыі, каб максімальна пазбегнуць тэатральнасці і штучнасці”.

«Гумар і іронія ратуюць свет»

Прац, якія датаваны 2020 годам, вельмі мала. Мастак тлумачыць гэта тым, што з пачаткам пандэміі, а пазней і рэвалюцыі праца спынілася. Кажа: шмат каго з яго калег гэта натхніла на стварэнне новых воразаў, але не яго.

“Падчас рэвалюцыі мне наогул не працуецца, – кажа Грыневіч. – За апошнія тры месяцы я нічога не намаляваў. Я пастаянна тыкаю ў тэлефон і нічога не магу з гэтым зрабіць”.

Нехта звярнуў увагу на тое, што ў рэфлексіях аўтара на грамадскія падзеі ў нашай краіне прысутнічае доля іроніі і сарказму. Але, лічыць мастак, менавіта гумар і іронія заўсёды ратуюць свет.

“І ў нашай рэвалюцыйнай сітуацыі гэта адзінае, што падтрымлівае, – заўважае Грыневіч. – Гумар – гэта наогул лепшая зброя супраць дыктатуры. Гэта не я прыдумаў, але пагаджаюся цалкам”.

Падзея не толькі для Гродна, але і для Беларусі

Куратар выставы Ірына Варкулевіч кажа, што вельмі ўражана рэтраспектыўнай выставай Сяргея Грыневіча.

“Цяжка зразумець, як, маючы такога мастака сусветнага ўзроўню, Гродна не мае яго прыватнага музея, – з сумам заўважае мастацтвазнаўца. – Я ўяўляю, калі б ён быў ураджэнцам Амстэрдама ці Берліна…”

І, трохі памаўчаўшы, дадае, што ў Гродне наогул няма такіх пляцовак, дзе можна выстаўляць манументальныя творы.

Спадарына Ірына вельмі ўдзячна мецэнатам, якія дазволілі праводзіць у іх адрамантаваным памяшканні выставы, што робяцца падзеяй не толькі для Гродна, але і для ўсёй Беларусі.

Публікацыя – з № 84 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання