Маці Дар’і Домрачавай: «Дачка не была на інаўгурацыі…»

5305
Маці Дар’і Домрачавай: «Дачка не была на інаўгурацыі…»
Дар'я Домрачава

Ларыса Мініна распавяла “Народнай Волі”, што з 27 жніўня Дар’я знаходзіцца ў Кітаі.

Нагадаем, што не так даўно рэзанансная гісторыя адбылася з Мікітам Домрачавым – братам шматразовай алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне. Мікіту вельмі жорстка затрымалі ў Мінску сілавікі, калі ён ехаў на ровары да мамы. З аддзела міліцыі збітага хлопца даставілі ў бальніцу, толькі раніцай ён з’ехаў дадому, адмовіўшыся ад шпіталізацыі.

“Відавочна, якое маё стаўленне і стаўленне грамадства да ўсяго, што мы назіраем, – распавёў затым Мікіта Домрачаў “Трыбуне”. – Толькі немагчыма беларусам дагрукацца ні да кога – ні да ўлад, ні да сілавікоў. Людзям хочацца вярнуць усё ў чалавечае, законнае рэчышча, але пакуль не атрымліваецца гэта зрабіць. Ва ўсіх адна пазіцыя, і я не ведаю людзей, якія падтрымліваюць усё, што адбываецца. Усе людзі ў маім асяроддзі проста здзіўляюцца, чаму Беларусь перажывае такія падзеі.

Што датычыцца сястры, то яна сама пра ўсё даведалася з інтэрнэту, спрабавала звязацца са мной… І наконт якіх-небудзь каментарыяў – гэта асабістая справа кожнага, казаць ці не. Я таксама не магу абмяркоўваць рашэнне сястры. Не бяруся ні асуджаць яе, ні прасіць неяк каментаваць. У кожнага свае абставіны і свае рашэнні”.

Дар’я Домрачава ў рэшце рэшт падзялілася меркаваннем аб тым, што адбываецца ў краіне.

“Нешта робячы, прадпрымаючы нейкія крокі, важна разлічваць на вынік, – сказала алімпійская чэмпіёнка. – Я абсалютна дакладна разумею, што мой публічны гнеў не вырашыць грамадскіх праблем. Магчыма, гэта дапаможа самасцвердзіцца ў вачах іншых, атрымаць чыёсьці адабрэнне, магчыма, на душы стане лягчэй, але да мэты дакладна не прывядзе.

Мы ўсе бачым, што ў краіне праблемы, а каб спрыяць іх вырашэнню, бесcэнсоўна скалынаць паветра агрэсіўнымі словамі з аднаго боку і, абсалютна дакладна, бессэнсоўна з другога боку звальняць, арыштоўваць і дубасіць людзей на вуліцах… не важна, выпадкова апынуліся ў «гарачых» месцах або наўмысна, тваіх, чыіхсьці блізкіх ці не – усе аднолькавыя.

Пакуль відавочна, што ўсе падобныя дзеянні толькі яшчэ больш раз’юшваюць супрацьлегласці, пагаршаюць сітуацыю і распальваюць абстаноўку.

На дадзены момант я пакуль не бачу таго свайго кроку, здзейсніўшы які, змагу па-сапраўднаму дапамагчы вырашэнню праблем у краіне.

А вось з боку дзяржаўных органаў, каб урэгуляваць сітуацыю і вырашыць праблемы людзей, павінны знайсціся ідэі цікавейшыя, чым «завалілі/арыштавалі/звольнілі». Не ў першабытным жа веку жывём… Людзі хочуць быць пачутымі.

Трэба ўсім супакоіцца і ўсё абмеркаваць, магчыма, гэта наблізіць да запаветнай мэты – справядлівай, мірнай, спакойнай, прыгожай краіны. Ва ўсіх жа мэта такая?”

Пасля гэтага некаторыя балельшчыкі абураліся: маўляў, пасля збіцця брата вядомая спартсменка вельмі ўжо далікатна выказалася ў бок улады. Нагадаем, што пасля таго, як Дар’я заваявала на Алімпіядзе ў Сочы тры залатыя алімпійскія медалі, кіраўнік Беларусі ўзнагародзіў спартсменку званнем “Горой Беларусі”.

Некаторыя “са спасылкай на свае крыніцы” адзначалі нават, што Домрачава была і на тайнай інаўгурацыі Лукашэнкі, якая прайшла 23 верасня.

– Тыя каментарыі, што былі пасля ўсёй гэтай гісторыі, множыліся ў неверагоднай прагрэсіі, і многія з іх, прабачце, не лезуць ні ў якія вароты, – кажа Ларыса МІНІНА, маці алімпійскай чэмпіёнкі. – І гэта хваля не прайшла, яна раздзімаецца незразумелымі суб’ектамі ў абсалютна незразумелым накірунку.

Насамрэч у Дашы і Нікіты вельмі цёплыя адносіны, дачка вельмі перажывае з нагоды той сітуацыі, што склалася.

– Ці была ўсё-такі Дар’я на інаўгурацыі Аляксандр Лукашэнкі?

– Безумоўна, не была. Наколькі вядома, інаўгурацыя прайшла ў верасні, а Даша знаходзіцца ў Кітаі з 27 жніўня (Дар’я Домрачава працуе галоўным трэнерам жаночай зборнай Кітая па біятлоне.Аўт.). У жніўні яна наогул толькі некалькі дзён была ў Мінску.

– У Кітаі каранціну з-за пандэміі ўжо няма?

– Кітайцы паводле плана рыхтуюцца да этапаў Кубка свету, але ці адбудуцца гэтыя самыя этапы – вялікае пытанне. Таму ўсё непрадказальна…

Публікацыя – з № 84 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.


Няма запісаў для адлюстравання